Узнагароды і цёплыя словы лепшым, або Як прайшло свята апошняга званка на Бярэзіншчыне

У пятніцу ў фае пачатковай школы №1 было надзвычай ціха і не нешматлюдна. Тут сабраліся на ўрачыстую лінейку з нагоды завяршэння навучальнага года ўсяго толькі звыш дваццаці вучняў 3 і 4 класаў, якія паспяхова вучацца і сталі пераможцамі спартыўных і творчых конкурсаў, прадметных алімпіяд.

Кожнаму выдатніку Мікалай Дубовік падабраў цёплыя словы, уручыў граматы і грашовыя прэміі

Такіх вучняў у нашай школе значна больш, — удакладняе намеснік дырэктара пачатковай школы №1 Тамара Ефіменка, — 36 хлопчыкаў і дзяўчынак. Практычна ў кожным з 3 і 4 класаў ад 4 да 9 хлопчыкаў і дзяўчынак вучацца выключна на 8 і 9 балаў.

Ды не толькі стараннем да вучобы і ўзорнымі паводзінамі вылучаюцца вучні пачатковай школы. Так, сярод выдатнікаў асаблівыя спартыўныя здольнасці мае Уладзіслаў Булойчык. Гэты хлопчык валодае ўсімі якасцямі, каб стаць у будучыні футбольнай зоркай краіны. Ёсць у слаўным атрадзе выдатнікаў і творчыя асобы, якія сталі ўладальнікамі другіх і трэціх месцаў у конкурсе малюнкаў, наладжанага раённым аддзелам па надзвычайных сітуацыях “Выратавальнікі вачыма дзяцей”. Але больш за ўсё пачатковая школа №1 ганарыцца здольнасцямі і поспехамі сваіх вучняў на ніве вывучэння школьных дысцыплін. Няма роўных сёлета выпускніку 4 “Б” класа Ціхану Інякіну. Гэты хлапчук не толькі зрабіў дзясяткі і дзявяткі ў сваім дзённіку звычайнай з’явай, але і ўразіў бліскучай эрудыцыяй у ходзе алімпіяд па рускай мове і матэматыцы.

Вось ён, гонар пачатковай школы №1 — Ціхан Інякін. Хлапчук збіраецца працягнуць навучанне ў Бярэзінскай гімназіі

— Такіх разумных і эрудзіраваных, рознабакова адораных і сціплых вучняў я ў сваёй багатай педагагічнай практыцы сустракаю ўпершыню, — зазначыў на цырымоніі ў час апошняй школьнай лінейкі дырэктар школы Мікалай Дубовік. – Перакананы, што Ціхан ніколі не забудзе ўрокі свайго першага педагога Святланы Цвілік і яшчэ гучна заявіць аб сабе ў сценах Бярэзінскай гімназіі.

Выдатнікі пачатковай школы №1

Не шкадаваў добрых слоў кіраўнік навучальнай установы і ў адрас іншых выдатнікаў. Ім ён уручыў не толькі граматы за выдатную вучобу і ўзорныя паводзіны, але і грашовыя прэміі з фонду школы.

— Мы сёння развітваемся з вамі, звяртаўся Мікалай Мікалаевіч да вучняў чацвёртых класаў, — але не перастанем сачыць за вашымі поспехамі. Няхай азы школьных навук вядуць вас да новых вяршынь і поспехаў. Добра адпачніце гэтым летам, каб увосень адправіцца ў больш сур’ёзнае і важнае падарожжа ў Краіну ведаў. Цярпення вам, уседлівасці і цікавасці да ведаў. З новымі сіламі ў добры шлях!

 

Мілана ТРАПЯНОК.

 Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *