Вадзім Буйніцкі: “Захоўвайце сацыяльнае дыстанцыраванне!”

Каранавірус унёс змены ў наша жыццё. Ужо нікога не здзіўляюць людзі ў масках, лініі дыстанцыі, антысептыкі… Змянілася работа і многіх устаноў, арганізацый і прадпрыемстваў раёна. Як зараз працуе раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі? Аб гэтым мы пагутарылі з галоўным урачом РЦГЭ Вадзімам Буйніцкім.


— Вадзім Сяргеевіч, раскажыце, як змянілася работа раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі ў сувязі з пандэміяй?
— Ужо вось больш за 2 месяцы супрацоўнікі аддзела эпідэміялогіі працуюць ва ўзмоцненым рэжыме. Наш працоўны дзень пачынаецца ў 8 гадзін раніцы, а калі скончыцца, адразу дакладна і не ведаем. Працуем і ў выхадныя, і ў святочныя дні. Адзін з накірункаў нашай дзейнасці зараз – правядзенне эпідэміялагічнага расследавання. Гэта значыць, мы складаем спіс кантактаў першага і другога ўзроўняў пацыента, у якога дыягнаставана каранавірусная інфекцыя, а таксама людзей, якія прыехалі з-за мяжы (іх перадае пагранкамітэт, наша абласная ўстанова) і знаходзяцца на самаізаляцыі. Вядома ж, гэтыя дадзеныя пастаянна змяняюцца. Мы іх кожны дзень, з раніцы, акумуліруем, удакладняем і перадаём супрацоўнікам РАУС, ЦРБ. На базе райбальніцы створаны мабільныя брыгады, якія ў спецыяльных касцюмах наведваюць кантакты першага ўзроўню, праводзяць іх абследаванне, уручаюць патрабаванні аб неабходнасці знаходжання ў самаізаляцыі.
— А як правяраеце, ці захоўвае чалавек патрабаванні самаізаляцыі?
— Пастановай Савета Міністраў ад 8 красавіка № 208 “Аб увядзенні абмежавальных мерапрыемстваў” устаноўлены патрабаванні да самаізаляцыі і кантролю за яе выкананнем.
Штодня ўрач-інтэрн аддзела гігіены і эпідэміялогіі Вольга Жукоўская сумесна з супрацоўнікамі міліцыі правяраюць, ці не парушаюць кантакты і прыбыўшыя з-за мяжы патрабаванні самаізаляцыі. Парушальнікам пагражае адміністрацыйная і крымінальная адказнасць. Сума штрафаў ад 30 да 50 базавых велічынь.
— Да прыкладу, чалавек знаходзіцца на самаізаляцыі: ён не можа ўвогуле выходзіць з дому?
— Згодна з пастановай Міністэрства аховы здароўя чалавек, які знаходзіцца на самаізаляцыі, не можа пакідаць месца пражывання (знаходжання), у тым ліку наведваць месцы працы (вучобы), аб’екты гандлю і грамадскага харчавання, спартыўныя, выставачныя і канцэртныя залы, кінатэатры, вакзалы і іншыя месцы масавага знаходжання людзей. За вы-ключэннем наступных выпадкаў — крайняя неабходнасць: наведванне бліжэйшага прадуктовага магазіна або аптэкі для набыцця неабходных тавараў. Вядома ж, усё гэта трэба рабіць у сродках індывідуальнай аховы, не дапускаць кантактаў з іншымі людзьмі. Калі вы наведваеце магазін, аптэку, абавязкова захоўвайце касавы чэк, каб пацвердзіць, дзе вы знаходзіліся. Таксама паведамляйце наймальніку аб прычыне адсутнасці на працы ў першы дзень самаізаляцыі, альбо калі з вамі звяжуцца супрацоўнікі РЦГЭ.
— Уявім сітуацыю: у чалавека дыягнаставалі каранавірус, ён праходзіць лячэнне. Вядома ж, да гэтага хадзіў на працу, вёў сумесную гаспадарку з дамачадцамі. А як вядома, каранавірус можа працяглы час знаходзіцца на паверхнях, да прыкладу, на стале, крэсле, адзенні… Вашы дзеянні?
— У нас існуе дэзынфекцыйна-эпідэміялагічная брыгада. Супрацоўнікі ў супрацьчумных касцюмах праводзяць апрацоўку дэзынфіцыруючымі сродкамі кватэры і працоўнага месца хворага. Асабістыя рэчы, пасцельную бялізну мы прывозім у цэнтр гігіены, апрацоўваем у дэзынфіцыруючай камеры. Рыхтуем і прадпісанні кіраўніку арганізацыі па правядзенні санітарна-супрацьэпідэміялагічных мерапрыемстваў. Тлумачым, што неабходна зрабіць, каб супрацьстаяць распаўсюджванню каранавіруснай інфекцыі сярод працоўнага калектыву.
— Заўважаю, што супрацоўнікі цэнтра таксама правяраюць, ці захоўваюцца на прадпрыемствах, ва ўстановах, арганізацыях раёна прафілактычныя меры супраць распаўсюджвання каранавіруснай інфекцыі.
— Так, супрацоўнікі аддзела гігіены штодня кантралююць захаванне прафілактычных рэкамендацый на аб’ектах гандлю, грамадскага харчавання, бытавога абслугоўвання, ва ўстановах адукацыі, аховы здароўя. Мы звяртаем увагу, ці ёсць у работнікаў сродкі індывідуальнай аховы, антысептыкі, як апрацоўваюцца памяшканні, ці ёсць лініі дыстанцыі ў аб’ектах гандлю, ці захоўваюцца нормы сацыяльнага дыстанцыравання. Калі ёсць парушэнні, выпісваем наймальніку прадпісанне, каб у мінімальныя тэрміны ліквідаваў парушэнні. Усё гэта робіцца дзеля здароўя і саміх работнікаў, і людзей, з якімі яны кантактуюць.
— Часта ў пакупнікоў узнікае пытанне: ці абавязаны прадаўцы насіць сродкі індывідуальнай аховы?
— Ёсць пастанова Міністэрства аховы здароўя — санітарныя нормы і правілы «Патрабаванні да арганізацыі і правядзення санітарна-супрацьэпідэмічных мерапрыемстваў, накіраваных на прадухіленне заносу, узнікнення і распаўсюджвання грыпу і інфекцыі COVID-19». Згодна з гэтым дакументам наймальнік у перыяд эпідэмічнага ўздыму захворвання каранавіруснай інфекцыяй на аб’ектах гандлю і грамадскага харчавання павінен рэгулярна праводзіць вільготную ўборку санітарных і бытавых памяшканняў з дэзсродкамі, а таксама забяспечваць супрацоўнікаў, якія абслугоўваюць людзей, сродкамі індывідуальнай аховы органаў дыхання. Таму ўсе прадаўцы, незалежна ад спецыялізацыі аб’екта (прадуктовы магазін, будаўнічых матэрыялаў, адзення, тэхнікі), павінны насіць сродкі аховы органаў дыхання. І не ў кішэні, не ў сумачцы… Бо іншы раз пытаемся, дзе ваша маска? Дастаюць яе з кішэні, вось! Смешна і сумна. Людзі забываюцца, што яны могуць быць пераносчыкамі інфекцыі і заразіць сваіх блізкіх, родных, калег. Многія сцвярджаюць, маўляў, што маска, павязка, рэспіратар не абараняюць ад вірусаў. Гэта памылкова. Да прыкладу, вы ў масцы, у вас свая ступень аховы, чалавек, з якім вы гутарыце, таксама ў масцы (у яго свой працэнт аховы). І гэтым вы зводзіце да мінімуму магчымасць заразіць адзін аднаго, перадаць інфекцыю, калі захворванне праходзіць бессімптомна.
— Каму яшчэ неабходна абавязкова выкарыстоўваць сродкі індывідуальнай аховы?
— Вядома ж, усім медыцынскім работнікам. А таксама тым, хто непасрэдна кантактуе з людзьмі: ва ўстановах адукацыі, банках, на пошце, у транспарце, салонах прыгажосці… Наймальнік павінен забяспечыць работнікаў сродкамі аховы і кантраляваць, ці добрасумленна яны выкарыстоўваюцца.
— На Ваш погляд, якія меры з’яўляюцца найбольш эфектыўнымі ў прафілактыцы каранавіруснай інфекцыі?
— На жаль, ніхто не застрахаваны. Таму неабходна выконваць усе прафілактычныя рэкамендацыі. У першую чаргу, сацыяльнае дыстанцыраванне: блізка адзін да аднаго не падыходзіць (не ігнараваць у магазінах лініі дыстанцыі), не наведваць месцы масавага знаходжання людзей, па меры магчымасцей, заставацца дома. З пажылымі роднымі гутарыць лепш па тэлефоне, а не наведваць іх. Бясспрэчна, насіць у месцах масавага знаходжання людзей (гандлёвы аб’ект, банк, пошта, бальніца) маскі, апрацоўваць рукі антысептычнымі сродкамі, весці здаровы лад жыцця. І вядома ж, не быць абыякавымі да свайго здароўя і да здароўя блізкіх, родных, знаёмых, калег.

Юлія БУКЕЛЬ.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *