Чым запомнілася нашаму карэспандэнту вандроўка ў незнаёмае Беразіно?

Ні для каго не адкрыццё, што многія населеныя пункты, у тым ліку і гарады, маюць тапанімічных двайнікоў. Нават на тэрыторыі нашага раёна ёсць такія – Высокая Гара, Восава, Бярозаўка… Не з’яўляецца выключэннем і назва Беразіно. Так, у інтэрнэце можна знайсці ні адно Беразіно: у Цюменскай і Смаленскай абласцях Расійскай Федэрацыі, у Казахстане, на Украіне…

Успрымаецца непрывычна, ці не так?

Ніна Пашкевіч і Алёна Кандрацёнак

Асабіста мяне даўно цікавіла, як выглядаюць цёзкі нашага горада, наколькі цікавая іх гісторыя, як і чым жывуць у іх людзі сёння. І таму нядаўна адправіўся ў вандроўку ў

НЕЗНАЁМАЕ БЕРАЗІНО,

якое размешчана менш як за 150 кіламетраў ад нас – у Докшыцкім раёне Віцебскай вобласці. Давайце разам павандруем па гэтых мясцінах.

Тут пачынаецца незнаёмае пакуль Беразіно

 

       

Пабудаваная талакой царква – не толькі святое месца, але і ўпрыгожванне вёскі

Докшыцкае Беразіно з’яўляецца вёскай і размешчана сярод лясоў за 30 кіламетраў ад райцэнтра. Узнікла не пазней за XIV стагоддзе ў Хорацкай воласці Вялікага Княства Літоўскага. Упершыню ўзгадваецца як сяло ў даравальнай грамаце віленскага князя ВКЛ Вітаўта, выдадзенай 13 студзеня 1407 года. У пісьмовых крыніцах называецца як Бярэзань або Верхняе Беразіно (у адрозненні ад нашага – Ніжняга). З канца ХVI і да канца ХІХ стагоддзяў было мястэчкам, дзе існавалі драўляны касцёл і манастыр бернардзінцаў (не захаваліся). У 1897 годзе тут у 124 дварах пражывала 785 чалавек, мелася 3 лаўкі, 2 царквы, народнае вучылішча, 2 хлебанарыхтоўчыя магазіны, карчма, валасное праўленне, праводзілася 3 кірмашы ў год.

Пасля ўстанаўлення савецкай улады Беразіно становіцца прыгранічным: за 25 кіламетраў ад яго, па тэрыторыі цяперашняга Докшыцкага раёна, праходзіла мяжа з Польшчай. Байцоў пагранатрада наведвалі з інспекцыйнымі праверкамі К. Варашылаў і С. Будзённы. Вайскоўцы ўносілі свой каларыт у мясцовае жыццё. Пад духавы аркестр ладзіліся танцы, часта праходзілі конныя скачкі. З 1924 Беразіно становіцца цэнтрам сельсавета, які захаваўся да гэтага часу, тут працавалі калгас “Чырвонае Беразіно”, паравы млын, лесапільня, валюш (сукнавалка), смалакурня і кузня. Напярэдадні вайны ў вёсцы пражывалі 693 чалавекі.

Падчас фашысцкай акупацыі ў гэтых месцах разгарнулася шарокая партызанская барацьба з ворагам. Адным з яе актыўных удзельнікаў з’яўляўся мясцовы жыхар Сцяпан Манковіч – камісар славутай брыгады “Жалязняк”, якая трымала пад сваім кантролем тэрыторыю тагачасных Бягомльскага і Лагойскага раёнаў. За свае подзвігі С. Манковіч быў удастоены звання Героя Савецкага Саюза (стэла ў гонар земляка ўстаноўлена каля будынка мясцовай школы). А колькі жыхароў вёскі са зброяй у руках адстойвалі незалежнасць сваёй Радзімы на фронце і ў партызанскіх атрадах. У іх ліку вадзіцель машыны, якая дастаўляла прадукты харчавання па “дарозе жыцця” ў блакадны Ленінград, Васіль Казлёнак, танкіст, удзельнік першага парада перамогі ў Маскве Уладзімір Кургей, адважная медсястра брыгады “Жалязняк” Валянціна Мальчык і многія іншыя. Не абыходзілася і без ахвяр. Аднымі з першых імі сталі святар і яго памочнік, якія збіралі адзенне для мясцовых жыхароў, за што і паплаціліся сваімі жыццямі. Нямала мірных людзей загінула і ў час правядзення карных аперацый, у ходзе адной з якіх фашысты спалілі 170 дамоў вяскоўцаў.

Краязнаўчы куток у мясцовым клубе-бібліятэцы

Памяць пра страшныя гады ліхалецця бярэзінцы свята захоўваюць і перадаюць наступным пакаленням. Напамінам пра вайну навечна застылі два манументы з выбітымі прозвішчамі мясцовых жыхароў, якія не прыйшлі дамоў з фронту, і воінам-вызваліцелям. Багаты матэрыял пра тыя падзеі ў свой час назбіралі юныя следапыты мясцовай школы пад кіраўніцтвам былога яе дырэктара Уладзіміра Габрусева і яго намесніка Віктара Скарахода для краязнаўчага музея, пад які была выдзелена нават асобная будыніна. Тут заўсёды шырока і ўсхвалявана адзначаюць Дзень Перамогі і Дзень Незалежнасці. Нямала народу, напрыклад, сабрала 100-годдзе легендарнага камісара брыгады, на якое прыехалі дзеці Сцяпана Манковіча.

Юны бярэзінец

Адна з вуліц в. Беразіно

На жаль, паглядзець экспанаты музея мне не ўдалося: яго закрылі пасля лікідацыі ў вёсцы школы два гады назад. Асобныя матэрыялы захоўвае былая настаўніца Ніна Пашкевіч. Частка іх перакачавала ў Гліннае, куды ездзяць мясцовыя дзеці на заняткі. Невялікі краязнаўчы куток таксама аформлены ў бярэзінскім клубе-бібліятэцы, дзе працуюць муж і жонка Мікалай і Валянціна Кургеі. Тут жа размешчаны стэнд “Памяць вечна жывая” пра землякоў — удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны.

Цалкам рэпартаж з незвычайнага пажарожжа чытайце ў адным з бліжэйшых нумароў раёнкі.

Фота Анатоля ПАЛЫНСКАГА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *