“Вартавы” вёскі Крынкі

Малыя вёскі нашай малой радзімы… Якія яны, чым жывуць, хто насяляе іх, якую гісторыю яны маюць? Як часта мы, большасць з якіх выхадцы менавіта з сельскай мясцовасці, задумваемся пра лёс такіх неперспектыўных населеных пунктаў і што робім для таго, каб жыццё ў іх не абарвалася і доўжылася з пакалення ў пакаленне?

Уладзімір Копка

Нямала такіх вёсачак на Бярэзіншчыне. Адна з іх носіць прыгожую назву Крынкі і размяшчаецца непадалёк ад Мікуліч – цэнтра ААТ “Першамайскі”. Ні ўрбанізацыя, ні ўзбуйненне населеных пунктаў не закранула гэтую вёску, яна засталася такой жа ціхай, утульнай, з адной невялічкай вулачкай, на якой размясцілася 11 сядзіб. Гісторыя Крынак не вельмі багатая на падзеі і складае не больш за сто гадоў. Пра яе расказвае мясцовы старажыл, амаль аднагодак вёскі, 93-гадовы Уладзімір Копка.
— Мой бацька Андрэй Парфенавіч родам з Трасцянкі. У 1922 годзе ён ажаніўся і пайшоў на “ўласны хлеб”. Каб здабыць дабрабыт, неабходны быў добры зямельны надзел. А на той час, ужо пры савецкай уладзе, усім жадаючым бясплатна сталі выдаваць зямлю. Так тата аказаўся ў гэтых краях. На той час на месцы цяперашніх Крынак было толькі дзве сядзібы, у якіх жылі Лук’яновіч і Пракаповіч, вёскі, як такой, і не было. Памятаю, што за вясковым калодзежам было шмат пнёў ад спілаваных дрэў, якія выкарчоўвалі, і на распрацаваных землях будавалі дамы, акультурвалі прысядзібныя ўчасткі. Разам з бацькам на новае месца пераехалі яго землякі Лобач і Раманоўскі. Паступова вёска пачала прырастаць за кошт вяскоўцаў з Мікуліч ды Паплаў. Да вайны тут налічвалася 14 хацін (тры згарэлі, але ўжо значна пазней). Меркавалася, што з цягам часу Крынкі разрастуцца і аб’яднаюцца з Мікулічамі, але гэтага так і не адбылося.
У 30-ыя гады мінулага стагоддзя на вёску прыйшла калектывізацыя. На базе Крынак быў створаны калгас “Чырвоны прамень”, у склад якога ўвайшлі бліжэйшыя вёскі: Крынкі, Забор’е, Круглае, Красны Сад і Лучкі. Узначальваць гаспадарку даручылі бацьку Уладзіміра Копкі, які меў чатыры класы адукацыі. Пясчаныя землі не давалі магчымасці атрымаць багаты ўраджай, таму і прыходзілася на працадзень толькі па 200 грамаў збожжа. А вось бульбы заўсёды было шмат, у якасці натураплаты яе прывозілі вазамі. Гаспадарка трымала коней і валоў, на якіх апрацоўвалі зямлю,  гадавала свіней, мелася тут і свая ваўначоска. Першы гусенічны трактар, які пабачылі сяляне, абслугоўваў аж пяць калгасаў. Вялікай радасцю стала з’яўленне ў гаспадарцы аўтамабіля-“паўтарачкі”.
Жыццё наладжвалася, сям’я пераехала ў новы дом, стала расці, на свет з’явіліся пяцёра дзетак, сярод якіх і Уладзімір Андрэевіч, які нарадзіўся ў 1927 годзе. Калі пачалася вайна, юнаку было толькі 14 і прызыву ён не падлягаў. Акупанты нячаста наведвалі гэтую затоеную ў лясах вёску, а вось партызаны былі частымі гасцямі ў доме былога старшыні калгаса. Наведваліся сюды камандзіры атрадаў Дзяруга і Ціхаміраў, падоўгу нешта абмяркоўвалі з бацькам, а Валодзю адпраўлялі на гарышча з біноклем, каб той сачыў за дарогай і падаў знак у выпадку з’яўлення ворага.
І вось прайшлі цяжкія тры гады акупацыі. Пасля вызвалення раёна У. Копку ў снежні 1944 года прызываюць у армію і ён трапляе ў 39-ы вучэбны стралковы полк. На фронт юнак і большасць яго 17-гадовых равеснікаў так і не трапілі. Службу ва Узброеных Сілах Уладзімір Андрэевіч закончыў аж у
1951-м годзе ў званні малодшага сяржанта, камандзіра аддзялення радыётэлеграфістаў. Думаў падацца служыць звыштэрмінова на флот, але ўсё ж перамагла цяга да мірнай працы. Уладкаваўся спачатку на Мінскі трактарны завод, а наступныя 36 гадоў шчыраваў у калектыве велазавода, адкуль і выйшаў на пенсію першакласным наладчыкам. Там жа, у сталіцы, сустрэў сваю суджаную, якая аказалася родам… з суседніх Лагоў. Больш за шэсць дзясяткаў гадоў пражылі душа ў душу, выгадаваўшы дваіх дзетак (дачушка, на жаль, рана пайшла з жыцця).
Ужо будучы пенсіянерам, У. Копка вярнуўся ў родную вёску, у бацькоўскі дом, які аж 14 гадоў пуставаў. Перабраў хаціну, зрабіў капітальны рамонт, таму сёння і не скажаш, што будынак яшчэ даваенны. Вялі гаспадарку – трымалі карову і свіней, меўся ў гаспадара і мядок з уласнай пасекі. На двары з’явіўся калодзеж аж на 10 кольцаў, які муж і жонка выкапалі ўдваіх. Сёння ветэран жыве больш мерным жыццём: гады не праходзяць бясследна. Але па-ранейшаму ён жвавы і рухавы аптыміст, які рэдка калі сядзіць без справы. То курэй патрэбна дагледзець, то на агародзе прыбрацца (зімовы часнок днямі пасадзіў), то абабраць яблыкі ці вінаград. У хаце чысценька, цёпла і ўтульна. Часта да бацькі прыязджае сын-мінчанін, які,
нягледзячы на свой пенсійны ўзрост, працягвае працаваць на трактарным заводзе.
Хто ж сёння, акрамя Уладзіміра Копкі, пражывае ў Крынках? Улетку тут шмат дачнікаў. Але чужынцаў тут няма: кожнае домаўладанне займаюць нашчадкі былых старажылаў – дзеці, пляменнікі, унукі. Вёска ажывае і поўніцца галасамі працавітых людзей. Але з наступленнем восені іх колькасць паступова змяншаецца. Гэтымі днямі мы сустрэлі тут толькі чатырох чалавек. У іх ліку і Дзмітрый Ціткоў. Ён расіянін, але ўжо шмат гадоў жыве ў Беларусі. Працаваў начальнікам аддзела электронікі вылічальнага цэнтра на чыгунцы.

Дзмітрый Ціткоў

— Як апынуўся тут? – усміхаецца Д. Ціткоў. – Гэта малая радзіма маёй жонкі Ганны Іванаўны. Родам яна з вялікай сям’і, бацька загінуў у час вайны. Так сталася, што дом апошні час стаяў пусты. Шкада яго было, вось і прыязджаем, падтрымліваем бацькоўскую сядзібу, працуем на зямлі. Добра тут, ціха, гэта вам не мітуслівы Мінск. Ды і ад каранавіруса далей.
У нашым-то ўзросце падчапіць яго не дай Бог, цяжка будзе выкарабкацца! Тым не менш, на зіму вернемся ў кватэру.

Мікалай Давыдоўскі

Мікалай Давыдоўскі пазнаёміўся з Крынкамі ў 1979 годзе, калі ажаніўся на мясцовай прыгажуні Іне Баброўскай. На падворку гаспадарыць адзін. Ды як гаспадарыць: гадуе двух парсюкоў і чародку курэй. Як тлумачыць мужчына, вёска яго прыцягвае сваёй прасторай, магчымасцю заняцца канкрэтнай справай, якой той ніколі не цураўся. Калінікалі прыязджаюць сюды і дзеці з унукамі, для малых гаспадар спецыяльна ўстанавіў турнік. Падгадаваўшы гаспадарку, вернецца ў сталічную кватэру і М. Давыдоўскі, каб налета зноў завітаць у вёску. Апошнія дачныя дні бавіць час у Крынках і Уладзімір Маковіч. Сёлета, пасля заканчэння тэрміну кантракта, у свае 66, ён нарэшце стаў паўнапраўным пенсіянерам і ўсё лета рупіўся на прысядзібным участку. Раздолле і фізічная праца на зямлі даспадобы мужчыну.

Маковіч

Сам, лічы, мясцовы, з Забор’я, а хата, дзядзькава, вось ужо 18 гадоў, як стала пастаянным месцам для летняга “працоўнага дэсанта”. Зімаваць тут? Не, не плануе. Трэба ж на сезон дроў нарыхтаваць, ёсць і іншыя складанасці, ды і што тут у міжсезонне рабіць?
Так, не сёння-заўтра поўнасцю заціхнуць Крынкі ў чаканні наступнай вясны. І толькі Уладзімір Копка адзін застаецца ў вёсцы пастаянным жыхаром.
Зразумела, можа і ён перабрацца да сына. Але ветэрану больш даспадобы родныя прасторы і ўтульнасць бацькоўскай хаты. Ды і хто ж тады будзе “вартаваць” вёску, назіраць за парадкам у ёй?!
— Пакуль я пры сіле і сам сябе абслугоўваю, буду пастаянна жыць у Крынках, — заяўляе У. Копка. – Пастаянна пражываючых нас толькі двое: я і яшчэ адна жанчына, але яе пасля пералому забралі да сябе дзеці гады два назад. Не лічу, што будзе цяжка зімаваць аднаму. Сюды кожны панядзелак і чацвер прыязджае аўталаўка, у гэтыя ж дні да мяне наведваецца сацыяльны работнік. Нядаўна вунь і дровамі запасся. Гэта да мяне заязджаў старшыня раённага савета ветэранаў М. Абазовік, дык я яму сказаў наконт праблемы з палівам. Ён звярнуўся да дырэктара лясгаса С. Чэмкі, і той, дзякуй яму вялікі, усяго на працягу сутак задаволіў маю патрэбу. Прыемна жыць, калі цябе акружаюць добрыя і спагадлівыя людзі.
Доўгіх гадоў жыцця вам, Уладзімір Андрэевіч, і абавязкова знайсці годнага пераемніка, які б прыняў вашу “варту”. Не павінна вёска знікнуць. Толькі ж хто стане прадаўжальнікам яе гісторыі, якой будзе яна? Хацелася б, каб жыццесцвярджальнай і аптымістычнай.

Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *