VІ Усебеларускі народны сход. Думкамі дзеляцца бярэзінцы

Старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Алена ТОКАН:

— На форуме ўжо ў першы дзень быў ахоплены шырокі спектр пытанняў: эканоміка, сельская гаспадарка, маладзёжная палітыка, ахова здароўя, адукацыя і іншыя. Эмацыянальным было і выступленне Прэзідэнта краіны. Ды і дэвіз сходу цудоўны: “Адзінства. Развіццё. Незалежнасць”. Гэтыя тэмы і былі асноўнымі ў дакладзе Прэзідэнта.

Пагадзіцеся, сапраўды, наша краіна за апошнія гады дасягнула многага. І зараз галоўнае — захаваць гэта. Асабліва запомніліся словы Аляксандра Рыгоравіча, што мы ўсе, беларусы, павінны быць адзінымі. Тады ў цэлым у краіне будзе мір і стабільнасць. А што можа быць даражэй за гэта?

Мне здаецца, лейтматыў усіх выступленняў – будучыня краіны толькі ў нашых руках. І гэта, сапраўды, так: толькі ад нас саміх залежыць, як мы будзем жыць у далейшым.

Мяне як прафсаюзнага дзеяча асабліва кранулі вельмі важныя словы Прэзідэнта: “Якія б мы ні ставілі мэты, галоўным арыенцірам застаюцца людзі”. Так, сёння ў нас сацыяльна-арыентаваная краіна, і радуе, што такой яна будзе і ў далейшым.

Вераніка САЎКО, шматдзетная матуля:

— Я глядзела відэа сходу ў інтэрнэце. Бачна, на якім высокім узроўні наладжана работа форуму. І тэмы, якія абмяркоўваліся, актуальныя, упэўнена, хвалююць кожнага з нас. Вядома ж, мяне як шматдзетную матулю радуе, што дзяржава падтрымлівае маладыя, шматдзетныя сем’і. Парадавала, што Прэзідэнт прапанаваў рэалізацыю праграмы “Шматдзетная Беларусь” з сур’ёзнымі інавацыямі. Парадавала, што мацярынскую працу цэняць на такім высокім узроўні. Прэзідэнт заўважыў, што маці з двума дзецьмі — не хатняя гаспадыня, што праца матуль павінна ацэньвацца гэтак жа, як і іншая. Асабліва парадавалі словы, што матуля, у якой чацвёра дзетак, мае права на працоўную пенсію, нават калі ў яе няма працоўнага стажу.

У мяне трое дзетак. І я імкнуся рабіць усё дзеля іх дабрабыту. Бо, пагадзіцеся, самае каштоўнае багацце для матулі – шчаслівыя дзеткі. Я ўпэўнена, што і далей у нашай краіне ў прыярытэце будзе моцная сям’я.

Крысціна КРУК, галоўны ўрач Бярэзінскай ЦРБ:

— Як заўсёды, сумленна і адкрыта Прэзідэнт выказаў сваю пазіцыю па актуальных пытаннях, якія датычацца кожнага з нас. Нічога не замоўчваючы, з канкрэтнымі прыкладамі, лічбамі, грунтоўнымі прапановамі.

Вядома ж, мне прыемна, што Аляксандр Лукашэнка падзякаваў за працу ўсім медыцынскім работнікам, якія ўдзельнічаюць у барацьбе з каранавіруснай інфекцыяй. І нават аб’явіў мінулы год – годам мужнасці беларускіх медыкаў. Сапраўды, мінулы год для нас, медыкаў, быў няпросты: мы сутыкнуліся з новай хваробай. Але справіліся, дзякуючы згуртаванай рабоце каманды прафесіяналаў.

Так, як адзначыў Прэзідэнт, у нас якасная сістэма аховы здароўя, якая развіваецца з году ў год. Гэта добра бачна і на прыкладзе нашай райбальніцы: перайшлі на “электронны рэцэпт”, талон да ўрача можна заказаць анлайн, закупляем сучаснае абсталяванне, праводзім рамонты райбальніцы, ФАПаў…

Прэзідэнт прапанаваў і праект новай праграмы “Здаровая нацыя”. Значыць, і надалей будзе развівацца наша галіна. Гэта праграма дазволіць медыцыне стаць больш мабільнай і даступнай нават у рэгіёнах. Мы і зараз ідзём у гэтым накірунку. Як вы ведаеце, працуе перасоўны медыцынскі комплекс, які абслугоўвае вяскоўцаў. Гэта сапраўдная “бальніца на колах”, дзе аказваецца цэлы спектр медыцынскіх паслуг, нават, як кажуць, з дастаўкай да дому.

Так, мы робім усё магчымае, каб прывучыць людзей клапаціцца аб сваім здароўі. Але пагаджуся з кіраўніком дзяржавы: не толькі медыкі, але, у першую чаргу, самі людзі, павінны думаць пра сваё здароўе. Тады і вынік будзе бачны.

Яўгенія ТРАПЯНОК, выкладчыца нямецкай мовы Бярэзінскай гімназіі:

— Падчас вялікага народнага дыялогу агучаны дзясяткі прапаноў, якія трэба рэалізаваць не толькі дэлегатам форуму, але і кожнаму з нас.

Усе рашэнні адлюстраваны ў рэзалюцыі. Камфорт жыцця і бяспека грамадзян застаюцца нашымі брэндамі.

Мяне ж як педагога прыемна парадавала абмеркаванне вялікага блоку сацыяльных пытанняў. Напрыклад, у галіне адукацыі захаваецца мэтавы набор у ВНУ. Аднак без перамен у наш час не абыходзіцца. Спецыялісты яшчэ абмяркуюць, як аб’яднаць цэнтралізаванае тэсціраванне з субяседаваннем, выпускным экзаменам, даць зялёнае святло найноўшым тэхналогіям у справе выхавання і навучання. Плануецца таксама актыўна будаваць арэнднае жыллё, наладзіць вытворчасць уласнай вакцыны, паляпшаць дабрабыт беларусаў і, зразумела, выхоўваць сапраўднага патрыёта сваёй краіны. Дапамогай настаўнікам і выхавальнікам у гэтай справе стануць разумная крытыка, альтэрнатыўныя погляды, адкрытасць і наша вялікае педагагічнае прызванне.

Анатоль ЗЯБКО, старшыня раённага савета ветэранаў, дэлегат сходу:

— Падчас сваіх выступленняў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь, дэлегаты і госці ўздымалі сур’ёзныя пытанні, якія датычацца сацыяльна-эканамічнага развіцця нашай краіны і грамадска-палітычнай сітуацыі, што склалася.

Што да пытанняў грамадска-палітычнай сітуацыі, то тут самая галоўная задача, якая была пастаўлена, — забяспечыць адзінства нашай краіны. У гэтым накірунку і трэба актывізаваць работу. Прадстаўнікам апазіцыі неабходна працаваць у канструктыўным, а не разбуральным рэчышчы. Каб усё рабілася толькі на карысць нашай дзяржавы, на ўмацаванне яе эканамічнай і сацыяльнай магутнасці.

У рэзалюцыі, якая была прынята на VI Усебеларускім народным сходзе, акрамя замацавання прагнозных параметраў сацыяльна-эканамічнага развіцця, увага была нададзена і грамадска-палітычнаму ўстройству нашай краіны. Прынята рашэнне на працягу 2021 года падрыхтаваць новы праект Канстытуцыі, вынесці яго на рэферэндум. Гаварылі аб пераразмеркаванні паўнамоцтваў паміж Прэзідэнтам, Парламентам, Урадам, а таксама мясцовымі ўладамі. Было агучана пытанне і аб узмацненні ролі палітычных партый. Але адзначалася, што самае галоўнае, каб яны былі агульнанацыянальнымі і адстойвалі інтарэсы беларускага народа.

Было абмеркавана і пытанне аб наданні Усебеларускаму народнаму сходу статусу канстытуцыйнага органа. Гэта неабходна зрабіць для таго, каб, асабліва ў пераходныя перыяды, існаваў орган, здольны захаваць стабільнасць грамадска-палітычнай сітуацыі ў нашай краіне. Абараняў інтарэсы ўсяго беларускага народа. Я стаўлюся да гэтай прапановы станоўча: будзе своеасаблівая страхоўка для таго, каб пазбегнуць дэстабілізацыі ў грамадскапалітычным жыцці краіны.

Таксама гаварылася і аб тым, што пры распрацоўцы праекта новай Канстытуцыі, Беларусь павінна заставацца прэзідэнцкай рэспублікай. Вядома ж, я — “за”. Такая форма ўлады захоўвае стабільнасць у грамадска-палітычнай сітуацыі.

Бясспрэчна, асабліва парадавала, што ў праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на бліжэйшую пяцігодку будзе ўдзелена сур’ёзная ўвага рэгіёнам: развіццё эканомікі, сферы паслуг, стварэнне новых працоўных месцаў, павелічэнне зарплат, пенсій, дапамог, кантроль за ростам цэн і тарыфаў на паслугі.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *