Вучыць правілы бяспекі з самага маленства, раяць бярэзінскія выратавальнікі

З гульнямі і навучальнымі заняткамі бярэзінскія ратавальнікі наведалі  дзве групы ДУА “Дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці “Крынічка” і ДУА “Санаторны яслі-сад №1 г.Беразіно”.

Будзе банальнасцю сказаць, што малыя дзеці не павінны быць без нагляду дарослых, аднак жа гэтую агульнавядомую аксіёму некаторыя бацькі раз-пораз парушаюць… Дастаткова запытацца ў дашкольнікаў, ці пакідаюць іх дома адных – і бачым трэць паднятых дагары маленькіх ручак… З дзіцяці, што сам-насам праводзіць вольны час, можа здарыцца што заўгодна! І размова не толькі пра свавольства дзяцей з агнем: малое можа адчыніць вакно шматпавярхоўкі, атрымаць электратраўму, падавіцца ежай… Чаму некоторыя бацькі думаюць, што гэтая гісторыя — не пра іх сям’ю?

Знаходжанне ў дзіцячым садку – адзін з самых бяспечных перыядаў для дзіцяці: тут яно пад пільным наглядам кожную хвіліну. Тут можна гуляць і вучыцца новаму. А яшчэ сюды перыядычна прыходзяць ратавальнікі, каб пагутарыць з дзеткамі пра самае важнае – пытанні уласнай бяспекі. Натуральна, работа з дзецьмі будуецца па-асабліваму: асноўная форма – гульня, прыёмы падачы матэрыялу павінны мяняцца кожныя пять хвілін, каб дзеці не засумавалі. Мы паўтараем важныя правілы і вучымся новаму падчас гульняў «Небяспечна-небяспечна», “Званок ратавальніку”, “Топ-хлоп” і іншых. Абавязкова адгадваем загадкі. Што цікава — у кожнага дзіцяці ёсць у запасе цікавая гісторыя пра тое, як неасцярожнасць людзей пры абыходжанні з агнем скончылася непрыемнасцямі. На памяць пра сустрэчу з ратавальнікамі кожнае дзіця атрымлівае размалеўку. У бліжэйшы час навучальныя заняткі пройдуць і ў іншых дашкольных установах раёна.

 

Паважаныя бацькі! Дашкольны перыяд – той час, калі дзіця найбольш актыўна “напітвае” мноства звестак пра навакольны свет. Маленькага чалавека цікавіць літаральна ўсе. Таму маленькія “чамучкі” шмат эксперыментуюць, падчас не думаючы пра вынік сваіх дзеянняў – такая ўласцівасць мыслення малых. Не пакідайце без нагляду сваіх маленькіх даследчыкаў гэтага цікавага і небяспечнага свету!  Небяспеку нясуць не толькі запалкі ў зоне доступу для маленькіх ручак, але і прадметы бытавой хіміі, дробныя дэталі канструктараў і манеты, адчыненыя вокны, дарога, вадаёмы… Саманадзейныя думкі накшталт “Здарыцца ў кагосьці, але не ў нас” ці “Многа раз пакідалі дзяцей адных, і нічога..” – страшныя і злачынныя ў адносінах да жыцця і бяспекі вашага дзіцяці. Штогадовая страшная статыстыка выпадкаў траўміравання і гібелі непаўналетніх паказвае: у больш чым палове выпадкаў дзеці былі без нагляду дарослых.

Тэлефон службы ратавання – 101, 112.

Вольга Данэйка, інспектар прапаганды Бярэзінскага РАНС

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *