Вялікія планы «хрупкого» бармена

На раённым свяце працы за добрасумленную і плённую працу была адзначана бармен кафэ “Еда&Кофе” аддзела грамадскага харчавання Бярэзінскага філіяла Мінскаблспажыўтаварыства Вольга Гоман. У чым жа сакрэт яе паспяховасці?

Выпадкова

Вольга – мясцовая, з Беразіно. У дзяцінстве марыла стаць настаўніцай. І нават паступіла ў педагагічны інстытут імя Максіма Танка.

– Але павучыўшыся крыху, зразумела – душа не ляжыць. Таму і забрала дакументы. Вярнулася ў Беразіно. Што далей? Вырашыла крыху папрацаваць у “райпо”, а затым вызначыцца дакладна з будучыняй, – расказвае Вольга. – Але, як бачыце, грамадскае харчаванне “зацягнула” і не адпускае.

Спачатку Вольга была памочнікам прадаўца, затым – прадаўцом. Давялося папрацаваць у розных магазінах.

Бармен

– А ў 2009, як толькі адкрылі піцэрыю (зараз – “Еда&Кофе”), прапанавалі пасаду бармена, –
згадвае Вольга. – Чаму б не паспрабаваць?! Па жыцці я чалавек актыўны. Таму і справа даспадобы. Але яна не з лёгкіх. Іншы раз за дзень так “набегаюся”, што адчуваю стомленасць. Але адпачну – і зноў з радасцю спяшаюся на працу. Працуем утрох. Я, напарніца – Аксана Тараціна, повар – Галіна Няхай.

– У райспажыўтаварыстве працую даўно. Была і прадаўцом, зараз – бармен. І заўсёды імкнуся выконваць абавязкі “на выдатна”. Атрымліваю асалоду, калі прыношу карысць людзям. Бясспрэчна, вельмі прыемна, што маю працу адзначылі на высокім узроўні. Гэта ўзнагарода – стымул працаваць яшчэ лепш!

…і псіхолаг

Абслугоўванне наведвальнікаў – даволі складаная справа. Бо наведваюцца людзі розных узростаў, усе – са сваімі характарамі. І да кожнага неабходна знайсці падыход. Таму патрэбна быць крыху псіхолагам. Чалавек толькі заходзіць: назіраю, у якім настроі і як патрэбна з ім гутарыць. Імкнуся заўсёды быць на бадзёрай ноце. Тады і людзі пазітыўна ставяцца.

Уваходзіць у абавязкі таксама прыгатаванне напояў. Кавы ў нас некалькі відаў. Тут таксама ёсць фірменны рэцэпт: гатаваць толькі ў добрым настроі.

Шчаслівая матуля

Вольга з задавальненнем і гатуе.

– Люблю парадаваць смачнай выпечкай родных, блізкіх. У мяне два сыночкі. Старэйшы Антошка служыць у арміі, малодшы Ванька – трэцякласнік. Яны – мая надзейная падтрымка, мае абаронцы. І, ведаеце, напэўна, я не была так рада ўзнагародзе, як яны. Віншавалі! Сказалі, што ганарацца мной. Гэта так прыемна! Сыноў выхоўваць – справа не з лёгкіх. Таму ва ўсім імкнуся быць для іх прыкладам.

Ружы

Працы ў Вольгі заўсёды хапае. Але знаходзіцца месца і любімаму занятку.

– Кветкі – маё захапленне. Асабліва – ружы. Іх на дачы шмат, розных, – расказвае гаспадыня. – З задавальненнем назіраю, як яны растуць, квітнеюць. А як пахнуць – вам не перадаць!

Ды не толькі кветнікам выдзяляецца дача Вольгі, але і вялікім агародам.

– З дзяцінства прывучана да працы. Дакладна ведаю, што толькі той, хто працуе, штосьці мае, – дадае жанчына.

Як усё паспець?

Няпростая праца, выхаванне сыноў, хатнія справы, захапленне…

– Я ўжо даўно зразумела, чым больш планаў, тым больш дасягненняў! – заўважыла з упэўненасцю Вольга.

Юлія БУКЕЛЬ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *