Вясновую пасяўную кампанію пачалі на Бярэзіншчыне

Менавіта так больш актуальна гучаць сёння для сейбітаў раёна перафразаваныя словы вядомай песні. Іменна ад яго, надвор’я, у многім залежаць ход пасяўной кампаніі і яе тэмпы. Ранішні золак з яго мінусавой тэмпературай не дае магчымасці механізатарам прыступаць да сяўбы з самага ранку і прымушае марудзіць час у чаканні цяпла.
І ўсё ж, нягледзячы на такія нязручнасці, работы ў полі вядуцца, прычым даволі шырокім фронтам.

Не з’яўляецца выключэннем і ААТ “Пагосцкі”. Веснавую кампанію тут пачалі яшчэ 15 сакавіка і на сённяшні дзень ужо выкананы значны аб’ём работы. Якімі справамі заняты мясцовыя механізатары? Гэта падрыхтоўка глебы, унясенне арганікі, закрыццё вільгаці, падкормка траў. Вядзецца таксама і сяўба. Пакуль што на гэтай самай галоўнай веснавой рабоце задзейнічаны адзін пасяўны агрэгат, якім кіруе вядомы пагосцкі механізатар Вячаслаў Кашлачоў. З цягам часу да яго далучыцца з аналагічным агрэгатам і яшчэ адзін майстар высокага класа Аляксандр Хвашчэўскі. На пару яны і павінны будуць засеяць усе запланаваныя плошчы. А ў дзень нашага візіту Вячаслаў разам з сеяльшчыкам Мікалаем Піскуном на новым, толькі-толькі напярэдадні кампаніі атрыманым і надзейна адрэгуляваным МТЗ-3522, засяваў аўсом палетак каля вёскі Лясковічы.


Усяго пад гэтую культуру ў гаспадарцы выдзелена 300 гектараў. У цэлым жа тут мяркуецца пад яравую сяўбу ранніх каласавых заняць 1000 гектараў, астатнія плошчы зоймуць адпаведна зернебабовыя, ячмень і пшаніца. Яшчэ парадку тысячы гектараў адведзена пад кукурузу (90 з іх будзе ўбірацца на зерне). Але высяваць “царыцу палёў” стануць пазней, — з прыходам большага цяпла, сёння ж пад яе ўносяць арганіку. На адным з палеткаў, непадалёк ад лешніцкага малочнатаварнага комплексу, мы і засталі за гэтай справай механізатараў – братоў Аляксандра і Валерыя Ермаловічаў. Бесперабойны фронт работ ім забяспечвае на пагрузчыку “Амкадор-342” Уладзімір Гамеза. У такім тандэме кожны з механізатараў паспявае раскідаць за змену да 500 тон гною, што перавышае даведзенае заданне. Астатнія ўчасткі пад кукурузу таксама размяшчаюцца ў непасрэднай блізкасці ад жывёлагадоўчых аб’ектаў для таго, каб потым было лягчэй і больш аператыўна закладваць яе ў сянажныя траншэі.


На гэтым жа полі, крыху воддаль, яшчэ адзін вядомы пагосцкі механізатар Аляксандр Хрышчановіч займаўся ворывам. Як расказаў ён сам, узімку яго магутны энерганасычаны МТЗ не стаяў без спраў і пастаянна знаходзіўся з падчэпленымі плугамі: сёлетняя лагодная зіма дазваляла, хоць і не кожны дзень, выязджаць для выканання работ і ў снежні, і ў студзені, і ў лютым. Такім чынам, да пачатку вясны ўсе ворыўныя работы былі амаль завершаны, засталіся толькі пасяўныя. А на іх арганізацыю будзе патрачана і менш часу, і менш паліва.
На іншых палетках вялося закрыццё вільгаці (яе сёлета захавалася няшмат). Пакуль што за дзень удаецца апрацоўваць гектараў па 50 плошчаў, а пры больш спрыяльных умовах гэты аб’ём павялічыцца да ста гектараў. Дзве адзінкі тэхнікі былі задзейнічаны на падкормцы шматгадовых траў. На гэтай рабоце рупіліся механізатары Віталій Цэдрык і Іван Ждановіч, а таксама вадзіцель МАЗа Аляксандр Жукоўскі. З пачатку кампаніі пасеяна ўжо і 500 гектараў траў.


У цэлым, як відаць, у сельгаспрадпрыемстве палявыя работы арганізаваны належным чынам. Кожны са спецыялістаў імкнецца на сваім рабочым месцы як мага хутчэй, у аптымальныя тэрміны і пры належным выкананні работ, правесці чарговую пасяўную. Спрыяюць гэтаму і арганізацыя працы (з пачатку кампаніі ўведзены падоўжаны рабочы дзень), і умовы яе аплаты, і дастатковы запас запасных частак. Ды і азімыя, якія захаваліся без страт, даюць падставы для прагнозу на добры ўраджай. А яго атрымаць сёлета мяркуюць не ніжэй, чым па 30 цэнтнераў з гектара: задзел для гэтага зроблены трывалы.
У цэлым, па словах галоўнага агранома ААТ “Пагосцкі” Аляксандра Салаўёва, пасяўную плануюць тут завяршыць да 10 красавіка. Не падвяло б надвор’е. Бо яно, вядома ж, сёння для паляводаў важней за ўсё.

Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *