Выставачны рэтра-праект запрашае бярэзінцаў

Тут упершыню наладжаны арыгінальны выставачны праект “Навагодні флэшбэк”. Размясціўся ён у пакоі, дзе звычайна выстаўляліся драўляныя лыжкі. Напярэдадні свят яны саступілі месца навагоднім цацкам і паштоўкам, якія, нібы ў казцы, вяртаюць у настальгічнае каляднае мінулае. Ідэю аб правядзенні мерапрыемства з азартам падхапілі не толькі работнікі раённага цэнтра рамёстваў, але і жыхары горада — Надзея Мельнік, Наталля Краснякова, Валянціна Пытляк…

Наталля Краснякова і Надзея Мельнік першымі падтрымалі заклік падзяліцца навагоднімі цацкамі і сваімі ідэямі навагодняга ўбрання

Ідэя прыгадаць навагоднюю пару мінулых гадоў узнікла ў супрацоўнікаў цэнтра яшчэ ўвосень і паступова стала ажыццяўляцца. На сценах выставачнай залы з’явіліся чорна-белыя і каляровыя святочныя паштоўкі, на паліцах выстраіліся ў рад навагоднія цацкі з даваенных часоў, а яшчэ самым арыгінальным чынам упрыгожыліся навагоднія ёлкі. Большасць з выстаўленых экспанатаў беражліва захоўвалася сярод сямейных рэліквій — і ўладальнікі ўнікальнага багацця адгукнуліся на просьбу папоўніць выставу цікавымі рэчамі.

Пасля выхаду на экраны культавага фільма савецкіх часоў “Карнавальная ночь” з’явілася цацка “Гадзіннік” — са стрэлкамі, якія ўстаноўлены за пяць хвілін да апоўначы

Сярод шкляных цацак ёсць і такія, што прымацоўваліся да ёлачных галінак не звыклымі для нас вяровачкамі, а з дапамогай металічных кліпсаў. А самыя «сталыя» навагоднія паштоўкі датуюцца 1950-1960 гадамі мінулага стагоддзя. Галоўнае месца ў выставачнай зале, вядома, займае лясная прыгажуня, убраная савецкімі «шышкамі», «зайчыкамі», «мядзведзікамі» і ўсыпаная вырабленымі ўручную папяровымі гірляндамі.

— Такая ёлка стаяла ў 60-70 гады мінулага стагоддзя практычна ў кожным бярэзінскім доме, — успамінае Надзея Мельнік. – Цацак на ёй было няшмат. Затое папяровыя гірлянды мы заўсёды рабілі самі. Затым пачалі ўпрыгожваць ёлачку цукеркамі: з’ядзім іх, а фанцікі павесім. Ды і што казаць, гэта сёння навагодняе свята не ўявіць без мандарынаў. А тады яго нязменным атрыбутам была сапраўдная зялёная прыгажуня–ёлка.

Дзіцячыя традыцыі ўпрыгожваць навагоднюю ёлку Надзея Паўлаўна працягвае і па сённяшні дзень.

— Ва ўсе часы была свая мода ўпрыгожваць ёлку, — зазначае жанчына, — на змену шкляным цацкам і гірляндам прыйшлі пластмасавыя, самай рознай формы і памераў. Памятаеце моду на вялікія шары аднолькавага колеру? А чаго варта новаўвядзенне: замяніць жывую ёлачку на штучную! Дарэчы, і сёння мы з мужам свае навагоднія эксперыменты працягваем.
Сёлетнюю навагоднюю экспазіцыю таксама стваралі разам!

Згодна з гісторыяй, ідэя ўпрыгожваць навагоднюю ёлку належыць немцам, яшчэ ў 16 стагоддзі яны пачалі ўпрыгожваць яе смачнасцямі і арэхамі. Існуе шмат версій на гэту тэму, але дакладна вядома, што ў 1867 годзе быў адкрыты вялікі газавы завод, майстры якога выдувалі вялікія танкасценныя шары. А першая навагодняя электрычная гірлянда ўпрыгожыла ёлку перад Белым домам у Злучаных Штатах Амерыкі ў 1895 годзе!

У Расіі ёлкі пачалі ўпрыгожваць у другой палове ХІХ-га стагоддзя самаробнымі цацкамі і смачнасцямі, а аднавілася вытворчасць калядных цацак у снежні 1935 года пасля артыкула ў газеце “Правда” пад назвай “Давайте организуем детям к Новому году хорошую елку!” Так, на зялёных прыгажунях з’явіліся казачныя персанажы — Іван Царэвіч, Руслан і Людміла, брат Трус і брат Ліс, Чырвоная Шапачка, Кот у ботах, Кракадзіл з Татошай, доктар Айбаліт. Пасля прэм’еры фільма “Цырк” пайшла мода вырабляць цацкі на цыркавую тэматыку, а ў гонар палярнікаў — іх фігуры. Трэба аддаць належнае майстрам, навагоднія цацкі распісваліся ўручную і моцна ўражвалі дзятву. Ды і нельга забыцца, з якой шчырасцю ставіліся шкловыдзімальшчыкі да сваёй справы. Дарэчы, на выставе можна пабачыць самую малую навагоднюю цацку ў выглядзе чайніка, якой звыш 60 гадоў!

А ў час Вялікай Айчыннай вайны на ёлку вешалі фігуркі самалётаў, сталінскіх бранявікоў, майстравалі цацкі са звычайных медыцынскіх бінтоў. Варта ўзгадаць яшчэ адзін цікавы факт. Пасля выхаду на экраны культавага фільма савецкіх часоў “Карнавальная ночь” з’явілася цацка “Гадзіннік” — са стрэлкамі, якія ўстаноўлены за пяць хвілін да апоўначы. А ў 70–80 гады мода прыйшла на звычайныя  “шышкі”, “званочкі” і “домікі”.

У выставачным праекце экспануецца больш за семдзясят цацак, якія ў савецкія часы ўпрыгожвалі і працягваюць упрыгожваць сёння святочныя ёлкі. Некаторым цацкам ужо больш за 60 гадоў, як і казачнаму навагодняму персанажу Дзеду Марозу. Апошніх у выставачнай зале аж некалькі, самых розных!

— Да Новага года часу засталося няшмат, – заўважае дырэктар раённага цэнтра рамёстваў Іна Хвашчэўская, — таму калі ў вас не хапае ідэй, як упрыгожыць дом альбо кватэру да свята, прыходзьце да нас! Будзе чаму падзівіцца і што пераняць!

— Дадзены праект на некаторы час вярнуў мяне ў чароўны свет дзяцінства, па якім, думаю, сумуюць многія дарослыя. Калі я бяру скрынку з ёлачнымі ўпрыгожваннямі, то ўспамінаю сваю матулю, адчуваю асалоду і чакаю набліжэнне навагодніх свят, — прызналася Наталля Краснякова, якая падзялілася экспанатамі з работнікамі цэнтра рамёстваў. — Лічу, што адправіцца ў навагодняе мінулае будзе цікава і дзецям, і моладзі, і прадстаўнікам старэйшага пакалення.

Застаецца нагадаць, што выставачны праект будзе працаваць штодзень з 11 па 25 снежня. Тут можна ажыццявіць не толькі цудоўнае падарожжа ў свет навагодняй цацкі, але і наладзіць індывідуальную фотасесію каля зялёнай прыгажуні ў некалькіх фотазонах.

— Дарагія чытачы, калі ў вас захаваліся старыя ёлачныя цацкі, не выкідвайце іх, а прыміце ўдзел у выставе, а яшчэ лепш — упрыгожце імі свае ёлкі, — зазначыла напрыканцы нашага знаёмства з выставачным праектам дырэктар цэнтра рамёстваў Іна Хвашчэўская. — Няхай яны будуць самымі чароўнымі і лепшымі!

Самыя «сталыя» навагоднія паштоўкі на выставе

Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *