Хірургічнае аддзяленне Бярэзінскай ЦРБ зноў працуе ў штатным рэжыме

Паступова медустановы Мінскай вобласці, якія раней былі перапрафіляваны пад кавідныя шпіталі, вяртаюцца да звычайнага рэжыму работы. У тым ліку і Бярэзінская ЦРБ.

Так, прафілактычныя меры ніхто не адмяняў: дзейнічае як для медыцынскіх работнікаў, так і для пацыентаў масачны рэжым, на ўваходзе ў паліклініку кожнаму вымяраюць тэмпературу цела, для тых, у каго павышаная — асобны ўваход, паўсюль размешчаны прафілактычныя лістоўкі, брашуры, працуюць бактэрыцыдныя рэцыркулятары паветра… Але адчуваецца, што “карона” крыху слабее. Так, хірургічнае аддзяленне зноў вярнулася да звычайнага рэжыму. Зазірнём!

— 22 студзеня «інфекцыёнку» на базе нашага аддзялення закрылі, — заўважае старшая медыцынская сястра Валянціна Парфянюк. – Перад тым, як прыняць новых пацыентаў, у суботу-нядзелю аддзяленне прымала хімічны “душ”. Цалкам прайшлі апрацоўку сцены, вокны, падлога… Затым санітарныя ўрачы правялі маніторынг, ці гатова аддзяленне прымаць пацыентаў. І з мінулага панядзелка працуем у звычайным рэжыме. І, ведаеце, мы вельмі рады гэтаму. Амаль 2 месяцы працавалі як інфекцыйнае аддзяленне. Гэта вельмі напружана не столькі фізічна, як псіхалагічна. Складана не толькі нам, медыцынскім работнікам, але і пацыентам. Ім страшна. Уявіце, да іх у палату прыходзяць медработнікі ў спецыяльных “скафандрах”: не бачна твараў, усмешак, толькі — вочы. Ім эмацыянальна вельмі складана. І мы імкнуліся падтрымаць кожнага пацыента не толькі лекамі, але і добрым словам. Бо з вопыту ведаю, што бадзёры настрой заўсёды дапамагае хутчэй ачуняць.

Пакуль гутарым з В. Парфянюк, у кабінет заходзіць пацыент і выказвае шчырыя словы падзякі за неабыякавасць, дапамогу, чуллівасць… — І ведаеце, так прыемна бачыць усмешлівыя вочы нашых пацыентаў. Радуемся, калі змаглі дапамагчы! Шчырыя словы падзякі – гэта самае лепшае ў нашай справе, — дадае Валянціна Віктараўна

— Адразу ж, як толькі пачалі працаваць у штатным рэжыме, да нас паступілі пацыенты. Бо іншыя хваробы нікуды ж не зніклі. Ёсць людзі, якім неабходна планавае лячэнне, да прыкладу, з хранічнымі захворваннямі. Мы патэлефанавалі пацыентам, паведамілі, што ўжо можна прайсці курс, — дадае Валянціна Віктараўна.

Заўважаю, што ў аддзяленні дзейнічае масачны рэжым, медыцынскія работнікі ў спецыяльных касцюмах, сродках індывідуальнай аховы…

— Я нядаўна працую ў райбальніцы, адразу ж пасля заканчэння каледжа, — заўважае медыцынская сястра Валерыя Самец. – Складана было, калі наша аддзяленне стала інфекцыйным. А зараз вельмі рады, што вярнуліся да штатнага рэжыму

— Так, і зараз у аддзяленні ніхто не адмяняў масачны рэжым. Мы працуем у масках, рэспіратарах, спецыяльных касцюмах. Але гэта ўжо не складана. Мы за час пандэміі настолькі прывыклі да сродкаў індывідуальнай аховы, што, да прыкладу, без маскі я нават дома, на вуліцы адчуваю сябе некамфортна, мне быццам чагосьці не хапае, — заўважае В. Парфянюк.

Дарэчы, калектыў хірургічнага аддзялення даволі вялікі: урачы, паставыя, перавязачныя медыцынскія сёстры, санітаркі, сястра-гаспадыня. Амаль усе працуюць не адзін дзясятак гадоў. Высокакваліфікаваныя прафесіяналы, як кажуць, — людзі на сваім месцы. Загадчык аддзялення — вопытны ўрач-хірург Уладзімір Цэдрык.

Загадчык хірургічнага аддзялення Уладзімір Цэдрык: — Раю ўсім бярэзінцам і зараз захоўваць нормы прафілактыкі каранавіруснай інфекцыі. Абавязкова насіць сродкі індывідуальнай аховы, прытрымлівацца сацыяльнага дыстанцыянавання і апрацоўваць рукі антысептычнымі сродкамі

— Нам пашчасціла з загадчыкам – Уладзімір Мікалаевіч тактоўны, ураўнаважаны чалавек, прафесіянал з вялікай літары. Ды і, увогуле, у нас цудоўны калектыў. Аддзяленне працуе дружна. Як гадзіннікавы механізм, без збояў, — дадае В. Парфянюк. – Мы падтрымліваем адзін аднаго, разам спраўляемся з любымі цяжкасцямі.

Дзякуй адміністрацыі бальніцы за падтрымку. Мы забяспечаны сродкамі індывідуальнай аховы, ёсць пакой для адпачынку, адным словам — створаны камфортныя ўмовы для працы.

Юлія БУКЕЛЬ.
Фота аўтара.

Хірургічнае аддзяленне Бярэзінскай ЦРБ зноў працуе ў штатным рэжыме: 1 комментарий

  • 02.02.2021 в 21:14
    Permalink

    Доктор ,Цедрик — Вы лучший!!! Спасибо вам большое!!

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *