Хто ў адказе за жыццё школьнікаў?

Трагедыя, якая адбылася ў Казані 11 мая, прымусіла задумацца аб бяспецы дзяцей у школах. Вось і мы вырашылі праверыць, як абараняюць вучняў у бярэзінскіх установах? З гэтай мэтай адправіліся ў ДУА “Сярэдняя школа №3 г. Беразіно”. Выбрана яна невыпадкова, бо з’яўляецца адной з самых вялікіх па тэрыторыі, ды і знаходзіцца ў мітуслівай частцы горада.

Кантрольна-прапускны рэжым

Цераз адкрытыя веснічкі заходзім на тэрыторыю. Адразу заўважаем, як тут чыста і дагледжана. Значыць, чужыя тут не ходзяць!

Уздымаемся па лесвіцы каля ўваходу, трапляем у фае. Праўда, паспяваем зрабіць усяго некалькі крокаў, як нас спыняе гардэробшчыца Вольга Андрыянава. Яна падрабязна распытвае, хто мы такія, вымярае тэмпературу і робіць адпаведныя запісы ў спецыяльным журнале.

– Гэта стандартная працэдура, – гаворыць Вольга Анатольеўна. – Ды і далей мы вас без прадстаўніка адміністрацыі не пусцім. Пачакайце! Мы нават дзеля эпідэміялагічнай бяспекі бацькоў у школу не пускаем.

На працягу вучэбнага часу дзверы ў школе адчынены, бо туды-сюды снуюць рабочыя, прыходзяць настаўнікі. Ноччу зачыняюцца не толькі дзверы, але і веснічкі, і ўязныя вароты. Таму ўся тэрыторыя цалкам закрытая.

– Інструкцыя і палажэнне аб прапускным рэжыме распрацаваны на падставе загада кіраўніка, – тлумачыць намеснік дырэктара Любоў Красоўская. – Яны размешчаны як на стэндзе, так і на вахце. Таксама прапісаны адказныя за відэаназіранне. У нашай школе маюцца дзве відэакамеры, з дапамогай якіх пастаянна адсочваецца сітуацыя на тэрыторыі і вакол.

Апрача гэтага, у класах устаноўлены пажарныя апавяшчальнікі.

Па інфармацыі раённага аддзела ўнутраных спраў, у бярэзінцаў налічваецца 480 адзінак зброі. Большасць яе належыць паляўнічым. А каб карыстацца паляўнічай зброяй, уласнік яе павінен мець пэўнае пасведчанне, атрымаць медыцынскае заключэнне і выканаць рад патрабаванняў па захаванасці арсеналу. Усе ўладальнікі зброі правяраюцца міліцыяй не радзей 1 раза ў год. У выпадку парушэння вінаватай асобе пагражае адміністрацыйная і крымінальная адказнасць і асоба аўтаматычна пазбаўляецца права на валоданне зброяй.

А хто ў вартаўніках?

Як бачым, кантроль за межамі школы наладжаны, а ці дзейнічае пост аховы?

– У нашай школе на ўваходзе арганізаваны паўнацэнны пост аховы, – сцвярджае Любоў Уладзіміраўна. – Тут знаходзіцца кнопка ручной сігналізацыі — яна ніколі не выключаецца і гарыць чырвоным святлом. У штаце — тры вартаўнікі: Алег Ізмер, Фёдар Яхнавец і Алег Валовік. Яны прайшлі праверку ведаў і маюць адпаведныя дакументы Дэпартамента аховы. Перад прыёмам на працу іх правяраюць на дзеяздольнасць, высвятляюць наяўнасць судзімасцей, кандыдаты праходзяць медкамісію. Прымаюцца на працу толькі тады, калі цалкам адпавядаюць патрабаванням. У іншым выпадку ў працы адмовяць!

– У арсенале ахоўнікаў – трывожная кнопка. Яна не выключаецца ні на хвіліну. Неяк, успамінаюць работнікі школы, па пэўных прычынах трывожная кнопка спрацавала. Міліцыянеры стаялі на ганку школы ўжо праз пяць хвілін. Вось гэта аператыўнасць!

Што ж уваходзіць у абавязкі вартаўнікоў? Яны адказваюць за парадак ва ўстанове ў пазаўрочны час і ноччу. Ноччу – кожныя 45 хвілін спрацоўвае спецыяльная кнопка, якая не дае заснуць на пасту. Кожныя дзве гадзіны вартаўнік абыходзіць тэрыторыю, а пасля заканчэння змены паведамляе сітуацыю намесніку дырэктара. Работа ахоўнікаў строга кантралюецца – могуць патэлефанаваць альбо праверыць асабіста супрацоўнікі Дэпартамента аховы, адміністрацыі школы альбо прадстаўнікі ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама.

У абавязкі гардэробшчыцы Вольгі Андрыянавай уваходзіць забеспячэнне кантрольна-прапускнога рэжыму. – У нашай школе дзейнічаюць такія правілы, што ніхто з пабочных асоб сюды не трапіць, – гаворыць жанчына. – Кожны з педагогаў, рабочых альбо адміністрацыі абавязкова спыніць наведвальніка і пацікавіцца намерамі. Ды і сваіх усіх ведаем, таму любы падазроны адразу трапіць у поле зроку. Я працую ў школе не першы год, добра ведаю вучняў, знаёма з бацькамі. Але ніяк не магу ўсвядоміць, што ў Казані былы вучань прыйшоў у школу са зброяй і яго ніхто не спыніў яшчэ ў горадзе. Няўжо не заўважалі?!

Пад падазрэннем – вучань

Аднак, што рабіць, калі небяспека прыйшла не з пабочнай асобай. Калі яна зыходзіць ад вучня ўстановы.

– У гэтым выпадку павінна весціся калектыўная работа сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай службаў, класнага кіраўніка і бацькоў, – гаворыць дырэктар СШ №3 Ала Дудко. – І тут шмат залежыць ад настаўніка: ён павінен не дапусціць канфлікту і знайсці кампраміс. Негатыўныя эмоцыі часта назапашваюцца ў дзяцей, а потым выліваюцца на паверхню. Аднак і педагогі закліканы нівеліраваць канфлікты і разумець, што рабіць, калі апошнія ўзнікаюць.

У навучальных установах з дзецьмі працуе педагог–псіхолаг, а ўсе вучні праходзяць тэсты на дэвіянтныя паводзіны і псіхалагічную няўстойлівасць. Праўда, для гэтага патрабуецца дазвол бацькоў. Калі ў вучня выяўляюцца трывожнасць і няўпэўненасць, тады педагог-псіхолаг адрасна і акуратна выклікае вучня на размову. Звярнуцца да псіхолага можна ў любы час. Калі ж канфлікт узнікае паміж вучнем і педагогам, у яго вырашэнні ўдзельнічае зноў псіхолаг, які і абараняе інтарэсы вучня.

– У выпадку, калі паводзіны вучня выклікаюць пэўныя падазрэнні, альбо мы бачым, што ён знаходзіцца ў наркатычным, алкагольным ап’яненні, б’ём трывогу, – гаворыць псіхолаг Настасся Шалай. – Дзейнічае ў такім выпадку спецыяльны алгарытм, падключаюцца зацікаўленыя службы і ведамствы. Ды і мы прымаем усе меры, каб дапамагчы дзіцяці выйсці з зоны канфлікту.

Трагедыя ў Казані, дзе педагогі былі вымушаны абараняць дзяцей ад раз’юшанага і азвярэлага выпускніка, і мяне не пакінула абыякавай, — дадае Любоў Красоўская. – Нельга дапусціць, каб дзеці і педагогі гінулі ў школе! Таму ў нашай установе сур’ёзна ставяцца да кантрольна-прапускнога рэжыму

Уплыў сям’і

Важна памятаць, што выхоўваць дзіця павінна не толькі школа, але і бацькі.

– На школу ўскладзена сёння шмат розных абавязкаў, –удакладніла Ала Уладзіміраўна. – Мы робім усё магчымае, каб засцерагчы нашых вучняў: наладжваем класныя і інфармацыйныя гадзіны. Аднак нярэдка бывае, што школьнік станоўча паводзіць сябе ў школе, а за яе межамі – інакш. Таму і сям’я павінна ўплываць на дзіця. Бацькі ж не менш за нас зацікаўлены ў тым, каб вырасціць чалавека, які шануе маральныя нормы і з павагай ставіцца да людзей навокал.

– Мы за тое, каб школа была самым бяспечным і шчаслівым месцам для дзятвы, – гаворыць Настасся Шалай. – Таму гатовы дапамагаць кожнаму ў вырашэнні псіхалагічных і эмацыянальных праблем. Не трэба іх замоўчваць і насіць у сабе! Мы зможам знайсці выйсце з любой жыццёвай сітуацыі, толькі калі разам з намі будуць і бацькі!

 

Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *