Хто ў нас самы хуткі?


На мінулым тыдні на гарадскім стадыёне бярэзінцаў сабраў лёгкаатлетычны забег у рамках акцыі “Міншчына спартыўная – за Беларусь!”.

Ён аб’яднаў звыш 400 аматараў бегу самых розных узростаў — ад дашкольнага да пенсійнага, і вялікую армію балельшчыкаў. Усіх іх цёпла віталі начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама Алеся Цітова і галоўны суддзя спаборніцтваў Дзмітрый Ванькевіч.

Апошні наказ перад стартам ад бацькі

Яны і далі старт спаборніцтвам. Ужо з першых забегаў дашкольнікаў стала зразумелым, што настрой на перамогу ва ўдзельнікаў сур’ёзны. Яму не перашкодзіў ні халодны вецер, ні кароткачасовы дождж са снегам. Ды і хто звяртае ўвагу на надвор’е, калі кіпяць сапраўдныя спартыўныя страсці і верх бярэ жаданне быць першым?! Згодна з палажэннем, пераможцы вызначаліся ў розных узроставых  групах.

І вось дадзена каманда “На старт!”

Так, сярод хлапчукоў ад 7 да 10 гадоў першымі фінішавалі Андрэй Аўсянскі, Мацвей Баркоў і Глеб Шагойка, а сярод дзяўчынак — Мілена Кукуць, Маргарыта Петрачкова і Эвеліна Труханенка.

Ва ўзроставай катэгорыі ад 11 да 16 гадоў самымі хуткімі сярод хлапчукоў аказаліся Назар Архіпец, Аляксандр Грыбко і Даніла Корсак, а сярод дзяўчынак — Аляксандра Стаселька, Злата Грыцкевіч, Дар’я Паповіч.

Ды і сярод дарослых бегуноў была канкурэнцыя. Так, сярод мужчын ва ўзросце ад 23 да 40 гадоў у тройку мацнейшых увайшлі Сяргей Рашотка, Дзяніс Буры і Аляксандр Зябко, а сярод жанчын — Марына Аскірка, Ірына Зябко і Алеся Крупенька.

Ды і трэба аддаць належнае адзінаму ўдзельніку забегу ва ўзросце ад 40 да 60 гадоў — Віктару Дзенісевічу. Ён сабе на дыстанцыі расслабіцца не дазволіў. Затое былі названы тры пераможцы ў гэтай намінацыі сярод жанчын — Таццяна Андрыевіч, Вольга Даніловіч і Наталля Валошына.

Пераможцы ва ўзроставай групе ад 23 да 40 гадоў – Дзяніс Буры, Сяргей Рашотка і Аляксандр Зябко

— Бегавы сезон яшчэ не наступіў, таму не ўсе паспелі набраць пэўную форму для спаборніцтваў, — зазначыла адна з пастаянных удзельнікаў спартыўных мерапрыемстваў Ірына Зябко. – Значыць, гэты забег стане выдатным стымулам для аматараў здаровага ладу жыцця пасля зімы распачаць трэніроўкі. У сваю чаргу, арганізатар лёгкаатлетычнага забегу – упраўленне па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама – заклікае пільна сачыць за сеткай спартыўных спаборніцтваў. Наперадзе чакаюць шматлікія спартыўныя святы і акцыі.

Мілана ТРАПЯНОК.

Фота Алена ГРОМАВА. 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *