Пазачарговае аздараўленне ў санаторыях. Як і для каго?

Неспрыяльная эпідэміялагічная сітуацыя ўнесла карэктывы ў жыццё кожнага чалавека. Але асабліва неабароненымі перад каранавіруснай інфекцыяй апынуліся пажылыя людзі і інваліды.

Менавіта яны ў сілу свайго ўзросту і наяўнасці хранічных захворванняў цяжэй пераносяць інфекцыю і яе наступствы. А перыяд лячэння і аднаўлення ў іх больш працяглы, чым у маладых людзей.

У сувязі з гэтым Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны, Рэспубліканскім цэнтрам па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва і Міністэрствам аховы здароўя прынята сумеснае рашэнне аб пазачарговым санаторна-курортным лячэнні непрацуючых грамадзян з ліку ветэранаў працы і інвалідаў І і ІІ груп, якія перанеслі пнеўманію, выкліканую з інфекцыяй COVID-19, праз месяц пасля іх ачуньвання.

Такое аздараўленне арганізавана ў 4 санаторыях сістэмы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны: санаторый “Беразіна” для ветэранаў працы і інвалідаў (горад Барысаў); санаторый “Вяжуці” для інвалідаў з парушэннем апорна-рухальнага апарату (Маладзечанскі раён Мінскай вобласці); санаторый “Белая Вежа” — для ветэранаў вайны, працы і інвалідаў (Камянецкі раён Брэсцкай вобласці); санаторый “Ясельда” — для ветэранаў вайны, працы і інвалідаў (Пінскі раён Брэсцкай вобласці).

У санаторыях маецца ўся неабходная лячэбная база і створана безбар’ернае асяроддзе. Для хутчэйшага аднаўлення арганізма прадугледжаны лячэбная і дыхальная гімнастыкі, прагулкі на свежым паветры, пяціразовае харчаванне па спецыяльным меню. Пад кантролем спецыялістаў праводзіцца комплекс фізіятэрапеўтычных працэдур.

У санаторыях прыняты меры па прафiлактыцы заносу і распаўсюджвання інфекцыі.

Непрацуючым інвалідам І і ІІ груп пуцёўкі прадастаўляюцца бясплатна, ветэранам працы — па льготным кошце (як правіла, 15-20% ад кошту пуцёўкі ў залежнасці ад даходу і сезона).

За атрыманнем пуцёўкі неабходна звяртацца да вядучага спецыяліста па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва: г. Беразіно, вул. Кастрычніцкая, 18, каб. 114, тэл. 5-19-16, рэжым работы — з 9.00 да 13.00 штодзённа, акрамя суботы і нядзелі.

Пры звароце за атрыманнем пуцёўкі прадастаўляюцца наступныя дакументы: заява, медыцынская даведка аб стане здароўя, якая пацвярджае неабходнасць санаторна-курортнага лячэння, з указаннем звестак аб перанесенай пнеўманіі, выкліканай інфекцыяй COVID-19; копія працоўнай кніжкі, пенсійнага пасведчання або пасведчання інваліда.

Алена ПІСЛЕВІЧ,
вядучы спецыяліст па аздараўленні насельніцтва Бярэзінскага раёна.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *