Хто паселіцца ў доме-прыгажуне?

Чарговым упрыгожаннем нашага горада стала яшчэ адна новабудоўля ў самым яго цэнтры. На вуліцы Кастрычніцкай 25-кватэрны жылы дом плошчай у 1300 квадратных метраў 6 верасня, якраз напярэдадні Дня народнага адзінства, быў здадзены ў эксплуатацыю і неўзабаве зазвініць галасамі навасёлаў. 

25-кватэрны дом па вуліцы Кастрычніцкай здадзены ў эксплуатацыю

6 верасня – уведзены ў эксплуатацыю

У рабоце камісіі па ўводзе аб’екта ў эксплуатацыю прымалі ўдзел намеснік старшыні Бярэзінскага райвыканкама Сяргей Бабура, начальнік аддзела архітэктуры і будаўніцтва жыллёва-камунальнай гаспадаркі Вераніка Фаміна, дырэктар упраўлення капітальнага будаўніцтва Бярэзінскага раёна Ірына Саскавец. Дарэчы, менавіта ўпраўленне капітальнага будаўніцтва – заказчык аб’екта.

У рабоце камісіі па прыёме аб’екта ў эксплуатацыю прымалі ўдзел Сяргей Бабура, Вераніка Фаміна і Ірына Саскавец

Пазіраем на дом-прыгажун і згадваем, што літаральна некалькі месяцаў таму тут быў прыватны сектар. А зараз – сапраўдны, утульны, можна сказаць, комплекс. Узвышаюцца два прыгожыя, шматпавярховыя дамы. І столькі сем’яў змаглі палепшыць свае жыллёвыя ўмовы!

25 кватэр: 15 – для шматдзетных сем’яў.

У доме 25 кватэр. Некаторыя, па жаданні сем’яў-навасёлаў, ужо з рамонтам

– У доме 25 кватэр, 15 пабудаваны згодна з Указам Прэзідэнта краіны № 240 “Аб дзяржаўнай падтрымцы грамадзян пры будаўніцтве (рэканструкцыі) жылых памяшканняў” для шматдзетных сем’яў. Дарэчы, многія са шматдзетных сем’яў выкарысталі датэрмінова сродкі сямейнага капіталу на будаўніцтва жылля. А 10 кватэр (аднапакаёвых, з рамонтам) прызначаны для адсялення грамадзян з лядашчага і аварыйнага жылля. У бягучым годзе Бярэзінскім райвыканкамам было прынята рашэнне аб прызнанні аварыйным жыллём двух блакіраваных жылых дамоў: па завулку Кастрычніцкім і па вуліцы Аляшкевіча. Менавіта з гэтых дамоў будуць навасёлы, – расказвае Сяргей Леанідавіч.

– Мы рады, што супрацоўнічаем з такой буйной арганізацыяй, як “МАПИД”. Дом атрымаўся прыгожым знешне, утульным, прасторным, – заўважыла Ірына Аляксандраўна. – Пачалі будаўніцтва ў канцы сакавіка. Увесь прадугледжаны аб’ём работ выканалі своечасова. Пабудова, бясспрэчна, упрыгожыла наш горад. Таму ў планах – пабудаваць падобны дом насупраць. Няхай горад расце і развіваецца!

Кватэры прасторныя, некаторыя – з рамонтам

Зазірнулі мы і ў кватэры. Некаторыя з іх ужо з рамонтам.

– Па жаданні навасёлаў, могуць здаць кватэру ўжо з рамонтам. Гэта даволі зручна: адразу ж можна заязджаць у жыллё. Як бачыце, усе кватэры прасторныя і ўтульныя. Праекты кватэр, якія будуюцца для мнагадзетных сем’яў, – расказвае Вераніка Аляксандраўна, – распрацаваны з улікам колькасці жыхароў. Па-першае, тут даволі вялікія кухні – па 10-12 квадратных метраў. Двухпакаёвыя кватэры маюць аб’ём не менш за 50 квадратных метраў, а аднапакаёўкі – адпаведна 43 метраў. Шырокімі і дыхтоўнымі з’яўляюцца лесвічныя пляцоўкі, калідоры і тамбуры на кожным паверсе. Паклапаціліся праекціроўшчыкі і пра стварэнне безбар’ернага асяроддзя: перад уваходам у будынак і на пешаходным пераходзе каля дома пакладзена тактыльная плітка. Для большай зручнасці для матуль з каляскамі і маленькіх дзетак пад’езд абсталяваны пандусамі. Перш чым закласці новы дом, мы вывучаем склад будучых яго жыхароў і можам карэкціраваць праект (тады ён становіцца індывідуальным для кожнага дома).

Шыкоўная дзіцячая пляцоўка

Прадстаўнік ААТ “МАПИД”Анатоль Грыгорчык і Вера-ніка Фаміна аглядаюць дзіцячую пляцоўку

Заўважаем, што каля новабудоўлі з’явілася і новая дзіцячая пляцоўка. Аформлена ў яркіх колерах, вабіць вока!

– Прычым, – дадае Вераніка Аляксандраўна, – дзіцячая пляцоўка выканана з выкарыстаннем гумавага пакрыцця для недапушчэння траўматызму хлопчыкаў і дзяўчынак. Гульнявыя пляцоўкі, дарэчы, каля кожнай новабудоўлі будуць індывідуальнымі і тэматычнымі. Так, гэта прысвечана тэматыцы бяспекі. Хочацца звярнуцца да жыхароў горада: калі ласка, больш беражліва адносьцеся да арэляў, гушкалак, трэнажораў, якія ўсталяваны на дзіцячай пляцоўцы. Гэта ж створана для вас!

Антывандальныя трэнажоры, паркоўка, добраўпарадкаваная тэрыторыя

Каля дома добраўпарадкаваная тэрыторыя, антывандальныя трэнажоры, парковачныя месцы

 

Дарэчы, адметны гэты дом не толькі дзіцячай пляцоўкай, але і вялікай добраўпарадкаванай тэрыторыяй, , антывандальнымі трэнажорамі.

– І як бачыце, тут прасторная паркоўка, што вельмі зручна для навасёлаў, – дадае Вераніка Аляксандраўна. – У крокавай даступнасці сацыяльныя аб’екты – школа, крамы, садок, аптэка… Як бачым, улічаны ўсе нюансы, нават, здаецца, самыя дробныя. Закладваюцца яны яшчэ пры праектаванні будучай новабудоўлі і ў абавязковым парадку ў адпаведнасці са стандартамі ўключаюць у сябе не толькі ўзвядзенне самой будыніны і падвядзенне да яе камунікацый, але і такія атрыбуты, як добраўпарадкаванне, азеляненне, стварэнне парковачных месцаў для аўтамабіляў, дзіцячых пляцовак, трэнажорных комплексаў.

На пляцоўцы весела!

Новая дзіцячая пляцоўка ўжо стала ўпадабаным месца дзятвы.

– Мы жывём непадалёк ад кінатэатра, ходзім з сынам Аляксандрам у басейн. Даведаліся, што тут пабудавалі новую пляцоўку. Вядома ж, вырашылі прыйсці! Падабаецца: ёсць гушкалкі, горка, трэнажоры. Усё такое яркае – вабіць вока, – заўважае матуля Аксана Галалобава. – Падабаецца і мяккае пакрыццё: калі дзеткі будуць падаць, яно зберажэ ад траўм. Радуюся, што ў Беразіно з’яўляюцца такія шыкоўныя новабудоўлі. А побач – і дзіця-чыя пляцоўкі, і трэнажоры, і тэрыторыя добраўпарадкаваная.

З задавальненнем гушкаецца ў імправізаванй машынцы, аформленай у стылі МНС, Аляксандр Галалобаў

Катаецца на горцы дзяўчынка Маргарыта.

– Мне тут падабаецца, – заўважае з усмешкай дзяўчынка.

– Мы жывём непадалёк, таму часта прыходзім на новую пляцоўку з унучкай, калі я да іх прыязджаю ў госці, – расказвае Джанета Карач. – Шыкоўна: яркая пляцоўка, шмат гушкалак, добрая горка. Што яшчэ патрэбна дзеткам?

Маргарыце падабаецца гуляць на новай дзіцячай пляцоўцы

Будоўля электрадома!

– Будаўніцтва новых дамоў і надалей будзе працягвацца, — дадае Вераніка Аляксандраўна. – Плануецца, што ўжо ў наступным годзе ўвядзём у эксплуатацыю першы ў нашым горадзе 60-кватэрны дом, так званы “электрычны” дом. У гэтым “электрадоме” будзе нават ліфт! І хоць будаўніцтва жылля для шматдзетных сямей ідзе хуткімі тэмпамі, у агульнай чарзе маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў яшчэ нямала жадаючых. Таму будзем будаваць новыя дамы – рабіць бярэзінцаў больш шчаслівымі!

Юлія БУКЕЛЬ.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *