Хто самы хуткі і спрытны сярод пажарных?

Такім лічаць у раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях старшага вадзіцеля пажарна–аварыйнай выратавальнай часці №1 горада Беразіно, прапаршчыка ўнутранай службы Дзмітрыя Грыгаровіча.

— А ўсё таму, што ў радах выратавальнікаў я нясу службу з 2005 года, а на сваёй пасадзе — з чэрвеня 2014 года, — расказвае пра сябе Дзмітрый Аляксандравіч, — за гэты час паспеў вывучыць на памяць геаграфію выездаў, асвоіў некалькі відаў аварыйна — выратавальнай тэхнікі, прызвычаіўся не губляцца і тактычна правільна дзейнічаць у экстрэмальных сітуацыях.
Дарэчы, калегі адзначаюць не толькі яго багаты вопыт, мудрасць і ўменне працаваць у камандзе, але і асаблівыя настойлівасць, ініцыятыву і старанне.
Так, Дзмітрый Аляксандравіч не стамляецца павышаць сваю кваліфікацыю: ён спецыяліст першага класа, з’яўляецца настаўнікам у новых работнікаў. Выратавальнік для іх – бездакорны аўтарытэт, бо яго пажарная машына і тэхніка заўсёды знаходзяцца ў належным парадку, ды і рупіцца ён над умацаваннем матэрыяльнай базы падраздзялення. Летась яго рукамі адрамантаваны дзве пажарныя цыстэрны.
Аўтарытэтам карыстаецца Дзмітрый Аляксандравіч не толькі на службе, але і ў быце.
Ён – сціплы і прыстойны чалавек, выдатны сем’янін, клапатлівы бацька дваіх дзяцей. Яны заўсёды чакаюць яго са службы і ганарацца ім.
За высокія паказчыкі ў службовай дзейнасці Дзмітрый Аляксандравіч узнагароджваўся Ганаровай граматай установы “Мінскае абласное ўпраўленне МНС” і граматай Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *