Хто з бярэзінцаў стаў маладым лідарам Міншчыны?

У Вілейцы прайшло ўрачыстае мерапрыемства, дзе падвялі вынікі абласнога конкурсу “Малады лідар Міншчыны-2020”. Пераможцаў вызначалі ў 12 намінацыях. У сферы прадпрымальніцтва лепшым стаў індывідуальны прадпрымальнік, уладальнік грыль-бара “Мандарын” Антон Няхай, а ў сферы сродкаў масавай інфармацыі — адказны сакратар раённай газеты “Бярэзінская панарама” Юлія Букель.


Антон Няхай:
— Я заўсёды за актыўны ўдзел у любых конкурсах. Лічу, пакуль малады, неабходна дзейнічаць. Таму з задавальненнем вырашыў паспрабаваць сябе і ў гэтым конкурсе. Мясцовы, люблю свой горад, свой раён. І таму хачу працаваць менавіта тут.
Пасля вучобы, вядома ж, вярнуўся на радзіму. І вырашыў адкрыць уласную  справу. Складана! Але ж нічога немагчымага няма! Мне падалося, што ў Беразіно не хапала ўтульных месцаў, дзе можна было б смачна паесці па прымальным кошце. Так узнікла ідэя грыль-бара “Мандарын”! Бацькі падтрымалі маю задумку. І нават дапамагаюць. Таму, можна сказаць, у нас такі невялікі сямейны бізнес. “Мандарыну” ўжо амаль тры гады. І ў нас ёсць шмат пастаянных кліентаў. Чым мы імкнёмся прывабіць наведвальнікаў? Вядома ж, смачнымі стравамі. Усё рыхтуем на месцы! Мой прынцып – ніколі не эканоміць на прадуктах. І яшчэ ў нас не рэалізуюцца спіртныя напоі! Таму з задавальненнем прыходзяць бацькі разам з дзеткамі, наладжваюць у нас і дні нараджэння. Зараз падчас пандэміі наведвальнікаў стала крыху менш! Але на піку папулярнасці – дастаўка. Часта ладзім розныя акцыі, скідкі. Удзельнічаем і ў дабрачынных мерапрыемствах. Зараз усе рыхтуюцца да свят. Новы год – час здзяйснення жаданняў! Таму і нам хочацца парадаваць сваёй прадукцыяй як мага больш дзетак.

Юлія БУКЕЛЬ:
— У падобным конкурсе ўдзельнічала ўпершыню. Таму, вядома ж, хвалявалася. Ці думала пра перамогу? Шчыра прызнаюся, не.

У Бярэзінскі раён я прыехала на працу па размеркаванні пасля заканчэння журфака. Тады здавалася, што толькі на адпрацоўку… Але пакуль не ўяўляю свайго жыцця без Беразіно, без рэдакцыі, без справы, якая прыносіць асалоду. Я люблю быць у курсе падзей, збіраць навіны, дзяліцца з імі чытачамі. Больш за ўсё падабаецца пісаць пра людзей …
Я перажываю за кожнага героя сваіх публікацый, мне заўсёды цікава, як склаўся іх далейшы лёс.

А ў 2019 годзе на старонках газеты стартаваў сацыяльны праект “Пандусы жыцця”, дзе друкуюцца матэрыялы пра людзей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця і іх сацыялізацыю.

Ці ўзрадавалася я перамозе?! Я была вельмі шчаслівай, эмоцыі зашкальвалі. Але гэта не толькі мая перамога! Дзякуй за дапамогу і падтрымку калектыву рэдакцыі і маім надзейным сяброўкам. Усе разам перажывалі за мяне – таму гэта наш агульны поспех.

Прыемна было паўдзельнічаць у мерапрыемстве, што наладзілі для нас у Вілейцы. Вядома ж, хвалявалася, калі
намеснік старшыні Мінаблвыканкама Іван Маркевіч уручаў такую высокую ўзнагароду. Такі нечаканы, але вельмі прыемны падарунак да Новага года!

Фота з сайта МЛЫН.ВУ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *