Хто з бярэзінскіх механізатараў зарабляе больш?

З гэтым пытаннем мы звярнуліся да галоўнага эканаміста адкрытага акцыянернага таварыства “Бярэзінскі райаграсэрвіс” Ірыны Чабатар. Яна даўно рупіцца ў гаспадарцы і апошнія два гады сумяшчае пасаду старшыні прафкама. А ў адказны час пасяўной паспявае не толькі выконваць асноўныя абавязкі, але і штодзень налічваць заробак удзельнікам пасяўной кампаніі, і вызначаць сярод іх лепшых.

Навошта механізатару сшытак і ручка ў полі?

– Пасяўная кампанія ўжо каторы год праходзіць насуперак капрызнай вясне ў звычайным рэжыме, — гаворыць Ірына Якаўлеўна. — А ўсё таму, што рыхтуемся да яе загадзя. Плошчы ў нас вялікія, ды і раскіданы па раёне – ад Трасцянкі да Шавярніч. Тут без канкрэтнага плана дзеянняў ніяк! Таму перад пачаткам палявых работ былі распрацаваны расцэнкі і даплаты, вызначаны кошт харчавання, а таксама кіраўніком гаспадаркі размеркаваны механізатары на ўсе віды работ.Ёсць у гаспадарцы і сваё ноу-хау. Тут кожнаму аграрыю перад пачаткам палявых работ уручылі сшытак, ручку і табліцу з расцэнкамі па відах работ.

– Няхай самі вядуць улік зробленага і вучацца разлічваць свой заробак! – тлумачыць Ірына Якаўлеўна. – Гэта аказалася нескладанай навукай для земляробаў – і большасць з іх ужо практычна не адсочвае налічаны заробак на спецыяльным экране.
Праўда, без пытанняў таксама не абышлося. Частка з іх – даволі сур’ёзныя.

– Вядома, што заробак земляроба разлічваецца не толькі са зробленага, а яшчэ са стажу, класа і магчымасцей тэхнікі, – дадае галоўны эканаміст, – а таксама з прэміяльнага фонду, што складае 500 працэнтаў тарыфнай стаўкі. Каб атрымаць максімальную надбаўку, патрабуецца не толькі якасць работ, але і аператыўнасць, і дысцыпліна. Таму ў сярэднім сейбіт зарабляе за пасеяныя 34 гектары на трактары МТЗ-3522 у счэпе з сеялкай АППМ-6 112 рублёў 44 капейкі, а работнік, які ўнёс мінеральныя тукі на плошчы ў 120 гектараў на трактары МТЗ-1221 у счэпе з РУ-7000, – 80 рублёў 59 капеек.

Ірына Чабатар лічбамі валодае выдатна, бо ў свой час працавала бухгалтарам.

Ірына Чабатар: «Сёння кожнаму селяніну трэба быць прафесіяналам у сваёй справе, каб умець зарабляць і эканоміць!»

– Сейбіты і аратыя не пакрыўджаны заробкам, — падкрэслівае Ірына Якаўлеўна, — і ў месяц пры належным старанні могуць давесці яго да 1700-1800 рублёў. Куды больш сціпла на гэтым фоне выглядаюць сумы ў механізатараў, занятых на ўнясенні калійных удабрэнняў – 28 рублёў за дзень. А без іх філіграннай працы вялікага ўраджаю не чакай! Таму мы знайшлі сродкі павялічыць ім расцэнкі і адпаведна заробак.

Дарэчы, усе налічаныя сумы заробку для гаспадаркі рэальныя і будуць своечасова выплачаны механізатарам. Ды і адзначаюць тут, што не маюць запазычанасці ў фонд сацыяльнай абароны насельніцтва, а значыць – работнікам будзе забяспечана пенсія.

Сярэдні заробак у першым квартале 2021 года ў ААТ “Бярэзінскі райаграсэрвіс” склаў 757 рублёў.

Падвоз, эканомія, абеды і цякучка…

Рашучы настрой на пасяўную падтрымлівае і наладжаны падвоз людзей.

– Рабочы дзень пачынаецца ў 7 гадзін раніцы, – тлумачыць Ірына Якаўлеўна. — А ўжо праз пятнаццаць-дваццаць хвілін калгасныя аўтамабілі развозяць людзей па ўчастках. Дамоў работнікі вяртаюцца сама позна да дзевяці гадзін вечара. Зразумела, што час язды аплачваецца, ды і эканомія паліва атрымліваецца значная.

Але эканоміць на сёлетняй пасяўной гаспадарка не збіраецца, бо мае намер павялічыць ураджайнасць да 33 цэнтнераў з гектара супраць 29 летась. Атрымаць іх рэальна, бо работы вядуцца элітай, гібрыдамі і насеннем першай рэпрадукцыі, нядрэнна перазімаваў і азімы клін, ды і за ўласныя сродкі набыты пэўны запас мінеральных тукаў.

– Бралі крэдыт толькі на набыццё паліва, – удакладніла Ірына Якаўлеўна. – Таму стаўленне да кожнага літра гаручага асаблівае. Мы нават устанавілі 8 гаджэтаў, каб адсочваць яго расход на ключавых палявых работах. Трэба аддаць належнае, такі віртуальны кантроль дае свой плён – фактаў крадзяжу паліва не выяўлена!

Не забылася старшыня прафкама і пра гарачыя абеды. Яны ў гаспадарцы танныя, бо гатуюцца ва ўласнай сталовай і развозяцца па брыгадах. Кошт абедаў для аграрыяў сімвалічны – 1 рубель 80 капеек, а ў меню – смачныя стравы.

– Праўда, клопат пра механізатараў не вызваляе ад пытанняў з кадрамі, – заўважае Ірына Якаўлеўна. – У калектыве назіраецца цякучка, людзі працуюць па дагаворы найму. Віной гэтаму, напэўна, невялікі сярэдні заробак, але ж яго можна памножыць стараннай працай і разумным падыходам да справы.

Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *