Як бярэзінцы падрыхтаваліся да ўборачнай кампаніі

Прайшло чарговае пасяджэнне раённага выканаўчага камітэта на чале са старшынёй Дзянісам Дзішуком. Тэма для абмеркавання – падрыхтоўка і правядзенне ўборачнай кампаніі.

— Уборачная — адно з галоўных звёнаў у сельскай гаспадарцы, — заўважыў Дзяніс Ігаравіч. — Бясспрэчна, калі б не спякотнае надвор’е апошніх тыдняў, ураджайнасць у нас была б на парадак вышэй. Бачна, што шмат пасеваў выгарала… Але наша задача — правесці ўборачную на высокім узроўні.

З асноўным дакладам па тэме выступіла начальнік райсельгасхарчу Карына Аруцюнян:

— Клін збожжавых і зернебабовых культур у раёне складае больш за 16 тысяч гектараў. Так, на дадзены момант вядзецца інтэнсіўная падрыхтоўка тэхнікі. Працы нямала, больш за 60% камбайнавага парка служыць больш за 10 гадоў. Рамонт сельгасарганізацыі вядуць сваімі сіламі. Мяркуецца, што сёлета гаспадаркі збяруць 41,5 тон збожжа ў амбарнай вазе. А ўраджайнасць дасягне — 30 ц/га. Бясспрэчна, некаторыя кіраўнікі разлічваюць і на больш важкі каравай. А для гэтага патрэбна ўжо зараз актывізаваць работу па рамонце тэхнікі. Паставіць яе на лінейку гатоўнасці да 10 ліпеня.

Праверкай на вартасць стане ўборка рапсу. Як вядома, яна папярэднічае жніву. На час уборкі, як і кожны год, плячо дапамогі вяскоўцам падставяць арганізацыі горада. Нагрузка на адзін камбайн пры ўборцы рапсу складзе 92 гектары. Самая высокая — у сельгаспрадпрыемствах “Багушэвічы” (167 га), “Першамайскі” (160), “Здравушка-агра” (125), “Арэшкавічы” (110). Пры спрыяльным надвор’і ўборку рапсу плануецца правесці за 6 дзён.

Ва ўборцы зерневых і зернебабовых культур будзе задзейнічана 63 камбайны. Нагрузка на адзін — у сярэднім 255 га. Гэта даволі значна для тэхнікі. І таму сёння неабходна прадумаць пытанні стварэння камбайнавых экіпажаў, каб вадзіцель і камбайнер працавалі ў звязцы, і, калі неабходна, своечасова адрамантавалі тэхніку.

Самая высокая – у сельгаспрадпрыемствах “Здравушка-агра” — 405 га, “Бярэзінскі” — 313 га, “Арэшкавічы” — 295, “АграМАЗ” — 269. Плануецца, што ўборачная кампанія пройдзе за 18 дзён. Усё, вядома ж, залежыць ад надвор’я, спраўнасці тэхнікі. Для перавозкі збожжа будуць задзейнічаны 63 адзінкі тэхнікі. Для ўзважвання зерня, якое паступіць з палёў, у гаспадарках маецца 17 адзінак вагаў. На некаторых тэрмін паверкі сыходзіць, таму неабходна ў максімальна кароткі тэрмін адправіць на паверку. Для дапрацоўкі зерня ў раёне ёсць 15 зернесушыльных комплексаў.

Для стварэння супрацьпажарнай бяспекі на перыяд уборкі ў гаспадарках маецца 9 ёмістасцей для загрузкі вады, таксама будуць задзейнічаны 7 адзінак тэхнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях.

Падводзячы вынікі пасяджэння, Дзяніс Ігаравіч заўважыў, што нацэліць на плённую працу работнікаў палёў павінны ідэалагічныя работнікі. Ім ужо зараз патрэбна прадумаць наладжванне спаборніцтваў сярод камбайнавых экіпажаў, вадзіцеляў, работнікаў зернесушыльных комплексаў, умовы аплаты працы і меры стымулявання. І не забыцца аб арганізацыі культурнай праграмы на палявых станах.

Юлія БУКЕЛЬ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *