Як бярэзінскія камунальнікі змагаюцца са снежнай навалай

Нарэшце прыйшла доўгачаканая зіма: са снегам, марозам! Але снег “прынёс” не толькі радасць, але і шмат карпатлівай працы. Усе вялікія выхадныя работнікі Бярэзінскай ЖКГ, дарожныя службы “змагаліся” са снегам: расчышчалі дарогі ў горадзе і раёне.

— Пачынаючы з 6 студзеня, мы працуем па максімуме, — заўважае майстар Бярэзінскай ЖКГ Юрый Каныгін. – Як бачыце, снег усё сыпле і сыпле. Таму і работы ў нас прыбаўляецца! Здаецца, толькі-толькі ачысцілі дарогі, тратуары, а зноў усё засыпала. Галоўнае, як мага хутчэй ачышчаць вуліцы ад снегу, каб бярэзінцы маглі без перашкоды перамяшчацца. На вялікіх выхадных на барацьбу са снегам выйшла 6 адзінак тэхнікі: 2 трактары, 2 МАЗы і два пагрузчыкі.

— Мы ачышчалі дарогі ад снегу ў горадзе, а таксама па раёне, — заўважае Юрый Іванавіч. – Снег вывозілі на спецыяльны палігон. «Змагаліся» і з галалёдзіцай: падсыпалі пясчанасаляной сумессю дарогі і тратуары. Амаль без адпачынку ўсе выхадныя шчыравалі 12 чалавек.

— Снегапад не быў для нас нечаканасцю. Мы адсочвалі прагноз надвор’я, таму ведалі, што хутчэй за ўсё выхадныя будуць “снежныя”, — гаворыць Юрый Каныгін. – Таму і былі гатовы да маштабнай работы. Усім вялікі дзякуй за адданую працу. Трэба адзначыць механізатараў: Генадзія Жаўняровіча і Сяргея Вілянава. Асаблівыя словы ўдзячнасці — брыгадзе па добраўпарадкаванні горада на чале з Марынай Бурай.

Так, яшчэ не ўсюды прыбрана “белае покрыва”. Ды і як яго прыбраць, калі снег ідзе амаль кожны дзень?! Але камунальныя і дарожныя службы працуюць па максімуме! Ды і кожны з нас можа дапамагчы ў расчыстцы вуліц ад снегу. Можна пачаць з малога — прыбраць снег каля свайго дома, пад’езда.

Юлія БУКЕЛЬ.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *