Як бярэзінскія медыкі праходзяць вакцынаванне?

У студзені ў Беларусі стартаваў першы этап вакцынацыі супраць каранавіруснай інфекцыі. Выкарыстоўваецца расійскі прэпарат “Гам-Ковид-Вак” альбо прасцейшая назва — «Спутник V». Вакцына афіцыйна зарэгістравана Міністэрствам аховы здароўя.

Ці пачалася ў Бярэзінскай ЦРБ вакцынацыя супраць “кароны”, хто ў першую чаргу зможа зрабіць прышчэпку, якія супрацьпаказанні ёсць і як падрыхтавацца да працэдуры. Аб гэтым мы пагутарылі з загадчыкам паліклінікі райбальніцы Дзмітрыем Відэргольдам.

— Зараз, напэўна, адна з самых актуальных тэм – вакцынацыя супраць “кароны”. Раскажыце, калі ласка, ці робяць такія прышчэпкі менавіта ў Бярэзінскай ЦРБ?

— Пакуль не. Зараз мы закупляем неабходнае абсталяванне (вакцына можа захоўвацца толькі пры нізкіх тэмпературах). Але нашы медыцынскія работнікі ўжо пачалі вакцынавацца на базе Барысаўскай райбальніцы. Мы правялі апытанне сярод работнікаў. Хто захацеў у першую чаргу зрабіць прышчэпку, ужо гэта зрабілі. Вакцынацыю робяць прэпаратам «Спутник V» — гэта камбінаваная вектарная вакцына.

— Раскажыце падрабязней, хто ў першую чаргу пройдзе вакцынацыю?

— Першымі прышчапляюцца медыцынскія работнікі. Гэта і зразумела, мы іншы раз напрамую кантактуем з хворымі. У нашым раёне ў першую чаргу пройдуць вакцынацыю медыцынскія работнікі Бярэзінскай ЦРБ, санітарнай службы і санаторыя “Беразіна”. Затым прышчэпкі будуць рабіць педагогам і тым спецыялістам, якім у сілу асаблівасцей прафесіі даводзіцца шмат кантактаваць з людзьмі. Яшчэ раз паўтаруся, вакцынацыя праходзіць на добраахвотнай аснове. Але з вопыту скажу, што вакцынацыя – лепшая прафілактыка любога захворвання. Да прыкладу, узяць той жа самы грып. Людзі, якія робяць “укол” ад грыпу, нават вострыя рэспіраторныя інфекцыі пераносяць у больш лёгкай форме.

— Што сёння вядома аб вакцыне «Спутник V»?

— Гэта першая ў свеце зарэгістраваная вакцына. У цяперашні час яна ўваходзіць у дзясятку лепшых у спісе Сусветнай арганізацыі аховы здароўя. Эфектыўнасць вакцыны супраць цяжкіх выпадкаў захворвання каранавіруснай інфекцыяй складае 100%. Мяркуючы па адкрытых дадзеных, для большасці вакцына «Спутник V» бяспечная, галоўная рызыка — рэдкая індывідуальная рэакцыя.

— Ці ёсць супрацьпаказанні для вакцынацыі?

— Прышчэпку робяць людзям ад 18 да 60 гадоў. Умовы: не хварэць вострымі рэспіраторнымі інфекцыямі ў момант вакцынацыі і ў апошнія два-чатыры тыдні да яе, за апошнія 30 дзён не рабіць прышчэпак. Супрацьпаказанні? Гіперадчувальнасць да кампанентаў вакцыны, абвастрэнне хранічных захворванняў, цяжарнасць, кармленне грудзьмі.

— Ці могуць узнікнуць пасля вакцынацыі негатыўныя наступствы?

— Для атрымання антыгена выкарыстоўваецца чалавечы адэнавірус, дакладней, два яго штамы. Хоць гэта не паўнавартасны вірус, а яго вектар, які не можа размнажацца ў арганізме, вакцына здольна выклікаць рэакцыю, падобную на прастуду. Выяўлены такія негатыўныя з’явы, як павышэнне тэмпературы, галаўны боль, слабасць… Усе яны — лёгкай ці сярэдняй ступені. І такія сімптомы назіраліся толькі ў невялікай колькасці людзей.

— Як увогуле дзейнічае вакцына?

— Алгарытм дзеяння, як і ў іншых вакцын. Яна выкарыстоўваецца, каб штучна стымуляваць імунную сістэму, загадзя навучыць яе распазнаваць канкрэтны ўзбуджальнік альбо частку яго. Да прыкладу, інфекцыя трапляе ў арганізм, але дзякуючы вакцынацыі, яна не развіваецца. Бо імунітэт гатовы да сустрэчы з ёй.

— Ведаю, што вакцынацыя «Спутником V» праходзіць у два этапы. Навошта?

— Так, вакцынацыя праходзіць у два этапы. Другі — праз 21 дзень пасля першага. Навошта? Уводзяцца два кампаненты для ўзмацнення эфекту. Антыцелы ўзнікаюць і пасля першага этапу. Але другі – узмацняе іх дзеянне.

— А калі выпрацоўваюцца антыцелы?

— Першыя антыцелы з’яўляюцца на трэці тыдзень пасля ўвядзення першага кампаненту. Але больш дакладны рэзультат бачны праз 2-3 тыдні пасля ўвядзення другога кампанента.

— Як падрыхтавацца да вакцынацыі?

— Асаблівай падрыхтоўкі не патрабуецца. Бадзёры настрой – галоўнае! За суткі лепш адмовіцца ад алкагольных напояў. І пасля прышчэпкі рэкамендуецца адмовіцца ад іх. Як вядома, алкаголь падаўляе імунітэт.

— Ведаю, што пасля прышчэпкі хвілін 30 неабходна знаходзіцца пад назіраннем медыцынскіх работнікаў. Навошта?

— Так, усе, каму робяць прышчэпку, на працягу 30 хвілін знаходзяцца пад назіраннем медыцынскіх работнікаў. Гэта — самы небяспечны перыяд, калі можа развіцца алергічная рэакцыя на прэпарат.

— Нагадайце, калі ласка, яшчэ раз асноўныя правілы прафілактыкі “кароны”.

— Захаванне масачнага рэжыму, сацыяльнае дыстанцыянаванне, чыстыя, апрацаваныя антысептыкам рукі і цудоўны настрой! І як толькі з’явіцца магчымасць прайсці вакцынацыю – абавязкова гэта зрабіце. Па пытаннях наконт вакцынацыі звяртайцеся па тэл. 5-56-26.

Юлія Букель.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *