Як на Бярэзіншчыне адзначаюць Дзень беларускай пісьменнасці

Дзень беларускага пісьменства па традыцыі адзначаецца ў першую нядзелю верасня. Упершыню святочныя мерапрыемствы з гэтай нагоды адбыліся ў 1994 годзе ў адным з самых старажытных гарадоў Беларусі — Полацку.

— Запрашаем усіх адзначыць Дзень беларускага пісьменства візітам у раённую бібліятэку, — гаворыць Валянціна Яроцкая. — Тут кожны знойдзе кнігу па душы!

— Беларусь заўсёды лічылася краінай высокай кніжнай культуры, — дадае загадчыца аддзела абслугоўвання цэнтральнай раённай бібліятэкі Валянціна Яроцкая. — Гісторыя беларускай кнігі багатая на вялікіх людзей, якія ўнеслі свой важкі ўклад у развіццё культуры не толькі нашай краіны, але і свету. Да Дня беларускага пісьменства ў Бярэзінскай цэнтральнай раённай бібліятэцы аформлена выстава «Да кніжных скарбаў дакрануся…».
Кнігі расказваюць пра жыццё і творчы шлях вялікіх дзеячаў беларускай культуры і асветы, сярод якіх Еўфрасіння Полацкая, Кірыла Тураўскі, Мікола Гусоўскі, Сымон Будны. Асобнае месца займае ўнікальнае выданне — “Кніжная спадчына Францыска Скарыны”.
Францыск Скарына – беларускі першадрукар, гуманіст, асветнік, вучоны, пісьменнік, медык, знакаміты выдавец. Ён лічыў, што па кнігах Свяшчэннага Пісання можна не толькі вучыць грамаце, але і спасцігаць сем навук (граматыку, рыторыку, дыялектыку, арыфметыку, геаметрыю, музыку і астраномію). Выданне Францыскам Скарынам Бібліі мела велізарнае значэнне ў гісторыі асветы і культуры не толькі ўсходніх славян, але і ўсяго славянскага свету. Скарына быў выключна смелым чалавекам, калі ў такой кнізе, як “Біблія”, змясціў гравюры свайго партрэта, тытулы, прадмовы, сказанні, пасляслоўі, сюжэты з жыцця сялян і гараджан. Для таго часу гэта была вялікая з’ява ў духоўным жыцці і наватарства ў выдавецкай справе.
Яшчэ на выставе прадстаўлены факсімільнае выданне першага ў свеце “Буквара” (1618 г.), мастацка-ілюстраванае энцыклапедычнае выданне “Кніжная спадчына Беларусі”.
— Выстава ўяўляе цікавасць для ўсіх, хто захапляецца гісторыяй і культурай Беларусі, — адзначыла ў завяршэнні гутаркі Валянціна Іванаўна, — і здольна абудзіць інтарэс людзей да прыгожага айчыннага пісьменства, бо сучасныя беларускія пісьменнікі ствараюць у самых розных стылях і жанрах, іх творы могуць задаволіць самага прыдзірлівага чытача, а камусьці падкінуць унікальную ідэю захавання сваіх традыцый, сваіх каранёў. Таму запрашаем усіх аматараў чытання на роднай мове ў бібліятэку, дзе на паліцах у чаканні свайго чытача ляжаць звыш 500 экзэмпляраў кніг.

Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *