Як пажылым бярэзінцам аказваецца дапамога

Галоўная рэкамендацыя медыкаў для пажылых людзей, інвалідаў падчас уздыму вострых рэспіраторных захворванняў – па меры магчымасцей заставацца дома. Таму па ўсёй краіне пачалі прымаць тэлефанаванні «гарачыя лініі» для адзінокіх і адзінокапражываючых грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў па дастаўцы прадуктаў харчавання, тавараў першай неабходнасці і медыкаментаў. Вядома ж, працуе такая “лінія да-памогі” штодзённа з 9.00 да 18.00 і ў Бярэзінскім ТЦСАН – (801715) 55417.

 

Прадукты харчавання пажылым людзям спецыялісты дастаўляюць у масках і пальчатках

— Мы раздалі лістоўкі пажылым людзям, дзе змясцілі інфармацыю аб нумары тэлефона “гарачай лініі”, (дзякуй паштальёнам, раздалі іх разам з перыядычнымі выданнямі), — тлумачыць дырэктар Бярэзінскага ТЦСАН Алена Жолудзева. – Па магчымасці многім патэлефанавалі асабіста, запыталіся, як справы, ці патрэбна якая-небудзь дапамога. Адным словам, нікога без увагі не пакінулі.
Звароты на “гарачую лінію” ўжо паступаюць. У асноўным тэлефануюць адзінокапражываючыя людзі пажылога ўзросту. Камусьці неабходна даставіць прадукты харчавання, іншым – медыкаменты. Дапамагаюць сацработнікам валанцёры Чырвонага Крыжа і БРСМ.
— Некаторыя думаюць, што мы займаемся гуманітарнай дапамогай, прыносім бясплатныя прадукты харчавання. Гэта, вядома ж, не так. Аказваем дапамогу толькі па дастаўцы, — тлумачыць Алена Данатасаўна. – І па дастаўцы тавараў першай неабходнасці.
“Гарачая лінія” працуе штодзень. Алгарытм дзеяння такі: вы тэлефануеце, пакідаеце заяўку, з вамі праз пэўны час звязваюцца, называюць прозвішча сацработніка альбо валанцёра, што прыедзе.
— Усё робіцца для таго, каб пад выглядам сацработніка да бабуль, дзядуляў не трапілі махляры, злодзеі, — тлумачыць А. Жолудзева.
Перш чым увайсці ў дом, сацработнікі рыхтуюць пасведчанне, апранаюць пальчаткі і маску, апрацоўваюць рукі антысептыкам. Сустракаюць іх бабулі і дзядулі з радасцю, выказваюць толькі шчырыя словы падзякі, што не забываюць, наведваюць, клапоцяцца пра іх дабрабыт.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *