Як прайшоў на Бярэзіншчыне турнір “Лыжка Цмока”

У мінулую суботу ў актавай зале сярэдняй школы №2 горада Беразіно было мнагалюдна: тут сабраліся вучні 5-7 класаў з усёй Беларусі на турнір па інтэлектуальных гульнях “Лыжка Цмока”.

Капітаны каманд турніру па інтэлектуальных гульнях “Лыжка Цмока”

Турнір на Бярэзіншчыне праходзіў ужо ў другі раз. Але сёлета ён быў асаблівым, знакавым – рэспубліканскага маштабу. Арганізатары — Беларуская ліга інтэлектуальных каманд, упраўленне па адукацыі, спорце і турызме Бярэзінскага райвыканкама, дзяржаўныя ўстановы адукацыі «Інтэлектуальны цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Бярэзінскага раёна» і «Сярэдняя школа №2 г. Беразіно».
На турнір сабралася 30 каманд з усёй Беларусі! Вітала прысутных намеснік начальніка ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама Ала Петруковіч:
— Дарагія сябры, паважаныя госці. Я рада вітаць вас на турніры па інтэлектуальным гульнях “Лыжка Цмока”, які праходзіць у другі раз на бярэзінскай зямлі. Ён ужо становіцца добрай традыцыяй. Я спадзяюся, што сёння кожная з каманд пакажа, на што яна здатная, праявіць сябе па-максімуме і ўсе будуць пераможцамі! Жадаю вам поспехаў. А ўвогуле — будзьце заўсёды здаровымі, пазітыўнымі, шчаслівымі, паспяховымі і інтэлектуальна развітымі! Усяго найлепшага.
Затым з прывітальным словам да прысутных звярнуўся рэгіянальны прадстаўнік Беларускай лігі інтэлектуальных каманд па Мінскай вобласці Уладзімір Кузьміч:
— Прыемна, што нарэшце наш турнір адбыўся. Дзякуй Інтэлектуальнаму цэнтру дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі за тое, што сабраў нас разам! Ад Беларускай лігі інтэлектуальных каманд выказваем вялікую ўдзячнасць намесніку дырэктара Цэнтра Святлане Клешчанок за ўсебаковую падтрымку, дапамогу ў пашырэнні інтэлектуальных гульняў у Рэспубліцы Беларусь.
Турнір распачаўся! Згодна з умовамі, каманды павінны былі выканаць заданні “Што? Дзе? Калі?”, “Свая гульня” і “Медыяазбука”. Пытанні трапляліся даволі складаныя, каб адказаць, трэба быць сапраўдным эрудытам! Ды і каманды пільна адсочвалі балы, рашуча падавалі апеляцыі. Таму журы таксама не было часу сумаваць!

Рэгіянальны прадстаўнік Беларускай лігі інтэлектуальных каманд па Мінскай вобласці Уладзімір Кузьміч уручае падзяку намесніку дырэктара Інтэлектуальнага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Святлане Клешчанок

Дык хто з каманд самы кемлівы, спрытны, эрудзіраваны, адным словам, самы-самы?! У “Медыяазбуцы” не было роўных камандзе «Демо-версия красного переулка» (ДУА “Мінскі палац дзяцей і моладзі”), на другім месцы — «Дайте минутку» (ДУА “Крупская раённая гімназія”). А вось трэцяе месца падзялілі «Лабиринт» (каманда з Наваполацка), «Термоядерная реакция» (каманда з Мінска), «BestиЯ» (Барысаў), «СУши» (Маладзечна).
У “Сваёй гульні” першае месца заняла каманда з гімназіі №1 горада Мінска «Термоядерная реакция», другое — «Лабиринт» (з Наваполацка), трэцяе — «СУши» (з Маладзечна).
У гульні “Што? Дзе? Калі?” на першым месцы каманда «Термоядерная реакция» з Мінска, на другім — «Хомячки» з Лагойска, а на трэцім — «Лунария» са Смалявіч.
Абсалютны пераможца турніру і ўладальнік галоўнага прыза – кубка “Лыжка Цмока” — каманда з дзяржаўнай установы адукацыі “Гімназія № 21 г. Мінска” «Термоядерная реакция».
Упэўнена, і ўдзельнікі, і гледачы, і журы атрымалі зарад бадзёрасці, пазітыву, убачылі свае “моцныя” бакі…. Зрабілі шмат яркіх, крэатыўных здымкаў. А таксама папоўнілі свае веды пра беларускія традыцыі – перад уваходам у актавую залу была наладжана выстава драўляных лыжак, лялек у беларускіх строях, паясоў – “Заўсёды з натхненнем”.

Юлія БУКЕЛЬ. Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *