Як праходзіць вакцынацыя супраць каранавіруснай інфекцыі ў Бярэзінскай ЦРБ

З мінулай пятніцы ў Бярэзінскай ЦРБ распачалася вакцынацыя супраць каранавіруснай інфекцыі расійскай вакцынай “Гам-КОВИД-ВАК”. У першую чаргу вакцынуюцца медыцынскія работнікі, педагогі, сацыяльныя работнікі… Можна запісацца на вакцынацыю ў кабінеце 309 у паліклініцы райбальніцы альбо па тэлефоне 5-56-26. Вакцынацыя праходзіць на добраахвотнай аснове і бясплатна. Як праходзіць вакцынацыя? Каб знайсці адказ на гэтае пытанне, зазірнём у працэдурны кабінет.

Адной з першых зрабіла прышчэпку ад каранавіруснай інфекцыі галоўны ўрач райбальніцы Крысціна Крук.

Адной з першых у райбальніцы зрабіла прышчэпку ад каранавіруснай інфекцыі галоўны ўрач ЦРБ Крысціна Крук: — На мой погляд, усе медыцынскія работнікі, педагогі, сацыяльныя работнікі павінны прайсці вакцынацыю ад каранавіруснай інфекцыі. Чаму? Памятайце, ужо даказана, што самая эфектыўная прафілактыка ў барацьбе з захворваннямі – імунізацыя. Падрабязную інфармацыю аб вакцынацыі можна атрымаць па тэлефоне 5-56-26

— Асаблівай падрыхтоўкі не патрабуецца. Бадзёры настрой – галоўнае! За суткі лепш адмовіцца ад алкагольных напояў. І пасля прышчэпкі рэкамендуецца не ўжываць іх. Як вядома, алкаголь падаўляе імунітэт. Таксама перад вакцынацыяй неабходна прайсці агляд ўрача тэрапеўта, урача агульнай практыкі. Ён вымярае ціск, тэмпературу, праводзіць агульны агляд. Калі ўсё ў норме, ніякіх супрацьпаказанняў няма, можна рабіць прышчэпку, — заўважае Крысціна Аляксандраўна. — Таксама неабходна памятаць, што вакцынацыя праходзіць у два этапы. Другі — праз 21 дзень пасля першага. Навошта? Уводзяцца два кампаненты для ўзмацнення эфекту. Антыцелы ўзнікаюць і пасля першага этапу. Але другі 0 узмацняе іх дзеянне. Таму перад першым этапам вам таксама неабходна падпісаць дакумент, што вы не супраць, каб праз пэўны час вам увялі і другі кампанент.

— Увогуле, мне здаеццца, што ўсе медыцынскія работнікі, калі няма супрацьпаказанняў, павінны прайсці вакцынацыю, — працягвае Крысціна Аляксандраўна. — Бо, пагадзіцеся, вельмі важна абараніць работнікаў аховы здароўя, каб мы маглі эфектыўна аказваць дапамогу пацыентам з COVID-19. Вядома ж, як толькі пачалі гаварыць пра вакцынацыю, я вырашыла, што абавязкова зраблю прышчэпку. Хвалююся?! Напэўна, не. Я ўжо шмат прачытала спецыялізаваный літаратуры пра вакцыну “Гам-КОВИД-ВАК”. Гэта першая ў свеце зарэгістраваная вакцына. У цяперашні час яна ўваходзіць у дзясятку лепшых у спісе Сусветнай арганізацыі аховы здароўя. Мяркуючы па адкрытых дадзеных, для большасці вакцына «Гам-КОВИД-ВАК» бяспечная, галоўная рызыка — рэдкая індывідуальная рэакцыя. Ходзяць “міфы”, што можна заразіцца ад самой прышчэпкі. Гэта, дакладна, не так. Заразіцца ад самой вакцыны нельга. У ёй няма “жывога” каранавіруса, а толькі элементы яго структуры, якія патрэбныя для фарміравання абароны. Аднак распрацоўшчыкі папярэджваюць: эфектыўнасць прэпарата не 100, а 91,6%. Гэта значыць, рызыка захворвання, хай і невялікая, але ўсё-такі ёсць. Падчас выпрабаванняў вакцыны было даказана: хто атрымаў яе, але ўсё ж захварэў, пераносіў хваробу ў лёгкай форме (без шпіталізацыі і пнеўманій).

Медыцынская сястра дзённага аддзялення Валянціна Бойнічава рыхтуецца правесці вакцынацыю.

— Сама вакцына “Гам-КОВИД-ВАК” захоўваецца ў спецыяльнай халадзільнай устаноўцы, — заўважае Валянціна Кандрацьеўна. – Саму вакцыну неабходна абкладваць халадавымі элементамі – яны таксама закуплены ў неабходнай колькасці. Мы падыходзім да вакцынацыі з усёй адказнасцю: расказваем бярэзінцам, як падрыхтавацца, якая рэакцыя можа быць на вакцыну…

…Усё гатова для вакцынацыі. Вакцыну ўводзяць у верхнюю частку вонкавай паверхні пляча. У некаторых выпадках прэпарат уводзяць у шырокую мышцу бядра. Некалькі хвілін – і прышчэпка Крысціне Аляксандраўне зроблена.

— Прышчэпка не балючая, як ад грыпу, — заўважае К. Крук. – Самаадчуванне — станоўчае. Як сведчаць даследаванні, першыя антыцелы з’яўляюцца на трэці тыдзень пасля ўвядзення першага кампанента. Але больш дакладны вынік бачны праз 2-3 тыдні пасля ўвядзення другога кампанента.

Усе, каму робяць прышчэпку, на працягу 30 хвілін знаходзяцца пад назіраннем медыцынскіх работнікаў. Гэта — самы небяспечны перыяд, калі можа развіцца алергічная рэакцыя на прэпарат.

— Хочацца адзначыць, што многія нашы медработнікі і педагогі, і сацыяльныя работнікі ўжо праходзяць вакцынацыю, — дадае Валянціна Кандрацьеўна. — І гэта нас радуе!

На вакцынацыю прыйшоў і дырэктар пачатковай школы горада Беразіно Мікалай Дубовік.

Дырэктар пачатковай школы Мікалай Дубовік таксама зрабіў прышчэпку ад каранавіруснай інфекцыі. — Лічу, што мы, педагогі, павінны абавязкова прайсці вакцынацыю. Бо ад гэтага залежыць не толькі наша здароўе, але і здароўе нашых вучняў

— Я заўсёды “за” прышчэпкі. Абавязкова раблю кожны год ад грыпу. Бо ўпэўнены, што вакцынацыя — найлепшая прафілактыка любых захворванняў. Таму і на вакцынацыю супраць каранавіруснай інфекцыі прыйшоў адным з першых. Навошта? Каб абараніць і сябе, і родных, і блізкіх, а таксама калег, вучняў ад каранавіруснай інфекцыі. Мне здаецца, што мы, педагогі, павінны абавязкова ўсе прайсці вакцынацыю. Загадзя амаль не рыхтаваўся. Я вяду здаровы лад жыцця, прайшоў агляд ва ўрача агульнай практыкі. Настроіў сябе на пазітыўную хвалю. Ці хваляваўся? Не! Вакцына адобрана Сусветнай арганізацыяй аховы здароўя. Ужо многія прайшлі вакцынацыю і адчуваюць сябе станоўча. Пасля прышчэпкі пабочнай рэакцыі не было. Хвілін 30 пабыў у працэдурным кабінеце і зноў на працу!

Даведка ад “БП”

Нагадаем, нельга прышчапляцца тым, хто мае гіперадчувальнасць да кампанентаў вакцыны, агульную схільнасць да цяжкіх алергічных рэакцый, а таксама цяжарным жанчынам або тым, хто корміць грудзьмі. Прышчэпкі робяцца людзям ад 18 гадоў. Літаральна нядаўна вакцына “Гам-КОВИД-ВАК” была адобрана Міністэрствам аховы здароўя для людзей, старэйшых за 60 гадоў. З асцярогай да вакцынацыі варта падыходзіць людзям з хранічнымі захворваннямі печані і нырак, дыябетам, цяжкімі захворваннямі сістэмы кровазвароту, эпілепсіяй, сур’ёзнымі парушэннямі імуннай сістэмы, захворваннямі лёгкіх, астмай, тым, хто перанёс інсульт і іншыя хваробы цэнтральнай нервовай сістэмы, з захворваннямі сардэчна-сасудзістай сістэмы. Калі прысутнічаюць вострыя інфекцыйныя і неінфекцыйныя захворванні, абвастрэнне хранічных захворванняў, то
вакцынацыю праводзяць праз 2-4 тыдні пасля ачуньвання. Таксама для тых, хто перанёс “карону”, існуе абмежаванне для прышчэпкі тэрмінам не менш за 3-6 месяцаў.

Юлія Букель.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *