Як умацаваць імунітэт дашкольнікаў? Чытайце ў матэрыяле нашага карэспандэнта

Суровы каранавірус ніколькі не напалохаў работнікаў дашкольных устаноў раёна, а, наадварот, прымусіў педагогаў і тэхнічных работнікаў больш адказна падыходзіць да сваіх абавязкаў, пашырыць санітарна-гігіенічныя мерапрыемствы і работу з бацькамі. У выніку дашкольныя ўстановы стабільна працавалі і не дапусцілі сезоннага прыросту захваральнасці.

— Матэрыяльна-тэхнічная база для заняткаў фізічнай культурай пастаянна папаўняецца за кошт укладанняў з раённага бюджэту і бацькоўскіх узносаў, — зазначае Алена Генадзьеўна. — Мы ўдзячны бацькам за разуменне і падтрымку і спяшаемся паведаміць, што ў лютым будзе адноўлена работа матулінай школы. Дарэчы, у праграме яе дзейнасці асобным радком прапісаны заняткі фізічнай культурай. Трэба ўжо з першых дзён у садку ўмацоўваць імунітэт дзіцяці

Так, са 186 хлопчыкаў і дзяўчынак, якія наведваюць дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці “Крынічанька”, толь-кі 5 чалавек адсутнічаюць па прычыне хваробы. Гэты факт ніколькі не здзіўляе кіраўніка ўстановы Алену Лабунскую.

— У нашым садку ўсе без выключэння адказна ставяцца да супрацьэпідэміялагічных мерапрыемстваў, — гаворыць яна. — Усе бездакорна перайшлі на масачны рэжым, наладзілі па-новаму прыём дзяцей, ды і ўвялі рэжым вільготнай уборкі і праветрыванняў памяшканняў. Яшчэ ў першую хвалю пандэміі нашы работнікі наладзілі пашыў спецвопраткі і масак для медыкаў. Ды і выбралі для сябе прыярытэтным накірункам дзейнасці — умацаванне дзіцячага імунітэту. Падтрымалі іх у гэтым і бацькі.

Парадак дня ў дашкольнай установе распісаны па хвілінах — і ніводная з іх не павінна прайсці дарэмна. Такім дэвізам кіруецца кіраўнік фізічнага выхавання Галіна Цюхай. Вопыту ёй не пазычаць, бо ўжо звыш трыццаці гадоў яна працуе ў дашкольнай установе. З іх 13 — толькі выхавальнікам.

— Мой рабочы дзень абавязкова пачынаецца з зарадкі, — зазначае Галіна Аляксандраўна. — Яна праходзіць для дзяцей усіх груп. Ком-плекс самы звычайны, але ён дапамагае дзіцяці цалкам прачнуцца, адчуць энергію і зарадзіцца добрым настроем на цэлы дзень. Яго павінна хапіць на групавыя і індывідуальныя заняткі, рухомыя гульні на свежым паветры.
Умовы для правядзення заняткаў ва ўстанове адметныя. У зале, дзе наладжваюцца мерапрыемствы, маецца самы разнастайны спартыўны інвентар — ад звычайных мячоў да фітболаў, настольнага тэнісу і трэнажораў. Колькасць іх пастаянна павялічваецца, як і расце жаданне дзяцей займацца фізічнай культурай.

— Як вядома, у нашым садку бацькі па жаданні выбіраюць для дзяцей накірунак развіцця, — расказвае Галіна Аляксандраўна, —
большасць з іх аддае перавагу танцам, каб арганічна спалучаць заняткі харэаграфіяй з пэўнай фізічнай нагрузкай, але на другім месцы нязменна ідуць заняткі фізічнай культурай. Трэба бачыць, як загараюцца вочы дзяцей, калі яны выконваюць практыкаванні з аэробікі, гуляюць у міні-футбол і іншыя рухомыя гульні.
Стаўка ў педагога робіцца не толькі на выпрацоўку калектыўнага імунітэту, але і на індывідуальныя заняткі з дзецьмі.

— Звычайна ў нашых групах колькасць дзяцей даходзіць да 12 хлопчыкаў і дзяўчынак, — заўважае педагог, — а вось індывідуальна я магу займацца нават з адным дзіцем. І гэта бывае не заўсёды проста. Нехта адразу пачынае “біць” мяч, а кагосьці гэтаму вучыць трэба некалькі дзён.

Аднак педагог на цяжкасці не скардзіцца і гатова з дзецьмі займацца да сёмага поту. Таму заўсёды ў выдатнай форме і добрым настроі.

— Заняткі праходзяць заўсёды пад музыку, — гаворыць Галіна Аляксандраўна, — яна з першых гукаў зараджае дзяцей энергіяй і рухомасцю. Ды і прыемна мне, што цікавасць да фізічнай культуры перарастае ў выхаванцаў у захапленне спортам. Нямала маіх юных гадаванцаў выбіраюць для сябе пасля садка заняткі футболам, грэка-рымскай барацьбой.

ПАРАДЫ ПА ЎМАЦАВАННІ ЗДАРОЎЯ АД ГАЛІНЫ ЦЮХАЙ

Узімку халоднае над-вор’е прымушае значную частку часу праводзіць у закрытым памяшканні. Але ў зімы свае радасці: канькі і лыжы, санкі і хакей, лепка снегавіка і проста бег па снезе. Выкарыстоўваць іх варта пасля дзіцячага сада і ў выхадныя дні абавязкова! Калі ёсць магчымасць зімой выехаць куды-небудзь з дзецьмі на выхадныя дні, гэта пайшло б на карысць і дарослым, і малым. Адпачынак падчас выхадных як спосаб аздараўлення дзяцей цалкам апраўданы.

Жаданне бегаць, скакаць і пастаянна рухацца — гэта адметная асаблівасць усіх дзяцей. Фізічныя практыкаванні — выдатны
спосаб з карысцю расходаваць гэтую энергію. Рухомыя гульні і спецыяльныя практыкаванні дапамогуць умацаваць постаць дзіцяці, палепшаць імунітэт і, вядома, узнімуць настрой. А яшчэ заняткі фізкультурай стымулююць дзейнасць мозга. Таму вы можаце выхаваць і вундэркінда.

Дарэчы, прагулка — гэта яшчэ адзін карысны занятак. Любы выхад з памяшкання — магчымасць лепш спазнаць навакольны свет. Экскурсіі ў цікавыя месцы значна пашыраць дзіцячы кругагляд.

Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *