Як выглядала Беразіно сто гадоў назад

 

На загалоўным здымку мы бачым з вышыні птушынага палёту будынак Дома правасуддзя. Таксама відаць вуліцы і дамы вакол яго. Між іншым, мала хто з бярэзінцаў ведае, што сто гадоў назад менавіта тут быў цэнтр горада.

На гэтым здымку тое самае месца. Цэнтрам ужо не лічылася. Аднак тут быў аўтавакзал і потым Дом быту. Побач месцілася і пякарня, якую помняць старажылы. Фота зроблена з ракурсу бібліятэкі, у будынку якой даўней месціліся органы ўлады. Сам здымак мабыць з 70-х гадоў, аўтарства фота невядомае.

А вось на гэтым фота ізноўку тое самае месца, толькі ў дарэвалюцыйны час. Базарная плошча і касцёл, які згарэў у час пажару ў 1924 годзе. Дарэчы, тагачасны пажар асобная тэма. Па ўспамінах сучаснікаў тады згарэла звыш 500 розных пабудоў, у тым ліку прыстань, пажарная частка, пошта, праваслаўны храм, сінагогі і вось гэты касцёл на здымку.

Такім чынам, якім быў наш горад у той далёкі час? Мы тое можам зведаць дзякуючы малавядомаму нямецкаму мастаку Курту Заўэрмільху (Curt Sauermilch), які жыў у Беразіно ў 1918 годзе.

І спачатку інфармацыя пра мастака.

Курт Заўэрмільх нарадзіўся 26 верасня 1883 года ў Варшаве ў сям’і капельмайстра Генрыха Заўэрмільха, падчас вельмі драматычных падзей – бацька удзельнічаў у замаху на жыццё рускага цара і быў вымушаны ратавацца бегствам са слаўнага Пецярбурга. Пасля доўгіх вандровак сям’я Заўэрмільхаў канчаткова пасялілася ў Дрэздэне.

Пасля заканчэння дрэздэнскай Акадэміі вытанчаных мастацтваў Курт Заўэрмільх шмат падарожнічаў па Германіі. Пасяліўся ў невялікім горадзе Хольцміндэне, працаваў настаўнікам малявання ў будучых інжынераў-будаўнікоў і архітэктараў, сустрэў будучую жонку Эллі Мюндэр, з якой ажаніўся ў 1912 годзе.

У 1914 годзе Курта прызвалі ў кайзераўскае войска і накіравалі на Усходні фронт, пачалася Першая сусветная.

7 лістапада 1917 года ў Расіі да ўлады прыйшлі бальшавікі. 3 снежня ў горадзе Брэст-Літоўску савецкі ўрад пачаў перамовы з Германіяй аб усталяванні міру, а ўжо 13 лютага 1918 года кайзер Вільгельм ІІ скончыў перамір’е і пачаў наступленне на Усходнім фронце. Да 19 лютага кайзераўскія войскі захапілі Мінск, а 25 лютага занялі Барысаў. У выніку наступлення да 1 сакавіка 1918 года немцы былі ўжо ў Гомелі, Чарнігаве, Магілёве. Ну, а 3 сакавіка ў Брэст-Літоўску савецкая дэлегацыя афіцыйна падпісала дакумент, які ўвайшоў у гісторыю пад назвай Брэсцкага міру.

Мястэчка Беразіно нямецкія войскі занялі адразу пасля захопу Барысава 25 лютага 1918 года, і заставаліся тут да канца года. У гэты перыяд тут і жыў мастак  Курт Заўэрмільх, які на той час служыў у кайзераўскім войску. Мастак не забыў уласнага прызвання і паміж ваеннымі дзеяннямі рабіў графічныя накіды і акварэльныя малюнкі ў сваім палявым альбоме. Ён маляваў не толькі ў Беразіно, але і ў Багушэвічах, Койданаве, пад тагачаснай Вільняй, іншых месцах. На гэтых малюнках Беразіно і жыхары мястэчка.

А вось тут Багушэвічы.

 

На гэтым фота таксама Беразіно. Дудар. Здымак 1919 года.

Пасля Першай сусветнай вайны Курт Заўэрмільх вярнуўся ў родны Хольцміндэн і працаваў там у якасці педагога і мастака. У 1940-м годзе ўзначаліў мясцовы краязнаўчы музей. За культурна-гістарычныя заслугі ў 1955 годзе быў узнагароджаны Федэральным крыжом. Памёр мастак 6 чэрвеня 1957 года.

Такім чынам з’явілася і дайшла да нас цікавая гістарычная спадчына, магчымасць паглядзець, як выглядала Беразіно ў далёкім 1918 годзе, калі было яшчэ не горадам, не пасёлкам, а проста мястэчкам. Быццам на машыне часу пераносішся ў тую эпоху. У чымсьці ўзнёсла-рамантычныя гэтыя малюнкі. Мастак бачыў гэткіх людзей як і на Нямеччыне, толькі крыху з іншымі светапоглядамі, маляваў відарысы, якія і нам зараз як на дзіва паглядзець. Цікава, ён няйнакш сустракаўся там з нашымі многімі дзядулямі-бабулямі, маляваў іх хаты…

З тае пары Беразіно вельмі змянілася. Вось на гэтым здымку сучасны цэнтр. Цяжка ўявіць, што яшчэ гадоў сто назад тут бадай амаль нічога не было, акрамя палёў, дрэваў ды кустоўя. Хаця будынак спіртзавода (у левай частцы фота) ўжо меўся.

Падрыхтаваў Аляксандр БЫЧКОЎСКІ.

Фота ўзята з інтэрнета.

Загалоўнае фота прадастаўлена Аляксандрам ПШАНІЧНІКАМ.

 

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *