Як затрымаць моладзь на вёсцы?

Гэта пытанне ўжо даўно стала рытарычным і надзейна замацавалася ў нашых паўсядзённых і філасофскіх размовах. Атрымаўшы вясковую прапіску падчас размеркавання, наваспечаныя ўладальнікі дыпломаў пачынаюць актыўна думаць: «Што ж рабіць?» Для большасці ўчарашніх выпускнікоў сярэдніх спецыяльных і вышэйшых навучальных устаноў гады адпрацоўкі ў вёсцы ўяўляюцца згубленымі і страчанымі. І маладыя спецыялісты стараюцца пазбегнуць яе «гравітацыйнага прыцягнення» любымі шляхамі. Таму кожнае лета аддзелы кадраў у рэгіёнах нагадваюць хутчэй канвеер, чым зладжаную каманду. Даць адказ на згаданае раней пытанне не так і проста, а вось паспрабаваць пашукаць яго можна.

СУП “АграМАЗ” быў выбраны невыпадкова, бо гэта адно з эканамічна моцных і развітых сельгаспрадпрыемстваў раёна, дзе даўно выкарыстоўваюцца навацыйныя тэхналогіі і ўвесь час паляпшаюцца ўмовы працы. Тут даўно ганарацца ростам вытворчасці, надзейнай прадукцыйнасцю працы і адным з самых высокіх сярэдніх заробкаў у рэгіёне. Аднак усё роўна гаспадарку ліхаманяць пэўны недахоп кадраў і цякучка. Чуць гэта ўдвая дзіўна, бо цэнтральная сядзіба гаспадаркі размешчана ў аграгарадку Любушаны, дзе ёсць сучасны Дом культуры, фельчарска-акушэрскі пункт, бібліятэка, ды адна з лепшых у раёне навучальных устаноў.

Здаецца, што пры такой мясцовай інфраструктуры і заробку аператараў машыннага даення ад 1300 да 1800 рублёў, тут павінна панаваць канкурэнцыя, а яе, на жаль, няма, бо лава запасных работнікаў адсутнічае…

Спачатку — прафарыентацыя, затым — ідэалогія

Аляксандр Сойка, юрыст-консульт, старшыня ветэранскай арганізацыі СУП “АграМАЗ”.

– Змена маладых спецыялістаў у сельскай гаспадарцы – з’ява не новая і даволі злабадзённая. Спыніць яе стараюцца рознымі спосабамі: матэрыяльнымі бонусамі, паляпшэннем умоў працы. Аднак пакуль «каэфіцыент карыснага дзеяння» намаганняў толькі імкнецца дасягнуць абсалюту.

Таму кожны год адных мы вітаем і адначасова развітваемся з іншымі: пралятаюць два гады — і наша моладзь імкнецца змяніць месца жыхарства на горад. Вядома ж, набраўшыся належнага вопыту. Мы зацікаўлены, каб маладыя заставаліся працаваць у нас, таму не шкадуем матэрыяльных сродкаў на «заахвочванне». Сёння ў гаспадарцы працуе каля 173 чалавек. Толькі 48 з іх – ва ўзросце да 35 гадоў. На жаль, маладыя людзі імкнуцца адразу атрымаць усё пры мінімуме намаганняў. Вядома, умовы працы не самыя лёгкія, ды і патрабуюцца нам не старанныя вучні, а ўжо гатовыя спецыялісты з вопытам і навыкамі. Таму не заўсёды хапае часу для “настаўніцтва”. Сельская гаспадарка – жывы працэс, які патрабуе ўвагі і клопату кожную гадзіну. Таму ненармаваны працоўны дзень, у прынцыпе, для нас – норма. Вось я, напрыклад, раней у адной з арганізацый раёна складаў адзін дагавор за дзень, а сёння ў мяне іх афармляецца больш за дзесяць. Вядома ж, бывае складана і галава пухне ад розных даручэнняў, але як можна пакінуць жывёлу без кармавых дабавак і канцэнтратаў, а тэхніку – без паліва?!

На жаль, маладое пакаленне не ўвабрала ў сябе такой адказнасці і любові да зямлі, таму сказаць пра яго адданасць справе хоць вельмі хачу, але не магу.

Выйсце мне бачыцца на падставе вопыту былой следчай дзейнасці. Сябе надзейна зарэкамендавала практыка прафарыентацыйнай работы ў органах унутраных спраў. Тут юнака вядуць у прафесію са старэйшых класаў і суправаджаюць усе гады вучобы і службы, стымулююць званнямі, пасадамі і прэміямі. Таму я вельмі рады, што на базе ДУА “Сярэдняя школа № 2 г. Беразіно” працуе аграрны клас і ўжо ёсць яго першыя выпускнікі, якія сталі студэнтамі адпаведных навучальных устаноў. Шчыра спадзяюся, што ў будучыні яны не пакінуць без ўвагі нашу гаспадарку і папоўняць рады “аграмазаўскіх” работнікаў.

Праўда, сядзець склаўшы рукі ў чаканні маладога папаўнення ніяк нельга, як заўважыў адзін з нашых работнікаў-пенсіянераў, з маладымі трэба весці ідэалагічную работу і накіроўваць іх намаганні на правільны шлях, размаўляць шчыра, тлумачыць, дзесьці падстаўляць плячо і нават адпускаць у свабоднае плаванне. Няхай у поўнай меры адчуюць смак адказнасці за справу і падначаленых ім людзей!

Паводле звестак райсельгасхарчу, сярэдняя заработная плата ў сельскай гаспадарцы раёна за 2020 год налічвала 736 рублёў. СУП “АграМАЗ” з паказчыкам у 918 рублёў надзейна займае другое месца.

«Я гатовы на працу ісці нават пешшу»

Аляксандр Бяляеў, бухгалтар:

– Я тут працую на перыяд пераддыпломнай практыкі бухгалтарам. Аб вакансіі даведаўся выпадкова і бясконца шчаслівы, што ўзялі на працу. Я ўжо пабываў на ўсіх аб’ектах і адчуваю вялікае жаданне шчыраваць менавіта ў гэтай гаспадарцы. За плячыма ў мяне дыплом Навапольскага тэхнікума, а хутка будзе – і Горацкай акадэміі. Жыву я ў Беразіно і на працу дабіраюся з калегамі на аўтобусе за 15 хвілін. Вы не ўяўляеце, з якіх толькі вёсак раёна людзі спяшаюцца сюды на працу! Падабаецца мне гэты прыгожы і ўтульны аграгарадок. Планую сустрэць тут і суджаную.

«Дзе нарадзіўся, там і згадзіўся»

Алена Каток, аператар машыннага даення МТФ “Дулебы”:

— Я мясцовая, пасля школы не кінулася шукаць шчасце ў горадзе, ды і не пралічылася. У свае 28 гадоў маю ўласны дом, сям’ю і чацвёра дзяцей. Няма пытанняў і з працай, бо ферма дае надзейны заробак і ўпэўненасць у заўтрашнім дні. Вядома ж, працаваць няпроста, але я вясковая і мяне нічым не напалохаеш! Ды і дзе ў горадзе людзі зарабляюць больш, чым нашы жывёлаводы? У аграгарадку створаны ўсе ўмовы для дзяцей – да іх паслуг бібліятэка, Дом культуры і сучасная школа. Таму ў маіх планах намеру перабрацца ў горад няма, ды і дзецям сваім (пры жаданні) застацца працаваць на зямлі я пярэчыць не буду!

«Самае цяжкае – рана ўставаць»

Кацярына Кокіц, ветурач:

– Я – сталічная жыхарка, якая выбрала прафесію ветурача. Скончыла Смілавіцкі сельскагаспадарчы тэхнікум. А ў “АграМАЗе” апынулася па запрашэнні мясцовага кіраўніка Андрэя Зубара. Свае абяцанні ён цалкам выканаў. Я жыву ў асобным пакойчыку, маю нядрэнны заробак у свае 20 гадоў – прыкладна 800-900 рублёў, ёсць у мяне і выхадныя, якія я звычайна праводжу ў сталіцы. А нядаўна завяла сабаку, з якім люблю гуляць па аграгарадку.

Што ж тычыцца справы, то яна няпростая, ды і працоўны дзень разарваны на дзве часткі. Асабліва цяжка прачынацца ў
6 гадзін раніцы…

Ды і крышачку палохае вялікая колькасць абавязкаў і спраў. За дзень, здараецца, і лішні раз не прысяду. Аднак тут людзі надзвычай добрыя і спагадлівыя. Ды і не ўсе яны па ўзросце – мае матулі, ёсць і маладыя дзяўчаты, з якімі можна шчыра падзяліцца.

Ці застануся пасля адпрацоўкі ў гаспадарцы? Пакуль не вырашыла, як і не ведаю, чым буду займацца пасля вызначаных двух гадоў. Так далёка пакуль не загадваю.

«Пасада кіраўніцкая, а кіраваць няма кім»

Павел Анісім, працуе на машынным двары:

– Я тут і механік, і загадчык мехмайстэрні. Як спраўляюся? Сам вясковы і з маленства ведаю смак працы ў сельскай гаспадарцы. Родам з Навагрудка, а сюды прыехаў з жонкай на адпрацоўку пасля заканчэння вучобы. Яна ў мяне бухгалтар, у канторы зарабляе 650 рублёў, а ў мяне заробак – 900.

Праўда, грошы вельмі не радуюць, бо пэўны час мелі праблемы з жыллём. Гаспадарка ж дамы спецыялістам не будуе! Ды і не вельмі задавальняе праца, бо пасада ў мяне кіраўніцкая, а кіраваць няма кім — рабочых не хапае. Таму ўсё кладзецца на мае плечы і забірае ўвесь вольны час, асабліва зараз, у пасяўную кампанію. Не выключана, што з жонкай адправімся праз год у сталіцу. Там заробкі і ўмовы зусім іншыя.

***

Здавалася б: заробак для вёскі неблагі, умовы працы належныя і г.д. Чаму моладзь не затрымліваецца тут?! Аднак трэба ўлічваць, што матэрыяльнае становішча – не галоўны паказчык. Гэта па-першае. Падругое, толькі сапраўды ўлюбёны ў вёску і адданы ёй чалавек можа вытрымаць бытавыя і працоўныя цяжкасці. Па-трэцяе, акрамя рамантыкі і асалоды ад вясковага спакою і прыгажосці, існуе рэальнасць, якая не заўсёды насычана адметнымі падзеямі. Любая праца, занятак патрабуюць, як і вёска патрабуе, новых ідэй, свежага погляду на звыклыя рэчы. І таму кожнаму кіраўніку трэба выпрацаваць свой сакрэт замацавання моладзі на вёсцы.

Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Юліі БУКЕЛЬ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *