Як захаваць памяць пра Вялікую Айчынную вайну?

Пра ролю беларусаў у Другой сусветнай вайне напісана і сказана нямала. Мы ўзгадваем пра супраціўленне, падполле, партызанаў. Але ці толькі ўспамінамі пра подзвігі даўно вядомых герояў можна захаваць памяць?

Нельга забыцца, якія выпрабаванні выпалі на долю нашага народа. На акупаванай тэрыторыі было знішчана больш за 2 мільёны чалавек, з іх 1,5 мільёна цывільнага насельніцтва! Наша краіна страціла кожнага трэцяга жыхара… Але ці ведае сучаснае пакаленне, як паміралі землякі, якія пакуты ім давялося перажыць? І наколькі павялічыцца цана Перамогі для іх, калі ведаць, ад якіх жахаў была вызвалена Беларусь? Гэта не толькі канцлагеры і гета, палаючыя вёскі, забітыя дзеці і старыя, але і сотні, тысячы знявечаных лёсаў…

На гэту тэму сёння разважаюць педагогі Любушанскай установы адукацыі Васілій Раткевіч і Настасся Марозава.

Трэба смела гаварыць дзецям праўду пра вайну

Васілій Раткевіч, старшыня ветэранскай арганізацыі:

— Беларускі народ — змагар. Народ — вызваліцель. Народ, які выстаяў, выцерпеў, не скарыўся. І гэта трэба даносіць дзецям, — лічыць Васілій Раткевіч

– Мы з маленства памятаем, што ў гады Вялікай Айчыннай вайны загінуў кожны трэці жыхар нашай краіны. Калісьці гэтага было дастаткова, каб уявіць маштабы трагедыі. Але толькі не сёння: па тэлевізары штодзень паказваюць рэпартажы аб баявых дзеяннях у розных краінах свету і грамадства ліхаманіць дэмаграфічная праблема. Таму лічу няправільным ацэньваць колькасць ахвяр толькі ў лічбах. Вайна — гэта не толькі загінуўшыя. Сучаснаму школьніку сёння мала падаць выключна сухую статыстыку, расказаць пра разбурэнні, страты. Трэба засяродзіць увагу на тым, што вайна закранула кожнага, у тым ліку псіхалагічна. Колькі зламаных лёсаў! Калі на вачах дзіцяці забіваюць маці ці бацьку, ці наадварот, бацькі страчваюць дзяцей. Гэта – жудасная карціна, траўма на ўсё жыццё. Цяжка ўявіць, як з гэтым чалавек пасля жыў. А такіх выпадкаў у гады вайны было нямала – і людзі навучыліся жыць з горам.

Не менш цяжка давялося беларусам і пасля вайны – галадалі, жылі ў зямлянках і аднаўлялі разбураную краіну. Таму не было часу на эмоцыі і заглядванне ў душу. Дзесяцігоддзі пасля вызвалення людзі адзначалі толькі агульную перамогу над фашыстамі. Аднак сёння настаў іншы час і трэба здзейсніць паварот у бок эмацыянальнага, асобаснага ўспрымання ваеннай трагедыі. І тут варта звярнуцца да мастацкіх фільмаў і твораў. Нядаўна ў пракат ізноў выйшаў славуты фільм Элема Клімава “Ідзі і глядзі”. Яго ў свой час, трыццаць сем гадоў таму, паглядзелі мільёны савецкіх школьнікаў. Аднаго разу некаторым хапіла, каб на ўласнай скуры адчуць усе жахі нямецкай акупацыі ў невялічкай беларускай вёсцы, перажыць трагедыю людзей на вайне. Можна згадаць і творы Васіля Быкава, Алеся Адамовіча і іншых беларускіх пісьменнікаў. Яны чапляюць чытача, бо паказваюць душу чалавека, яго эмоцыі на вайне.

Трэба прызнаць, што змены ў грамадска-палітычным жыцці садзейнічалі прарыву ў вывучэнні гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

І сёння мы нашмат больш ведаем і маем магчымасці, каб адкрываць новае. Ды і не можа не радаваць рашэнне Прэзідэнта краіны абнародаваць частку ваенных архіваў. Трэба смела расказваць дзецям праўду аб тых падзеях і нагадваць ім, што нямецкія акупанты не жадалі нашай краіне суверэнітэту, а імкнуліся цалкам знішчыць беларускую нацыю.

Не трэба баяцца і пытанняў моладзі пра вайну, а лепш даць ім магчымасць самім адшукаць адказы і паразважаць, уявіць карціну ваенных падзей і маштабы трагедыі праз уласныя перажыванні.

У краіны-пераможцы — мільёны герояў

Настасся Марозава, малады спецыяліст, выкладчык гісторыі і грамадазнаўства:

— Дзень Перамогі для мяне — вялікае свята, — гаворыць Настасся Марозава. — І няхай я не гляджу па тэлевізары ваенныя фільмы і не ўскладаю кветкі да помнікаў, я нязменна ўдзячна нашым героям-вызваліцелям за блакітнае неба і спакой, магчымасць жыць без страху і быць шчаслівай!

– Я родам з Оршы, скончыла гістарычны факультэт Віцебскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта ім. П. Машэрава. Мяркую, што гэта яскрава дэманструе маё стаўленне да падзей Вялікай Айчыннай вайны. Хачу аддаць належнае педагогам і выкладчыкам. Дзякуючы ім, я пабывала ў многіх месцах, дзе загінулі воіны і мірныя беларусы ў час вайны, і цяпер ведаю, што такіх памятных месцаў шмат. Таму лічу, што рабіць стаўку толькі на сухую статыстыку нельга. Яна штогод абнаўляецца і не ўспрымаецца належным чынам школьнікамі. Трэба шукаць іншыя, жывыя і зразумелыя ім, аналогіі.

Праблем асаблівых з выкладаннем гісторыі Вялікай Айчыннай вайны няма, бо дзеці шчыра цікавяцца ваеннымі падзеямі. Асабліва іх вабіць тэхніка і яе магчымасці. Яны нават лепш за мяне разбіраюцца ў характарыстыках танкаў!

Ды і выдатна дапамагае мне ў правядзенні ўрокаў экскурсійная дзейнасць. Любушанскія школьнікі ўжо пабывалі на Буйніцкім полі і на мемарыяльным комплексе “Хатынь”. Не магу не адзначыць і пошукава-краязнаўчую дзейнасць любушанскіх педагогаў. Яе трэба працягваць і далей, каб прыцягнуць як магабольш школьнікаў і не пакінуць белых плям у нашай ваеннай гісторыі.

У выніку даследчай дзейнасці вучні даведваюцца не толькі пра вайну, але і пра асабісты ўдзел у ёй многіх беларусаў, адкрываюць новыя прозвішчы герояў. Але сёння не трэба абмяжоўвацца толькі імёнамі тых, хто ў свой час атрымаў прызнанне, стаў героем, трапіў у падручнікі гісторыі, энцыклапедыі, літаратуру – афіцыйную, навуковую і мастацкую. Дзеці павінны ўсвядоміць, што ў кожнага, хто перажыў вайну, ёсць свая гісторыя, якую б ён хацеў пакінуць нашчадкам. І тут у іх шырокае поле для пошуку, бо мільёны людзей закранула вайна. А значыць, існуюць мільёны гісторый і мільёны герояў.

– Сённяшнія вучні – дзеці страчанага ідэалагічна пакалення 90 гадоў мінулага стагоддзя, – дадае дырэктар ДУА “Любушанскі ВПК дзіцячы садок-сярэдняя школа” Алена Абазовік. – Таму перад педагогамі стаіць няпростая задача – абудзіць патрыятызм не толькі ў вучняў, але і ў іх бацькоў. А пачынаць настаўнікам трэба з сябе. Ці кожны з нас сёння ведае гісторыю сваёй сям’і ў час акупацыі?!

Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *