Якая ўстанова адукацыі стала лепшай на Бярэзіншчыне? Вызначылі на выніковым педагагічным савеце

24 лютага на базе ДУА “Пачатковая школа №1 горада Беразіно” прайшоў выніковы савет “Аб выніках дзейнасці ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме Бярэзінскага райвыканкама, устаноў адукацыі ў 2020 годзе па павышэнні даступнасці і якасці адукацыі”.

На мерапрыемства атрымалі запрашэнне члены савета, кіраўнікі ўстаноў адукацыі і спорту, кіраўнік УА “Бярэзінскі раённы цэнтр па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый”, прадстаўнікі педагагічнай грамадскасці. Удзел у савеце прынялі намеснік старшыні райвыканкама Уладзімір Навіцкі і старшыня Бярэзінскай раённай арганізацыі прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі Людміла Толкач.

Тон рабоце савета надала начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама Алеся Цітова. Яна ў сваім дакладзе падрабязна прааналізавала дзейнасць сістэмы адукацыі раёна ў мінулым годзе і акрэсліла кола задач на сёлетні перыяд.

Перад прысутнымі выс-тупае начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама Алеся Цітова. — У мінулым годзе зроблена нямала для развіцця адукацыі, але спыняцца на дасягнутым нельга, — заўважыла яна, — бо яшчэ маецца шмат нявыкарыстаных рэзерваў, сярод якіх самы галоўны — педагог. Без яго гарэння і любові да дзяцей сучаснай школе немагчыма рухацца наперад!

— У бягучым навучальным годзе перад установамі адукацыі побач з традыцыйнымі пастаўлены і шэраг новых задач, — падкрэсліла Алеся Аляксееўна. — Вялікая ўвага надаецца адкрыццю профільных класаў.

Так, у сярэдняй школе №2 ужо другі год плённа працуюць па дзве групы педагагічнай і аграрнай накіраванасці. У пачатковай школе №1 і гімназіі наладжана навучанне ў спецыялізаваных класах па плаванні і валейболе. Прафесійная падрыхтоўка вучняў 10-11 класаў праводзіцца ў 12 установах сярэдняй адукацыі па праграме падрыхтоўкі рабочых. Не менш важна ў гэтым годзе будзе стварыць на базе ДУА «Паплаўскі ВПК дзіцячы садок – сярэдняя школа» вучэбную лабараторыю па прадмеце «Працоўнае навучанне» і абсталяваць яе сучаснымі сродкамі навучання.

Намеснік старшыні райвыканкама Уладзімір Навіцкі прыйшоў на выніковы савет упраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама не з пустымі рукамі. Ён уручыў падзякі старшыні дырэктару Інтэлектуальнага цэнтра дзяцей і моладзі Вераніцы Макеенковай і настаўніцы ДУА «Сярэдняя школа №3 горада Беразіно» Людміле Фясун. Апрача гэтага, Уладзімір Міхайлавіч прыняў удзел у абмеркаванні пытання аб прафілактыцы правапарушэнняў сярод школьнікаў

Важнейшым крытэрыем паспяховай дзейнасці бярэзінскіх педагогаў з’яўляецца павышэнне якасці адукацыі. Тут не лішнім будзе нагадаць, што ў 2021 годзе чатыры нашы вучні вярнуліся з трэцяга этапу прадметнай рэспубліканскай алімпіяды. Пачэсную пуцёўку ў фінал атрымалі інфарматыкі Аляксей Бурымскі і Мікіта Радкевіч. На абласным этапе рэспубліканскага конкурсу работ даследчага характару школьнікі Бярэзіншчыны адзначаны двума дыпломамі. Вучань СШ №2 — уладальнік дыплома ІІ ступені абласнога этапу конкурсу чытальнікаў “Жывая класіка”, яшчэ адзін навучэнец установы мае падобны дыплом у конкурсе “Упрыгожым Беларусь кветкамі”. Творчы калектыў ДУА “Любушанскі ВПК дзіцячы садок-сярэдняя школа” вярнуўся з рэспубліканскага этапу конкурсу з дыпломам ІІ ступені.

Урачысты момант выніковага савета ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама. Пачэсныя ўзнагароды атрымліваюць кіраўнікі ўстаноў адукацыі, якія па выніках мінулага навучальнага года перамаглі ў намінацыях “Лепшая ўстанова адукацыі, размешчаная ў гарадской мясцовасці”, “Лепшая ўстанова адукацыі, размешчаная ў сельскай мясцовасці”, “Лепшая ўстанова дашкольнай адукацыі” і “Лепшая ўстанова дадатковай адукацыі для дзяцей і моладзі”

А ўсяго ў творчых конкурсах абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў дыпломамі адзначаны 42 бярэзінскія вучні. На стымуляванне і заахвочванне таленавітай моладзі па выніках 2019/2020 навучальнага года выдаткавана 11,5 тысячы рублёў для 143 вучняў.

Усё гэта красамоўна сведчыць аб высокім прафесіяналізме педагагічных работнікаў, 85 працэнтаў якіх маюць вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю. У нашым раёне працуе адзіны ў вобласці Інтэлектуальны цэнтр дзяцей і моладзі, дзе наладжана работа па падрыхтоўцы вучняў да паступлення ў ВНУ, удзелу ў конкурсах даследчага характару і прадметных алімпіяд. Плённасць работы педагогаў відавочная — 45% выпускнікоў сталі студэнтамі ўніверсітэтаў, 36% — навучэнцамі каледжаў.

Завяршылася мерапрыемства, як і належыць, урачыстым ушанаваннем педагогаў раё- на, якія дасягнулі ў мінулым навучальным годзе найлепшых вынікаў. Яны атры-малі ўзнагароды ад Бярэзінскага райвыканкама, галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінаблвыканкама і ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама. У падарунак ім былі не толькі прыгожыя букеты жоўтых цюльпанаў, але і самыя цёплыя і шчырыя словы прызнання высокага прафесіяналізму і вернасці настаўніцкай справе

Ахоп дзяцей дадатковай адукацыяй адзін з самых высокіх у вобласці, бо вялікай папулярнасцю ў дзятвы карыстаюцца ўсе тры профільныя ўстановы. Каб пераканацца ў гэтым, дастаткова назваць толькі адну – турыстычны цэнтр “Юнацтва”. Яго ведаюць не толькісотні бярэзінскіх школьнікаў, але і ўпадабалі за належную арганізацыю самых розных спаборніцтваў шмат юнакоў і дзяўчат з усёй краіны.

Усё гэта было б немагчыма без дзейснай падтрымкі райвыканкама.

— Толькі ў мінулым навучальным годзе ўстановы папоўніліся новымі камп’ютарнымі класамі, лінгафоннымі кабінетамі і інтэрактыўнымі дошкамі, — заўважыла прамоўца. — На падрыхтоўку ўстаноў выкарыстана 600 тысяч рублёў.

Так, адрамантаваны харчблокі ў дзвюх дашкольных установах. У СШ №3 новы сучасны выгляд набылі раздзявальні і калідоры, спартыўная зала, добраўпарадкавана тэрыторыя, заменены вокны і дзверы, адрамантаваны сістэма ацяплення і водаправод. У СШ №2 летась навялі парадак у актавай зале і атрымалі ў падарунак міні-футбольную пляцоўку і варкаўт-пляцоўку. У чатырох установах адукацыі замянілі дах. Работа гэта працягваецца, бо ў супрацоўніцтве з Нацыянальным інстытутам адукацыі і Сусветным банкам рэканструкцыі і развіцця плануецца зрабіць капітальны рамонт і мадэрнізацыю ДУА “Пагосцкі ВПК дзіцячы садок-сярэдняя школа”. Ужо распрацавана каштарысная дакументацыя і аб’яўлена працэдура выбару падрадчыка.

 

Усе ўстановы маюць сістэмы відэаназірання і мэтанакіравана працуюць над пытаннем пашырэння пазабюджэтнай дзейнасці, што дазволіць у далейшым паляпшаць матэрыяльна-тэхнічную базу навучальных і выхаваўчых устаноў, удасканальваць кадравы патэнцыял.

Стымуляваць педагагічныя калектывы павінен і раённы конкурс «За дасягненне высокіх паказчыкаў у развіцці адукацыі». Па выніках мінулага навучальнага года лідзіруючыя пазіцыі занялі ДУА «Сярэдняя школа № 2 горада Беразіно», ДУА “Любушанскі ВПК дзіцячы садок-сярэдняя школа”, ДУА “Дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці “Крынічанька” і ДУА “Турыстычны цэнтр “Юнацтва” вёскі Жорнаўка”. Станоўчая дынаміка развіцця назіраецца ў рабоце ДУА “Пагосцкі ВПК дзіцячы садок-сярэдняя школа”, “Капланецкі ВПК дзіцячы садок-сярэдняя школа” і “Санаторны яслі-сад №1 горада Беразіно”.

Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *