Якія дакументы неабходны для нарыхтоўкі дроў?

Калі вы — жыхар сельскай мясцовасці або актыўны дачнік, які наведвае свой загарадны дом у халады, і вырашылі не траціцца на набыццё дроў, а нарыхтаваць іх самастойна, варта памятаць аб юрыдычных нюансах гэтай справы.

Перш чым адправіцца ў лес па дровы, неабходна атрымаць дазвольны дакумент.

Згодна з Лясным кодэксам, дазвольным дакументам на нарыхтоўку грамадзянамі драўніны ў невялікім аб’ёме з’яўляецца ордар. Па ім можна нарыхтаваць да 50 кубаметраў лесу, але не больш. Каб атрымаць дакумент, трэба звярнуцца з заявай у лясніцтва. Там растлумачаць, на якім участку і якія дрэвы можна секчы. Ордар неабходна мець пры сабе падчас правядзення рубкі. Ён жа з’яўляецца неабходным дакументам для вывазкі лесапрадукцыі. Вывозіць нарыхтаваную драўніну можна толькі пасля яе абмеру службовай асобай лясніцтва і пасля прастаўлення ім адзнак у адпаведных графах ордара.

Плата за самастойна нарыхтаваную дроўную драўніну, як правіла, невялікая, у адрозненне ад незаконных высечак, якія могуць абысціся парушальніку ўтрая даражэй. Штраф за высечку дрэў без дазвольнага дакумента можа дасягаць 30 базавых велічынь у эксплуатацыйных лясах і да 50 базавых велічынь — у прыродаахоўных, рэкрэацыйна-аздараўленчых і ахоўных лясах.

Дзмітрый ЖУКОЎСКІ,
намеснік начальніка Бярэзінскай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *