Што здарылася ў адной з кватэр горада Беразіно?

А пятай гадзіне ночы ў дзяжурную часць раённай міліцыі патэлефанавала ўсхваляваная жыхарка горада. Жанчына паведаміла міліцыянерам, што ў кватэры адчуваецца едкі пах дыму, хутчэй за ўсё ён ідзе з вентыляцыйнай адтуліны. Тэрмінова дзяжурны міліцыянер накіраваў па адрасе нарад міліцыі, а інфармацыю аб здарэнні адрасаваў выратавальнікам.

— У кватэры жанчыны і сапраўды стаяў нясцерпны і едкі пах гару, — расказаў намеснік начальніка РАУС Павел Шышкевіч. — Таму міліцыянеры вырашылі тэрмінова праверыць суседнія кватэры.

Высветлілася, што паверхам ніжэй скрозь шчыліны ў дзвярах ужо ішоў дым. На працягу некалькіх секунд вартавыя правапарадку грукалі ў кватэру, пакуль не адчыніў гаспадар. Па яго словах, вечарам ён рыхтаваў ежу і з-за няўважлівасці пакінуў на ўключанай газавай пліце патэльню і пайшоў спаць. У выніку — распаленая кухонная рэч і выклікала такі едкі дым.

Застаецца нагадаць, што медыцынская дапамога забыўчываму кулінару не спатрэбілася.

Мілана ТРАПЯНОК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *