З любоўю да прыгожага

Не займаць энергіі, творчага запалу і крэатыву жыхарцы дома № 32 па вуліцы Набярэжнай горада Зоі Леанідаўне Самец. Паспявае яна і агарод дагледзець, і лесвічную клетку ў пад’ездзе прыгажосцю і ўтульнасцю напоўніць, у грыбы і ягады збегаць, каб зрабіць нарыхтоўкі на зіму.

Хоць і знаходзіцца на заслужаным адпачынку, але змалку прывучаная да працы, не ўяўляе свайго жыцця без яе. Таму занятак па душы ёсць круглы год. Увесну трэба кветкі перасадзіць і падкарміць.
А іх у Зоі Леанідаўны незлічонае мноства. З ранняй вясны да позняй восені ў агародзе каля дома радуюць вока квеценню ружы, півоні, вяргіні, хрызантэмы, петуніі, астры і іншыя. Некаторыя з іх гаспадыня вырасціла сама, іншыя – родныя падарылі на святы. Але і яны, дзякуючы намаганням З.Л. Самец, атрымалі “другое жыццё” і цяпер красуюць на ўчастку. Кветкі займаюць значную плошчу агарода, бо гаспадыня ніколі не шкадавала для іх месца. Але, нягледзячы на гэта, свой утульны куток знайшлі тут таксама яблыні, грушы, вішні, парэчкі, клубніцы, маліны. І, зразумела, смачная і  арысная агародніна. Якімі ж цудоўнымі атрымліваюцца з іх нарыхтоўкі! Імі Зоя Леанідаўна заўсёды частуе блізкіх і знаёмых. Бо гэта, як і праца на зямлі, прыносіць ёй задавальненне. Па словах жанчыны, гэта — выдатны адпачынак для душы і цела і лепшая альтэрнатыва санаторыям.
Шчыра клапоціцца Зоя Леанідаўна і пра падворак каля ўласнага дома сына. Менавіта ў такім яна і сама калісьці марыла жыць, але абставіны склаліся па-іншаму. Затое цяпер у яе з’явілася раздолле
для творчай фантазіі і ўвасаблення задуманага ў рэальнасць. А фантазія і творчасць жанчыны не маюць меж. Нястрымную сілу мае і яе жаданне ствараць прыгажосць навокал. Лесвічная пляцоўка не стала выключэннем.
— 4 гады таму назад у нашым пад’ездзе зрабілі рамонт. Змяніўся знешні выгляд, у кожным куточку цяпер адчуваюцца ўтульнасць і камфорт, — тлумачыць З.Л. Самец.
Агульную карціну ўдала дапоўнілі і “зялёныя жыхары”, для якіх у пад’ездзе створаны спрыяльныя ўмовы. Шырокі падаконнік, вытанчаныя ме-талічныя стойкі, столік, дастаткова святла і цяпла. Вазоны, асабліва зялёналіставыя – яшчэ адна аддушына Зоі Леанідаўны. Доглядам іх жанчына і зай-маецца ў халодныя зімовыя дні. Перасадзіць, падкарміць, памыць, абрэзаць, паліць… Ды не проста вадой з-пад
крана, а падрыхтаванай загадзя, той, што мае пакаёвую тэмпературу. Ахвотна дапамагае чатырохгадовая ўнучка Ульяна, якой бабуля ўласным прыкладам прывіла любоў да прыгожага.
Менавіта з прыгожым звязана адна з мар З.Л. Самец — павесіць у пад’ездзе карніз і шторы, каб надаць яшчэ больш прывабнасці лесвічнай пляцоўцы. А другая -з клопатам пра тых, хто побач. Лічыць яна, што лавачкі і столік у двары, а таксама арка з вінаградніку перад уваходнымі дзвярамі пад’езда дабавяць утульнасці тэрыторыі каля дома і зробяць яшчэ больш камфортным адпачынак жыхароў і гасцей.

Алена МУРАЧ. Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *