За плённую працу адзначана Аксана Толкач

На свяце працы сярод лепшых работнікаў за добрасумленную, плённую працу была адзначана і старшая акушэрка акушэрскага аддзялення Бярэзінскай ЦРБ Аксана Толкач.

— Мінулы год быў няпростым. Але мы справіліся, – заўважае старшая акушэрка акушэрскага аддзялення райбальніцы Аксана Толкач

Працоўны стаж — 19 гадоў

Аказваецца, Аксана Валер’еўна ўжо 19 гадоў працуе ў райбальніцы. Як прыйшла сюды ў 2002 годзе пасля заканчэння Барысаўскага медыцынскага вучылішча, так і засталася.

— Ніколькі не расчаравалася ў абранай прафесіі. Медыцына – гэта маё. Пэўны час, дзесьці паўгода, працавала акушэркай, а затым – старшай акушэркай. Вядома ж, было няпроста. Але я заўсёды ведала, што магу звярнуцца за парадай да вопытных калег, якія падкажуць, параяць, падтрымаюць. Таму разам і спраўляемся з цяжкасцямі. А галоўны наш дэвіз: прыходзіць на працу з добрым настроем. У нас жа, як мы жартуем, самае святочнае аддзяленне. Тут пануюць шчасце, радасць, усмешкі, гучныя дзіцячыя “куга-куга”!

Старшая медсястра ў інфекцыёнцы

Падчас другой хвалі карана-віруснай інфекцыі акушэрскае аддзяленне было цалкам “чырвонай” зонай. Медыцынскія работнікі працавалі ў сродках індывідуальнай аховы: спецыяльных касцюмах, масках, пальчатках, шчытках, праходзілі праз шлюз, што аддзяляў “зялёную” зону ад “чырвонай”, і быццам траплялі ў іншы свет. Аксана Толкач працавала тут жа старшай медыцынскай сястрой.

— Мінулы год быў няпростым. Мы сутыкнуліся з новай, дагэтуль невядомай, хваробай. Прысутнічаў так званы страх “няведання”. Ды і неабходна было цалкам перастроіць працу. Нашымі пацыентамі на гэты час сталі і мужчыны, і жанчыны, прычым розных узростаў. Але ўсё-такі большасць – людзі паважанага ўзросту. Былі нават тыя, каму больш за 90 гадоў.

Што ўваходзіла менавіта ў мае абавязкі? Забеспячэнне работнікаў сродкамі індывідуальнай аховы, арганізацыя работы медсясцёр, санітарак, кантроль за захаваннем санітарна-эпідэміялагічнага рэжыму… Я гэтым займаюся і сёння, калі аддзяленне працуе ў звычайным рэжыме. Дарэчы, адкрыццё аддзялення пасля інфекцыёнкі было значнай падзеяй. У аддзяленне вярнуліся шчасце, пазітыў і цудоўны настрой… — зазначыла Аксана Толкач.

Узнагароджанне — прыемны момант

Аксана Валер’еўна — вопытны супрацоўнік. За прафесіяналізм, адказнасць, працавітасць яе паважаюць калегі і пацыенты.

— Падчас пандэміі працаваць стала больш напружана. Але скажу так: ва ўсе часы ў медыцыне галоўнае — добрасумленнае стаўленне да сваіх абавязкаў.

Вядома ж, было прыемна, што мае намаганні адзначылі і на свяце працы, — падзялілася Аксана Валер’еўна. — Абрадавалася маёй узнагародзе і мая любімая сям’я, якая заўсёды і ва ўсім мяне падтрымлівае, падбадзёрвае. Але ж такая значная ўзнагарода – і вялікая адказнасць. Значыць, неабходна адпавядаць, працаваць яшчэ лепш. А ўвогуле для мяне самая лепшая адзнака дзейнасці – здаровыя і ўсмешлівыя пацыенты.

Парады ад Аксаны Толкач па прафілактыцы каранавіруснай інфекцыі: абавязкова зрабіце прышчэпку, захоўвайце сацыяльнае дыстанцыянаванне,пазбягайце месцаў масавага знаходжання людзей, насіце сродкі індывідуальнай аховы, з сімптомамі вострых рэспіраторных захворванняў неадкладна звяртайцеся за дапамогай.

Юлія БУКЕЛЬ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *