Бярэзінец загінуў у агні на Каляды

Трывожна і неспакойна пачаўся новы 2020 год для супрацоўнікаў раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях. За 7 першых студзеньскіх дзён зарэгістраваны тры пажары, адзін з якіх завяршыўся трагедыяй.

— У суботу, 4 студзеня, а восьмай гадзіне вечара загарэўся жылы дом па вуліцы Кастрычніцкай у горадзе Беразіно, — расказвае інспектар прапаганды РАНС Вольга Данэйка, — у агні загінуў 53-гадовы мужчына, інвалід другой групы. Пакуль найбольш верагодная прычына ўзгарання — неасцярожнасць пры курэнні. Гаспадар, як высветлілася, меў звычку пакурыць у ложку. Пажарнага апавяшчальніка ў доме не ўстаноўлена.

Не прайшло і дзвюх гадзін — паступіла новае паведамленне аб пажары: загарэўся хляўчук па вуліцы Веры Лясных горада. На гэты раз да ўзгарання прывялі нядбайнасць чалавека пры абыходжанні з агнём. Як расказвалі выратавальнікам самі гаспадары, за некалькі гадзін да здарэння яны занеслі ў пабудову мангал з недагарэлымі вуглямі…

Раніцай 6 студзеня у аграгарадку Лешніца гарэў хляўчук. «Віноўніца» — самаробная печка-буржуйка, якую распаліў гаспадар для абагрэву памяшкання. Ад пажару не ўратавала нават тое, што яна была абкладзена цэглай. Канчатковую прычыну яшчэ высветліць праверка, але ж найбольш верагодна, што ўзгаранне пачалося ў месцы сутыкнення дымахода з драўлянай столлю. Апрача гэтага, печ не мела нарміраванай проціважарнай раздзелкі, частка дымахода была выкананая металічнай трубой.

— Відавочныя «віноўнікі» бяды — недакурак, мангал, печ, а насамрэч — неасцярожнасць чалавека, яго халатнасць да ўласнай бяспекі, — каменціруе пажарную сітуацыю ў раёне Вольга Данэйка. — Звычайна ў зімовы час, колькасць пажараў у жылых памяшканнях павялічваецца. Таму варта ўважліва сачыць за станам печаў у доме і гаспадарчых пабудовах, не дазваляць членам сям’і курыць у доме, яшчэ раз праверыць пажарныя апавяшчальнікі. Уважлівасць і асцярожнасць чалавека, своечасовы рамонт печаў і электраправодкі ўратуюць вашу маёмасць і жыццё ад пажару. Пры любой надзвычайнай сітуацыі неадкладна званіце па тэлефонах 101 ці 112.

Наш КАР.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *