Заручоны з культурай

Работнікі  культурнай  сферы  —  частка беларускай інтэлігенцыі, якая , як ніхто іншы, усведамляе  высокую місію культуры  ў  грамадстве. У ганаровым імёнаслове нараджэнцаў Бярэзіншчыны  значыцца заслужаны работнік культуры РБ Жукоўскі Усевалад Фёдаравіч, для каго служэнне культуры стала сэнсам і стылем усяго жыцця.

Нарадзіўся зямляк 24 чэрвеня 1924г. у мястэчку Пагост – буйным населеным пункце бярэзінскага краю (на той час пражывала 1200 жыхароў). Жукоўскі – равеснік Бярэзінскага раёна (утвораны  17 чэрвеня 1924г.). Бацька і дзед выраблялі скрыпкі, былі скрыпачамі-самавучкамі. Ні адно вяселле ў наваколлі не абыходзілася без іх мажорнай музыкі. Скрыпка спявала, вяртала да весялосці зачмураных працай людзей. Вясковае жыццё запаланіла працай з ранніх гадоў, ды хлопчык змалку выказваў прыроднае музычнае дараванне. Ён замілоўваўся бацькавым іграннем на скрыпачцы. Умеў слухаць птушак. У пошуме ветру і шамаценні лістоты на бярозках адчуваў мелодыі…

У самым пачатку яго маладогу лёсу загучалі самыя нізкія трывожныя акорды, якія прадоўжыліся на гераічнай ноце. Калі Усеваладу споўнілася 17 гадоў, грымнула  Вялікая Айчынная вайна і адразу ахапіла юнака сваімі вогненнымі сполахамі,  наканавала суровую дарогу. Разам з бацькам ён апынуўся ў эвакуацыі ў Сталінградскай  вобласці. Як толькі Жукоўскаму споўнілася 18 гадоў, ён быў прызваны ў армію. Хлопец стаў курсантам 25-га вучэбнага палка ў г. Курган Чэлябінскай вобласці. У лютым 1943 года  служыў радыстам  2-га Заходняга танкавага палка ў г. Ніжні Тагіл. Летам 1943г. прайшоў праз гарніла баёў на Курскай дузе, дзе адбылася бітва з фашыстамі, якой не было роўных па жорсткасці і напору. Гэты бой і пасля неаднойчы стаяў перад вачыма маладога байца. Здавалася — гарэла і неба, і зямля. Танкі ішлі адзін за адным у некалькі шарэнгаў. Усевалад быў паранены і апынуўся ў шпіталі на Палтаўшчыне. Пасля выздараўлення служыў у 89-ым гвардзейскім палку 28-ай  гвардзейскай Харкаўскай стралковай дывізіі 3-ага Украінскага фронту. У кастрычніку 1944г. – курсант, гвардыі малодшы сяржант 2-га Растоўскага вучылішча самаходнай артылерыі Харкаўскай ваеннай акругі, з верасня 1945г. – курсант 35-га вучэбнага танкавага палка Маскоўскай ваеннай акругі.  Франтавыя дарогі праляглі далёка за межамі краіны: нараджэнец Бярэзіншчыны вызваляў Украіну, Малдову, Румынію, Балгарыю. З арміі дэмабілізаваўся вясной 1947г. Узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі і шматлікімі медалямі.

Музыка стала стыхіяй і панеслага 23-гадовага колішняга франтавіка па далейшых жыццёвых і творчых пуцявінах. Ён скончыў Мінскае музычнае вучылішча. У партытуры мірнага жыцця Усевалада Жукоўскага – пасады, звязаныя з музыкай. Праца ў сімфанічным аркестры Белдзяржфілармоніі, выкладчыцкая дзейнасць у Нясвіжскім педвучылішчы, агульнаадукацыйных школах, клубных установах. Як дрэва вясной набірае моц, абрастаючы сакавітым лісцем, так мужнеў і ўдасканальваўся талент самадзейнага кампазітара  Жукоўскага. У вольны час яго палётныя думкі наведвала кампазітарская муза. З лютага 1960 г. Жукоўскі ўзначальваў  Мар’інагорскую дзіцячую музычную школу, узяў адказнасць за вялікі калектыў выкладчыкаў і навучэнцаў. Працаваў дырэктарам 24 гады да выхаду на пенсію. Пры ім школа год ад года набірала моц і значнасць, адкрываліся новыя класы. На заслужаны адпачынак У. Ф. Жукоўскі пайшоў з добрым сэрцам, перадаўшы працоўную эстафету маладым пераемнікам. Дзе б ні працаваў, ён заўсёды актыўна інтэграваўся ў грамадскае імпульсіўнае жыццё, імкнуўся да цікавых інтэлігентных людзей, жыў сумленна. Любіў рыбалку, паляванне, любіў блукаць па лясных сцежках. На прыродзе адпачываў душой і захапляўся мелодыяй цішыні, птушынамі спевамі, пейзажамі родных краявідаў.

У Беларусі і за яе межамі У.Ф.Жукоўскага ведаюць як адмысловага майстра народных інструментаў. Ён прыумножыў інструментальныя традыцыі Беларусі. За ўсё творчае жыццё ім створана 85 скрыпак, 37 альтоў, 18 лір, 3 цымбалаў, мноства дудак, жалеек, класічная гітара, некалькі басэтляў. Сваю першую скрыпку майстр змайстраваў у Нясвіжы ў 1953г. На яе выраб прыйшлося затраціць каля 2 месяцаў штодзённай карпатлівай працы. Корпус скрыпкі  быў выраблены з елкі, іншыя дэталі – з ясеня. У 1974 г.  Жукоўскі  змайстраваў для ансамбля “Песняры” забытую ў той час ліру. Для выбітнага  фальклорнага ансамбля “Крупіцкія музыкі” стварыў цэлую палітру старадаўніх музычных інструментаў, якія гучалі пад час іх  гастроляў  ў Германіі, Югаславіі, Польшчы, Галандыі, Італіі, Францыі і Японіі. Вырабленыя майстрам музычныя інструменты і сёння гучаць у знакамітых беларускіх калектывах “Харошкі”, “Бяседа”, многіх аматарскіх ансамблях, на сцэне Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Адметна, што яго скрыпка і ліра  знаходзяцца ў адным  з Лонданскіх музеяў, шэраг інструментаў прадстаўлены ў музеі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтва. Майстарскую справу бацькі пераняў сын Аляксандр.

За шматгадовую творчую працу і асабісты ўнёсак у развіццё нацыянальнай культуры     3 красавіка 1992г. У.Ф. Жукоўскаму прысвоена званне “Заслужаны работнік культуры РБ”. У 1996 годзе знакаміты майстар з  асаблівай цеплынёй уручыў Прэзідэнту А.Р. Лукашэнку створаную ім скрыпку  і атрымаў ад кіраўніка дзяржавы памятны гадзіннік. Вытанчаную віяланчэль Жукоўскі стварыў і падарыў сваёй каханай жонцы Галіне Ільінічне на добры ўспамін аб шчаслівым жыцці. Светлы абаяльны чалавек валодаў жыватворнай сілай. У музычных творах самадзейнага кампазітара У.Ф. Жукоўскага праслухоўваюцца асаблівыя прамяністыя тэмы, асаблівыя насычаныя фарбы захаваны ў яго лёсе. Нота жыцця абарвалася 18 гадоў таму самотна-дажджлівым кастрычніцкім днём 2003 года. Лёс адлічыў таленавітаму чалавеку пражыць 79 яркіх гадоў. Адгучала яго песня, а вырабленыя майстрам інструменты працягваюць дарыць людзям радасць. На лад салаўіны размаўляе жалейка, кволым голасам кленчыць дуда, дробным макам рассыпаючыся, шэпчуць цымбалы, залацістым голасам моліцца ліра… Значыць, майстар жыў нездарма!

                                                                   Тамара Круталевіч,

 загадчык аддзелу маркетынгу 

Бярэзінскай цэнтральнай раённай бібліятэкі

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *