Жніво-2020 у асобах. Іх аб’яднала агульная справа

У кожнага з тых, хто прадстаўлены на фотаздымках, зусім розныя спецыяльнасці, абавязкі і працоўныя месцы. Аднак кожны раз улетку іх аб’ядноўваюць агульны клопат і сумесная справа з высакароднай назвай — жніво.
Яшчэ да пачатку гарачай пары жніва ў яго падрыхтоўку ўключылася бухгалтар УП “АграМАЗ” Надзея Карнеенка. Яна ў гаспадарцы з’яўляецца старшынёй прафсаюзнай арганізацыі, і яе галоўны клопат — стварэнне бяспечнай работы ў час кампаніі. Акрамя правядзення інструктажаў па тэхніцы бяспекі, у абавязкі жанчыны ўваходзіць забеспячэнне рабочых спецвопраткай, пярвічнымі сродкамі пажаратушэння, кантроль за ходам работ і шмат іншых пытанняў.
— Добра вядома, што без гаручага і адладжанай тэхнікі работа весціся не будзе, — гаворыць Надзея Уладзіміраўна. – Але няма большай трагедыі, калі на полі здарыцца няшчасны выпадак. Таму ў кожнай рабоце на першым месцы заўсёды быў і застаецца чалавек і яго бяспека.

Старшыня прафсаюзнай арганізацыі УП “АграМАЗ” Надзея Карнеенка

Радуюць сёлета хлебаробаў “АграМАЗа” збожжавыя палеткі і іх багаты ўраджай — больш за 30 цэнтнераў з гектара. Штодзень жніво называе перадавікоў і лідараў. Так, лепшы камбайнер Аляксей Цэдрык набліжаецца да намалоту ў дзве тысячы тон. Без стомы дастаўляюць вадзіцелі ўбраны ўраджай на зерняток для дапрацоўкі. Яго аператарам няма калі адпачываць ні днём, ні ноччу. У ліку тых, хто абслугоўвае зернесушыльны комплекс, Мікалай Вярбіцкі і Аляксандр Карпушкін. З добрым настроем прыходзяць яны на працу, радуюцца важкаму штодзённаму папаўненню засекаў гаспадаркі і таму, што ў гэтым ёсць і іх заслуга.

Мікалай Вярбіцкі, Алена Сіняк і Аляксандр Карпушкін

На фотаздымку мужчыны нездарма адлюстраваны разам з Аленай Сіняк. Яна прымае ад аператараў дапрацаванае зерне. Алена Уладзіміраўна — загадчыца цэнтральнага склада УП “АграМАЗ”. Менавіта пад яе пільным вокам будзе захоўвацца “залаты запас” гаспадаркі.
— Мы ніколі не бываем без годнага ўраджаю, — адзначае яна. – Вось і сёлета поўныя засекі і багаты запас травяных кармоў гарантуюць стабільную зімоўку, а значыць, і рост надояў, і нашага дабрабыту.

Старшыня Беларускага прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму Таццяна Філімонава ўручае ўзнагароды Таццяне Аўтуховіч і Таццяне Валькевіч

Самае непасрэднае дачыненне да жніва маюць цёзкі Таццяна Аўтуховіч і Таццяна Валькевіч. Працуюць яны ў ААТ “Бярэзінскі райаграсэрвіс”, адна – загадчыцай сталовай, другая — кухоннай рабочай. Думаю, што гэтым сказана многае, бо нікога не трэба пераконваць у тым, наколькі важна паўнацэннае і своечасовае харчаванне (прама ў полі!) удзельнікаў жніва. Ад якасці прыгатаваных страў залежыць настрой працаўнікоў, ад таго, ці своечасова гатовы і дастаўлены абеды, — эканомія рабочага часу. Ды і меню павінна быць разнастайным. Скаргаў ні адна з Таццян за час работы не чула. А вось падзякі і ўдзячнасці ў іх адрас гучаць часта. Вось і старшыня Беларускага прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму Таццяна Філімонава завітала да іх з такой жа місіяй: уручыць падзячныя лісты. Дарэчы, аналагічныя ўзнагароды з рук Таццяны Васільеўны атрымалі і вышэйназваныя героі матэрыялу.

Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *