Жыць па сваіх лякалах

Гэты малады чалавек па стылі жыцця, месцы жыхарства, адданасці сваёй рабочай прафесіі селяніна не вельмі зразумелы для акружаючых яго вяскоўцаў, знаёмых, сяброў. Чаму Аляксандр у росквіце сваіх сіл атабарыўся ў вёсцы свайго дзяцінства, амаль выміраючай, аддаленай ад цэнтральнай сядзібы сельгаспрадпрыемства і цэнтра сельскага Савета?

Яго звычайная сялянская хата размясцілася на ўскрайку вёскі. Гаспадар утрымлівае вялікую колькасць жыўнасці: тры каровы, два бычкі, па 15 гусей і качак, трое свіней і г.д. Пры гэтым ён не носіць статуса фермера.

Александр Ермаловіч пасля заканчэння сярэдняй школы не выбіраў сабе работы пад гальштукам. Яго цягнулі рабочыя спецыяльнасці. Спачатку падаўся было ў будаўнікі, ды не па душы аказалася справа. Пайшоў на курсы трактарыстаў і заявіў аб сваім жаданні працаваць механізатарам на любых сельскагаспадарчых агрэгатах кіраўніцтву гаспадаркі. Яму даверылі пагрузчык “Амкадор-527”. З той пары на працягу 25 гадоў Аляксандр — адзін з самых запатрабаваных спецыялістаў. Без яго, і гэта не перабольшванне, можа ўтварыцца сапраўдны калапс сельскагаспадарчай вытворчасці, асабліва пры ўмовах сёлетняй зімы з яе моцнымі завеямі і снегавымі метровымі перамётамі, калі даводзілася тэрмінова прачышчаць гэтыя снегавыя завалы. Такія анамальныя прыродныя з’явы недаюць спакойнага жыцця Аляксандру. Яго ахілесава пята – прагноз надвор’я на наступны дзень з інтэрнэту. Адсюль і пачатак раніцы не пазней пяці гадзін, бо трэба ж усіх утрыманцаў у пуні накарміць, напаіць, падаіць. На худыя плечы жонкі гэтыя клопаты не ўскладзеш, бо ёй хапае спраў пры кухні, па зборы двух меншых дзяцей у школу, ды і самой трэба быць гатовай да прыезду школьнага аўтобуса за дзецьмі і за ёй, каб без спазнення прыступіць да абавязкаў загадчыцы школьных спраў у Капланецкай СШ.

У вёсцы аднаму «сцягнуць» усю работу складана. Але Аляксандр Ермаловіч чалавек вельмі дружалюбны, у яго многа сяброў, якія прыходзяць на дапамогу. Часам задаюць яму пытанне ў лоб: навошта табе ўсё гэта, калі ў цябе ёсць кватэра ў Мінску (падарунак ад бацькі), двухпакаёўка ў Беразіно, пабудаваная за дзяржаўны кошт, як мнагадзетнай сям’і з чатырма дзецьмі. Абедзве кватэры пустуюць.

Так — та яно, так. Нараканняў на жыццё ў А. Ермаловіча няма. Старэйшы сын працуе ў Мінску, дачка ў Італіі вучыцца ў інстытуце, двое малодшых ходзяць у школу.

Дачка Паліна ўгаварыла неяк чарговы адпачынак правесці ў Італіі. Першыя дні прыемна было глядзець вачыма другога міраадчування, загараць на пляжы.

— Усё добра. Але як лягу спаць, мроіцца ў сне, што я не на яхце плыву, а сяджу за рулём свайго камбайна на палетках спелай залатой збажыны, і так на душы радасна, светла. Прачнуся — дадому хочацца! – заўважыў А. Ермаловіч.

Вось так. Мітуслівы гарадскі мір з яго раскошай — не для закаранелага селяніна. Ён прывык жыць па сваіх лякалах, быць прыкладам у працавітасці, развіцці ўласнай гаспадаркі. Гэта сапраўдны селянін, які сваёй асабістай справай даказвае, што ён не на словах любіць сваю родную Беларусь.

Ніна БУРКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *