Знаёмцеся: чырговыя пераможцы розыгрышу Галіна Старасвецкая і Кацярына Аўрамчык!

Сёння мы раскажам пра пераможцаў акцыі ад рэдакцыі, якую мы праводзілі ў Міжнарожны жаночы дзень. Нагадаем, тады можна было выпісаць газету адразу на 3 месяцы і стаць шчаслівым уладальнікам сертыфіката ў студыю прыгажосці! Віншуем пераможцаў Галіну Старасвецкую і Кацярыну Аўрамчык. У падарунак ім сертыфікаты на макіяж і вячэрнюю прычоску да майстра Вольгі Лапыцька.

“З асаблівай асалодай чытаю пра сістэму адукацыі!”

— Дзякуй за такі цудоўны падарунак да свята! – пачынае гутарку Галіна Мікалаеўна. – Я падпісчыца, як кажуць, са стажам: выпісваю газету не адзін дзясятак гадоў. Раённую газету, тады яшчэ “Сцяг Леніна” заўсёды выпісвалі і мае бацькі. Таму газету  чытала нават ў дзяцінстве.

 

Ведаеце, часта ў раёнцы пісалі пра маіх бацькоў – яны ветэраны Вялікай Айчыннай вайны. Мая матуля – з Падмаскоўя, а тата – з Мікуліч. Пазнаёміліся на фронце, пажаніліся ў 1945 годзе. І ўсё жыццё пражылі на Бярэзіншчыне. І яны заўсёды з нецярпеннем чакалі, раёнку.  Збіралі самыя каштоўныя матэрыялы. І ў мяне таксама ёсць своеасаблівы архіў газеты, дзе я збіраю блізкія сэрцу матэрыялы. У адной з газет нават ёсць фотаздымкі, як матуля ўскладае кветкі да мемарыяла на дзень Перамогі. Для мяне такія газеты – гэта памяць.

Увогуле, Галіна Мікалаеўна ўсё сваё працоўнае жыццё прысвяціла і прысвячае адукацыі. Яна мясцовая, з Беразіно. Скончыла Магілёўскі педагагічны  інстытут. І з 1980 года працавала настаўніцай матэматыкі ў Капланецкай школе. Там жа 18 гадоў была намеснікам дырэктара.

— Работа з дзецьмі мне заўсёды прыносіць задавальненне. Гэта, сапраўды, маё прызванне, — заўважае Галіна Мікалаеўна. – Я не магу сядзець на адным месцы, без працы. Таму зараз выкладаю матэматыку ў Гарэніцкай школы. Кожны дзень спяшаюся да маіх любімых вучняў. Я нават не ўляўляю жыцця без школы, без дзяцей, калег… Па маёй працоўнай сцяжыцы пайшла і дачушка Наталля: яна выкладае фізіку ў 32 гімназіі горада Мінска.

Таму і не дзіўна, што тэматыка, якой аддае перавагу Галіна Мікалаеўна – адукацыя.

— З задавальненнем чытаю матэрыялы пра сістэму адукацыі. Радуюць поспехі  нашых вучняў. Радуюся, калі адзначаюць за плённую работу педагогаў, выхавальнікаў, — заўважае жанчына.

Аказваецца Галіна Мікалаеўна – заядлы кветкавод.

— Жыву ва ўласным доме, таму з задавальненнем займаюся вырошчваннем кветак. Раней дык увогуле іх садзіла вельмі шмат. Зараз – менш. Падабаюцца і цюльпаны, і гладыёлусы… Таму ў “Бярэзінскай панараме” таксама люблю пачытаць і парады садаводу і агародніку. Ды і амаль усе рэцэпты, якія друкаваліся ў газеце, былі апробаваны на маёй кухні.

Якім рубрыкам аддаю перавагу? Тым, дзе расказваецца пра людзей: “Асоба”, “Пасля падзеі”, “#Дзякуймедыкам”.., — працягвае Галіна Мікалаеўна. — Ды, увогуле, шчыра прызнаюся, чытаю я ўсе артыкулы ў “Бярэзінскай панараме”. Гэта ж наша газета, пра наш раён, пра нашых людзей. Падабаюцца і акцыі, якія праводзіць калектыў рэдакцыі. Таму жадаю калектыву творчага натхнення і поспехаў, радуйце і далей нас карыснымі, пазнавальнымі і цікавымі артыкуламі.

 

“Дзякуй за стыльны макіяж!

А з Кацярынай Аўрамчык ма накіроўваемся ў студыю прыгажосці да Вольгі Лапыцька, каб зрабіць шыкоўны макіяж!

Студыя размяшчаецца ў цэнтры горада: пошта, другі паверх. Нас у добрым настроі сустракае майстар Вольга.

—  Заўсёды рада кліентам! Люблю рабіць людзей больш прыгожымі і стыльнымі, — заўважае дзяўчына.

У студыі пануе, сапраўды, творчая атмасфера. Вакол шмат палітры з фарбамі, пэндзлікаў…

Пакуль Вольга стварае макіяж, мы гутарым з Кацярынай.

—  Я выпісваю газету таксама ўжо даўно. Што больш за ўсё люблю чытать? Пра моладзь. Таленавітую, адукаваную, неабыякавую перспектыўную моладзь нашага раёна. Радуюся, калі юнакі і дзяўчаты перамагаюць у конкурсах, удзельнічаюць у мерапрыемствах. Вядома ж, люблю чытаць і рэпартажы са свят, якія ладзяцца ў нашым раёне. Так, я падпісана і на ўсе групы ў сацыяльных сетках газеты, заходжу на сайт раёнкі, але артыкулы чытаю менавіта ў “жывой” газеце.

Прайшло крыху больш за гадзіну: макіяж гатоў! Кацярына пазірае на сябе ў люстэрка, усміхаецца.

— Ведаеце, што самае прыемнае ў маёй рабоце?! — дадае Вольга. —  Калі я раблю прычоску, макіяж, а затым дзяўчына бачыць сябе ў люстэрку… Эмоцыі зашкальваюць! Вочы свецяцца радасцю! А я таксама радуюся, што падарыла столькі станоўчых эмоцый! Хто самы лепшы кліент?! Шчаслівы кліент!

— Мне вельмі падабаецца, дзякуй за такі стыльны макіяж! Дзякуй “Бярэзінскай панараме”, што радуюць сваіх падпісчыкаў такімі сюрпрызамі.

Юлія БУКЕЛЬ,

фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *