Зрабіце птушкам вакцынацыю

У раённую ветстанцыю павялічылася колькасць зваротаў з-за паморку птушак па прычыне хваробы Ньюкасла. Прынята рашэнне аб правядзенні масавай вакцынацыі.

— Вакцыны ўжо закупілі, — гаворыць галоўны ветэрынарны ўрач раёна Марына Самец. — Плануем масава прышчапляць свойскіх птушак — аб’язджаць падворкі і рабіць прышчэпкі. У арганізацыі масавай вакцынацыі спадзяёмся на падтрымку мясцовых улад. Акрамя таго, гаспадары з горада могуць набываць вакцыну ў ветстанцыі ў сераду і пятніцу, з 9 да 11 гадзін, каб самастойна прышчапіць птушак.

Што ж прымушае ветурачоў рабіць вакцынацыю непасрэдна на падворках?

Па словах спецыялістаў, — элементарнае выкананне санітарных нормаў, бо адкрыты флакон, разлічаны на 2 тысячы доз, захоўваецца не больш за дзве гадзіны.
Сімптомы вострай формы хваробы — вяласць, адмова курыцы ад корму і вадкі стул, выдаленне слізі з клюва. Галава нахілена ўніз.

Пры рэспіраторнай форме хворая птушка часта хрыпіць і характэрна каркае.

Пры нервовай — ходзіць, выгінаючы і выкручваючы шыю, пастаянна торгаючы галавой. Для чалавека хвароба Ньюкасла не ўяўляе пагрозы. Аднак пасля кантакту з хворай птушкай могуць з’явіцца сімптомы, якія нагадваюць пачатак грыпу.

І апошняе. Хворую птушку забіваюць і спальваюць, куры якія мелі кантакт з хворымі, і іх яйкі пасля тэрмічнай апрацоўкі можна ўжываць у ежу.

Хвароба Ньюкасла — высоказаразная хвароба птушак, якая выклікаецца РНК-утрымліваючым вірусам. Паражае рэспіраторныя шляхі, страўнікава-кішэчны тракт і цэнтральную нервовую сістэму. Інкубацыйны перыяд складае ад 2 да 21 дня. Захварэць могуць свойскія птушкі ўсіх парод, аднак часцей — куры.

Падрыхтавала
Мілана ТРАПЯНОК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *