Няхай гэта стане добрай традыцыяй

 

Побач з намі жывуць людзі, неабыякавыя да парадку ў навакольным асяроддзі. Асабліва прыемна і важна, калі гэта моладзь. 24 верасня на справе даказалі любоў да роднага горада шасцёра бярэзінцаў. Яны выйшлі на добраахвотны суботнік, арганізаваны у сацыяльнай сетцы «Вконтакте» нашым земляком Юрыем Ткачэнка. Група наводзіла парадак у лясным масіве, які прылягае да гарадскога аўтавакзала. Акрамя таго, што маладыя людзі навялі чысціню на абраным імі месцы, яны таксама цікава правялі час у кампаніі.

Падобныя мерапрыемствы трымаюцца на асабістай ініцыятыве. Таму цікава, чаму Юрый Ткачэнка вырашыў арганізаваць суботнік, а моладзь, да гэтага мала знаёмая паміж сабой, прыйсці на яго.

­ Неяк у сацыяльнай сетцы «Вконтакте» ў групе «Ищу тебя, Березино» я ўбачыў запіс на «сцяне» ад незнаёмай мне дзяўчыны, якая сфатаграфавала смецце ў лясным масіве каля гарадскога вакзала і прапаноўвала ўсім жадаючым паўдзельнічаць у яго ўборцы, -­ кажа Юрый. ­- Я адгукнуўся на прапанову ў каментарыях, бо гэтае месца мне не чужое, я жыву непадалёк. Але, акрамя мяне, на «пост» ніхто не адрэагаваў, ды і сама дзяўчына на сувязь не выйшла. Стала крыўдна, і з’явілася думка самому сабраць людзей на суботнік. Я зноў зрабіў запіс у групе з прымацаванымі фатаграфіямі смецця ў гэтым месцы, прызначыў канкрэтную дату, на якую запланаваў уборку. У выніку адгукнулася 5 чалавек, некаторыя былі знаёмыя мне, з іншымі пазнаёміліся на месцы. Мы прыбралі паляну ў лясным масіве, прайшліся па сцежках, збіраючы смецце. Яго мы выкідвалі ў кантэйнеры каля бліжэйшых дамоў. Патрацілі шмат часу, але засталіся задаволенымі ад сваёй працы. Яшчэ доўгі час пасля ўборкі ў прывакзальным лясным масіве было чыста. Але вось што цікава, не прайшло і месяца, як і сцяжынкі, і паляна зноў аказаліся засмечанымі.

Юрый кажа, што не раз удзельнічаў у навядзенні парадку ў горадзе. Нядаўна ён прымаў удзел у акцыі БРСМ «Аднаўленне святынь Беларусі» і дапамагаў рыхтаваць да афарбоўкі агароджу Свята­Мікольскага храма.

Як лічыць Юрый, трэба любіць родную прыроду, мець жаданне зрабіць месца, у якім жывеш, прыгажэйшым.

Яшчэ адна тэрыторыя, засмечанасць якой трывожыць юнака, гэта пляцоўка каля сядзібы графа Патоцкага. Таму ён плануе арганізаваць людзей на ўборку яшчэ раз, і, магчыма, у гэтым годзе. Усім жадаючым прыняць удзел у суботніку ён раіць сачыць за інфармацыяй у групе «Ищу тебя, Березино» або пісаць яму ў сацыяльнай сетцы «Вконтакте». Бо наводзіць парадак разам -­ вельмі ўдзячная справа.

Павел САЛАЎЁЎ.

Фота з асабістага архіва Юрыя.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *