Хто самы хуткі на “кароткай” вадзе?

 

Як правесці выхадны дзень? З гэтым пытаннем кожны з нас сутыкаўся і неаднойчы. Здаецца, куды прасцей на ўсе два дні сесці каля тэлевізара альбо за манітор камп’ютара, паляжаць на канапе альбо сустрэцца з сябрамі за бутэлькай піва. Праўда, карысць ад такога вольнага часу сумнеўная, бо ніякай бадзёрасці і сіл на працоўны тыдзень такі адпачынак не дае. Пэўнае выйсце ў такім выпадку падказвае аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, які наладжвае і праводзіць на сваіх спартыўных аб’ектах розныя спаборніцтвы і аздараўленчыя мерапрыемствы.

Так, у мінулыя выхадныя дні на базе плавальнага басейна Бярэзінскай спецыялізаванай дзіцяча­-юнацкай спартыўнай школы алімпійскага рэзерву спартыўна­-аздараўленчы цэнтр “Лазурный” праводзіў чэмпіянат Бярэзінскага раёна па плаванні сярод калектываў фізічнай культуры. Дзеля справядлівасці заўважу, што чэмпіянатам гэта спартыўнае масавае мерапрыемства назваць можна з вялікай нацяжкай, бо яно сабрала ўсяго 6 каманд з працоўных калектываў: раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, цэнтральнай раённай бальніцы, Бярэзінскага лясгаса, камунгаса, сырзавода і аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама.

­ Як і належыць, усім у калектывы былі дасланы палажэнні і зроблены папярэднія тэлефонныя паведамленні, ­ удакладняе сітуацыю галоўны суддзя Васіль Аўчарэнка. ­ Хутчэй за ўсё парашкодай стала немагчымасць сабраць каманду з 6 чалавек, якія ўмеюць плаваць.

Тыя ж калектывы, якія здолелі вырашыць гэтую праблему і знайшлі сярод сваіх працаўнікоў аматараў плавання, амаль на дзве гадзіны забраў сабе ў “палон” плавальны басейн. Тут іх чакалі не толькі заплывы ў індывідуальным першынстве, але і эстафета.

Згодна з праграмай чэмпіянату, удзельнікам трэба было пераадолець вольным стылем дыстанцыю ў 50 метраў. Сярод жанчын самымі хуткімі былі Валянціна Крушава з цэнтральнай раённай бальніцы і Лідзія Васількова з раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, якія праплылі дыстанцыю ў межах 41 секунды. Абедзвюм было прысуджана першае месца. Усяго 4 секунды саступіла лідарам уладальніца трэцяга месца Алена Лабынцава з лясгаса.

Сярод мужчын лепшы вынік ­ 32,4 секунды. За гэты час справіўся з дыстанцыяй прадстаўнік каманды раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Максім Някрасаў. У межах каля 34 секунд фінішавалі Дзмітрый Круталевіч з Бярэзінскага лясгаса і Дзмітрый Цэдрык з раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, якія занялі адпаведна другое і трэцяе месцы.

Вынікі індывідуальнага першынства вызначылі і ход эстафеты, дзе самымі хуткімі на “кароткай” вадзе былі выратавальнікі. На 18 секунд пазней за іх завяршыла эстафету каманда Бярэзінскага лясгаса. Трэці вынік паказала каманда цэнтральнай раённай бальніцы. Далей эстафету скончылі каманды сырзавода, камунгаса і аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама.

Усе пераможцы сярод каманд і з ліку лідараў індывідуальнага першынства атрымалі ганаровыя кубкі і дыпломы, а ўсе астатнія ­ магутную дозу бадзёрасці, аптымізму і надзеі на рэванш.

­ Спаборніцтвы па плаванні сярод працоўных калектываў у нас праводзяцца ўсяго другі раз, ­ гаворыць Васілій Аўчарэнка, ­ аднак мы маем намер даць ім пастаянную прапіску. Таму ўжо зараз заклікаем усіх работнікаў наведваць плавальны басейн, плаваць можна як з калегамі, з сябрамі, так і сям’ёй. Вы абавязкова атрымаеце зарад бадзёрасці і сіл для перамогі ў будучых спаборніцтвах.

Застаецца толькі дадаць, што да канца 2017 года плануецца правесці спаборніцтвы па баскетболе. Таму самы час збіраць каманду і праводзіць трэніроўкі.

Мілана ТРАПЯНОК.

 Фота Анатоля ПАЛЫНСКАГА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *