Нараджальнасць павялічылася!

Дэмаграфічная сітуацыя ў нашым раёне за мінулы год, праблемы і шляхі вырашэння – аб гэтым ішла гутарка на чарговым пасяджэнні каардынацыйнага савета па дэмаграфічнай бяспецы. Абмеркавалі злабадзённыя пытанні намеснік старшыні райвыканкама У.М. Навіцкі, галоўны ўрач УАЗ “Бярэзінская ЦРБ” А.П. Жызнеўская, загадчыца паліклінікі К.А. Крук, урач-псіхіятр-нарколаг А.В. Завадскі, часова выконваючы абавязкі начальніка камітэта судовых экспертыз па Бярэзінскім раёне М.І. Ходас, старшы інспектар аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Бярэзінскага
РАУС В.В. Сакаў, старшыні сельскіх Саветаў, дабрачынны Бярэзінскай акругі, пратаіерэй І. Ганчарук.

Падрабязна аб дэмаграфічнай сітуацыі за мінулы год расказала галоўны ўрач УАЗ “Бярэзінская ЦРБ” Аліна Паўлаўна Жызнеўская:
— Сярэдняя працягласць жыцця па раёне — 72 гады (мужчыны — 65,3, жанчыны — 78,6 года). Шчыра сказаць, парадавала мяне тое, што раён адзіны ў вобласці, дзе павялічылася нараджальнасць. Калі па вобласці гэты паказчык 11,5 на 1000 насельніцтва, то ў нас – 13,4. За мінулы год нарадзілася 298 дзетак (2016 — 288).
Але ёсць, вядома ж, і “сумная” статыстыка: за мінулы год памерла 418 чалавек, што на 4 чалавекі менш да ўзроўню 2016 года (422). Сярод сельскіх жыхароў адзначаецца зніжэнне колькасці памерлых на 24 чалавекі ці 7,8%. Паказчык смяротнасці склаў 26,8 на 1000, а ў 2016 годзе — 28,8 на 1000 жыхароў. Сярод гарадскіх жыхароў адзначаецца рост колькасці памерлых на 20 чалавек ці 17,5%. Паказчык смяротнасці склаў 11,5, у 2016 годзе — 9,7 на 1000 жыхароў.
У “лідарах” сярод прычын смяротнасці — хваробы сістэмы кровазвароту: памерла 218 чалавек. Адзначаецца зніжэнне колькасці памерлых ад дадзенай паталогіі ў параўнанні з 2016 годам на 24 чалавекі. Узрост памерлых: 30 — 39 гадоў — 1 чалавек, 40-49 гадоў — 5, 50-59 гадоў — 15, 60-69 — 49, старэйшыя за 70 гадоў — 148 чалавек. На другім месцы сярод прычын смяротнасці – старасць (памерла 65 чалавек). Гарадскіх жыхароў памерла 14 чалавек, сельскіх — 51. На трэцім месцы — смяротнасць ад знешніх прычын. Памерлі 37 чалавек, з іх 25 — працаздольнага ўзросту (67,6%). За аналагічны перыяд мінулага года памерла 28 чалавек, з іх 15 — працаздольнага ўзросту (53,6%). Узрост памерлых: 0-17 гадоў — 1, 18-19 гадоў — 1, 20-29 гадоў — 3, 30-39 гадоў — 4, 40-49 гадоў — 8, 50-59 гадоў — 9, 60-69 гадоў – 11. Прычыны смяротнасці ад знешніх прычын: утапленне — 2, самагубства — 12, забойства — 2, атручэнне алкаголем — 2, іншыя — 19. На чацвёртым месцы — смяротнасць ад анкалагічных захворванняў: памерлі 35 чалавек, што склала 1,6 на 1000 насельніцтва. Аналізуючы гэтую статыстыку, становіцца страшна, што многія не разумеюць, жыццё – найдаражэйшая каштоўнасць. І так марна трацяць гэтае багацце… Як знізіць смяротнасць ад знешніх прычын?! Пытанне складанае. Здаецца, мы праводзім велізарную прафілактычную работу, гутарым з людзьмі…
— Нашы ўрачы выступаюць у працоўных калектывах, школах, на бацькоўскіх сходах, — прадоўжыла гутарку К.А. Крук.
– Напрыклад, нядаўна мы з намеснікам галоўнага ўрача Г. М. Усовіч, нарколагам-псіхіятрам В.Д. Жукоўскай, псіхатэрапеўтам Я.А. Завадскай правялі прафілактычныя лекцыі для работнікаў ДБУ № 31 і Бярэзінскага РЭС. Імкнёмся быць бліжэй да людзей, тлумачыць ім пра здаровы лад жыцця, пра тое, што любыя праблемы можна вырашыць, галоўнае, не адчайвацца і не баяцца звяртацца да спецыялістаў.
Затым на пасяджэнні больш падрабязна разгледзелі прычыны сямейнага насілля, суіцыдаў. Як адзначыў В. В. Сакаў, прадухіліць сямейнае насілле можа кожны з нас. Галоўнае – не быць абыякавым да чужога гора. Напрыклад, калі вы бачыце, чуеце першыя “званочкі” таго, што ў сям’і штосьці не так, можна перадаць інфармацыю аб гэтай сям’і псіхолагам у тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Яны правядуць прафілактычную работу і, магчыма, сапраўды, выратуюць сям’ю.
У канцы пасяджэння У. М. Навіцкі засяродзіў увагу на тым, што для паляпшэння дэмаграфічнай сітуацыі неабходна ўсім службам разам працаваць, праводзіць прафілактычную работу. І далей выступаць з “жывым” словам у працоўных калектывах, на бацькоўскіх сходах, інфармаваць людзей праз сродкі масавай інфармацыі, нагадваць усім пра бяспечныя паводзіны, неабходнасць своечасовага медыцынскага агляду, прафілактыку захворванняў, звяртацца ў службы дапамогі ў крытычных жыццёвых абставінах.

Юлія БУКЕЛЬ.

Фота аўтара.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *