Эканамісты Бярэзіншчыны адзначаюць прафесійнае свята

Сёння прафесійнае свята адзначаюць людзі, ад умення якіх пралічыць і прадбачыць залежыць стабільнасць і эканамічны дабрабыт прадпрыемстваў, раёна і краіны ў цэлым. Высокакваліфікаванымі спецыялістамі на Бярэзіншчыне зарэкамендавалі сябе вядучы эканаміст з філіяла вопытна-эксперыментальнай вытворчасці “Мадзікор” Ірына Яўгенаўна Шылава, загадчыца эканаміЧнага аддзела УАЗ “Бярэзінская ЦРБ” Святлана Уладзіміраўна Бандарэнка, начальнік планава-эканамічнага аддзела райспажыўтаварыства Ларыса Міхайлаўна Дударэнка, галоўны эканаміст ЗАТ “Клявіца” Аляксандр Васільевіч Раткевіч. У ліку лепшых гучыць імя і вядучага эканаміста райспажыўтаварыства Алены Анатольеўны Комар.

Свой прафесійны выбар Алена Анатольеўна зрабіла больш за 30 гадоў назад, калі вырашыла паступаць у тагачасны Беларускі дзяржаўны інстытут народнай гаспадаркі. Сябраваць з матэматыкай яна пачала яшчэ са школьных часоў, таму і перавагу аддала ўстанове эканамічнага профілю. Хутка праляцелі 4 гады вучобы — і Алена трапіла па размеркаванні ў Лагойскі раён. Але дзяўчыну ўвесь час цягнула на радзіму. Па гэтай прычыне ў 1987 годзе яна вярнулася ў Беразіно і ўладкавалася на пасаду эканаміста ў райспажыўтаварыства. Як сцвярджае сама Алена Анатольеўна, дзе нарадзіўся, там і згадзіўся. Памятае яна і свой першы рабочы дзень на прадпрыемстве:
— Пачыналася ўсё ў гэтым самым кабінеце з шыльдай “планавы аддзел”. Тагачасным начальнікам яго была І.П. Даніна. Пад яе кіраўніцтвам я і рабіла свае першыя нясмелыя крокі ў прафесію. Інэса Пятроўна знаёміла з тонкасцямі працоўнай дзейнасці і дапамагала набываць неабходныя для работы ўменні і навыкі. Дарэчы, у яе асобе я і знайшла для сябе ўзорны прыклад для пераймання. Увогуле мне пашанцавала трапіць ў калектыў, дзе панавала і працягвае панаваць атмасфера ўзаемадапамогі і добразычлівых адносін. Вельмі ўдзячна я і тым людзям, якія аказалі значны ўплыў на маё прафесійнае станаўленне. Гэта — Людміла Іванаўна Жукоўская, Ніна Антонаўна Лескавец, Алена Мікалаеўна Вашчыла. Практычна кожны дзень Алены Анатольеўны распісаны па хвілінах. Цяпер, напрыклад, чэрвень адлічвае апошня дні — і вядучаму эканамісту трэба правесці аналіз тавараабароту ў рознічных гандлёвых аб’ектах горада і раёна, каб своечасова зрабіць справаздачу за мінулы перыяд і спрагназаваць далейшую дзейнасць прадпрыемства.
Паколькі работа Алены Анатольеўны звязана з лічбамі і справаздачамі, то тут не абысціся без такіх якасцей, як уважлівасць, скрупулёзнасць і цярпенне. Усім гэтым наборам, яна, несумненна, валодае і выдатна спраўляецца з пастаўленымі задачамі. Дарэчы, дзейнасць А.А. Комар неаднойчы адзначалася граматамі і прэміямі кіраўніцтва.
Сёння калегі называюць Алену Анатольеўну прафесіяналам сваёй справы і характарызуюць яе як вопытнага, адказнага і добрасумленнага спецыяліста. Нягледзячы на тое, што працоўная дзейнасць вядучага эканаміста цесна пераплецена з “сухімі” лічбамі, ёсць месца ў душы А.А. Комар і для рамантычных настрояў. Хобі жанчыны — калекцыяніраванне кветак, якія акружаюць яе на працоўным месцы, дома і на прысядзібным участку.
Напрыканцы размовы Алена Анатольеўна павіншавала з надыходзячым прафесійным святам усіх эканамістаў Бярэзіншчыны і пажадала калегам цярпення, здароўя, энергіі і дастойнай зарплаты.
— Хочацца таксама, каб нашу нялёгкую працу паважалі і цанілі, — падагульніла яна.
Алена МУРАЧ.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *