У Бярэзінскім раёне прайшоў адкрыты абласны турнір па грэка-рымскай барацьбе ў гонар Я.М. Журава

Заслужаны трэнер Рэспублікі Беларусь па грэка-рымскай барацьбе Яўген Мікалаевіч Жураў вядомы далёка за межамі Бярэзінскага раёна. Надоўга ўславілі яго трэнерскі талент і любоў да грэка-рымскай барацьбы навучэнцы раённай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы, сярод якіх прадстаўнічы атрад кандыдатаў у майстры спорту і майстроў спорту.

У гонар славутага спартыўнага настаўніка кожны год наладжваецца адкрыты абласны турнір па грэка-рымскай барацьбе на прызы заслужанага трэнера Рэспублікі Беларусь Я. М. Журава.

Цяпер спаборніцтвы праходзяць у спартыўнай зале раённай комплекснай спартыўнай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву. Тут юных барцоў віталі і рабілі ім наказ не толькі паважаны бярэзінскі трэнер, але і намеснік старшыні райвыканкама Уладзімір Міхайлавіч Навіцкі і начальнік галоўнага ўпраўлення спорту і турызму Мінаблвыканкама Яўген Васільевіч Булойчык, дырэктар Плешчаніцкай дзяржаўнай абласной сярэдняй школы-вучылішча алімпійскага рэзерву Яраслаў Іванавіч Паповіч і начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама Алеся Аляксееўна Цітова.

Сёлета ўдзельнічалі ў турніры прадстаўнікі некалькіх школ алімпійскага рэзерву і спартсмены з Гомеля, Пухавічаў, Віцебска, Мінска, Магілёва, Мозыра, каманды Расіі і Латвіі.

Звыкла на турніры пануюць асаблівая атмасфера, здаровая канкурэнцыя і вялікае жаданне перамагчы. Узмацняе іх арганізацыя паядынкаў і падтрымка мноства балельшчыкаў. А пасля спаборніцтваў у кожнай вызначанай вагавой катэгорыі на цырымоніі ўзнагароджвання спартсмены атрымліваюць спецыяльныя прызы.

Па выніках спаборніцтваў у ліку лепшых у вагавой катэгорыі да 80 кілаграмаў сярод юнакоў 2003-2004 гадоў нараджэння быў названы Яўгеній Якушаў. Ён заняў трэцяе месца. Апрача яго, уславілі гонар роднай спартыўнай установы і яе былыя навучэнцы.Так, на першую прыступку п’едэстала сярод юнакоў 2000-2001 гадоў нараджэння ў вагавой катэгорыі да 60 кілаграмаў узняўся Ягор Хахлоў. Трэцімі ў сваіх узроставых групах і вагавых катэгорыях сталі Максім Каныгін і Іван Гарнастай. Другое месца заняў сярод юнакоў 1998-1999 гадоў нараджэння ў вагавой катэгорыі да 80 кілаграмаў Давід Жукоўскі.

— Турнір закончыўся, пераможцы названы, мяркую, ніхто з удзельнікаў не быў пакрыўджаны рашэннем, — гаворыць галоўны суддзя спаборніцтваў Міхаіл Іванавіч Фясун, – бо кожны з іх узбагаціў свой спартыўны вопыт, набраўся пазітыўных эмоцый, узяў на заметку нешта новае і патрэбнае для сябе, набыў новых сяброў і таварышаў і ўжо рыхтуецца да новага турніру.

Мілана ТРАПЯНОК.

 Фота Алены ГРОМАВАЙ.

У Бярэзінскім раёне прайшоў адкрыты абласны турнір па грэка-рымскай барацьбе ў гонар Я.М. Журава: 1 комментарий

  • 12 ноября 2018 в 21:04
    Permalink

    Класс! Молодцы!!

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *