Пражытыя гады — і багацце, і горкая памяць аб вайне

Няшмат іх засталося – ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, якія сабой, сваім жыццём засланілі родную зямлю ў гады ліхалецця. На жаль, час няспынны і няўмольны. 95 гадоў споўнілася літаральна на днях, 9 студзеня, ветэрану Фёдару Сцяпанавічу Блізнюку. З віншаваннямі і пажаданнямі, падзякамі і падарункамі завіталі да яго ў гэты дзень намеснік старшыні Бярэзінскага райвыканкама У.М. Навіцкі, старшыня раённага савета ветэранаў М.С. Абазовік, намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі В.В. Карэцкая. Галоўныя пажаданні, вядома, — здароўя, моцы, доўгіх гадоў жыцця 

Пражытыя гады для Фёдара Сцяпанавіча — і яго багацце, і горкая памяць. Праз самае пекла – Курскую бітву — давялося прайсці ў час вайны. А было яму тады крыху больш за 18 гадоў.
Вясковы хлопец з Багушэвіч Бярэзінскага раёна пасля 7 класаў паехаў набываць будаўнічую спецыяльнасць у Магілёў, адтуль – па камсамольскай пуцёўцы адправіўся ў Камсамольск-на-Амуры. Аднак даехаў толькі да Масквы – пачалася вайна. Паколькі Фёдар Блізнюк быў яшчэ непаўналетнім, некаторы час працаваў у Саратаве, дзе адначасова вучыўся на курсах вадзіцеляў. Адтуль і на фронт быў прызваны. У спешцы закончыў танкавае вучылішча ва Ульянаўску. Але не на танку, а на аўтамабілі ў прамым сэнсе ўехаў у пекла Курскай дугі.
Потым было пераможнае шэсце ў магілёўскім напрамку – нялёгкае, з моцнымі баямі, калі за тыдзень прабіваліся не больш як на 10 кіламетраў. Асабліва шчымела ў душы, калі праходзілі каля Градзянкі – непадалёк ад родных Багушэвіч.


Перамозе разам з саслужыўцамі Ф.С. Блізнюк радаваўся каля Растока, аднак дадому вярнуўся больш чым праз год.
Мірнае жыццё былы франтавік звязаў з лясной гаспадаркай, з Бярэзінскага лясгаса пайшоў на пенсію. Сёння арганізацыя не забывае свайго заслужанага і ганаровага ветэрана. І на гэты раз прыехалі да юбіляра з віншаваннямі і падарункамі. Не забываюць у іншыя святы, дапамагаюць з забеспячэннем дровамі. Прыходзіць да сталага чалавека і сацыяльны работнік. Аднак і сам Фёдар Сцяпанавіч не здаецца, ён увогуле не прывык здавацца нават самым складаным абставінам.

Ала АЛЬФЕР.
Фота аўтара.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *