Бярэзінцы абмяркоўваюць «Вялікую размову» з Прэзідэнтам

Алена Міхайлаўна ГАМЕЗА, намеснік старшыні райвыканкама:

 

­ Падчас “Большого разговора” з Прэзідэнтам гаварылася і аб тым, што ў краіне створаны ўсе ўмовы для таго, каб чалавек мог зарабляць для сябе і сваёй сям’і. Пацвярджае гэта і дзяржаўная палітыка, скіраваная на падтрымку бізнесу і развіццё прадпрымальніцкай ініцыятывы.

У краіне рэалізуецца праграма “Малое і сярэдняе прадпрымальніцтва ў Рэспубліцы Беларусь” на 2016­2020 гады. У рамках яе суб’ектам прадпрымальніцтва аказваецца дзяржаўная фінансавая падтрымка. Назіраюцца пазітыўныя змены ў заканадаўстве, якія рэгулююць развіццё прадпрымальніцтва і стымулююць дзелавую актыўнасць грамадзян. Так, згодна з Дэкрэтам № 7 “Аб развіцці прадпрымальніцтва” і Указам № 345 “Аб развіцці гандлю, грамадскага харчавання і бытавога абслугоўвання”, для суб’ектаў гаспадарання прадугледжваецца асаблівы рэжым падаткааабкладання, спрашчаюцца адміністрацыйныя працэдуры, мінімізуецца ўмяшальніцтва кантралюючых органаў у прад­прымальніцкую дзейнасць.

Павышаная ўвага надаецца таксама развіццю прадпрымальніцтва на тэрыторыі сельскай мясцовасці, сярэдніх і малых гарадоў. Створаны спрыяльныя ўмовы для ажыццяўлення рамеснай дзейнасці. Прычым, каб займацца ёю, сёння не абавязкова рэгістравацца ў якасці ІП. Гэта, дарэчы, дапамагае часткова вырашыць праблему занятасці насельніцтва. Разам з тым, для беспрацоўных дзяржавай прадугледжана выдзяленне субсідый на развіццё ўласнай справы.

 

Сяргей Іванавіч СЧАСНЫ, дырэктар філіяла сельскагаспадарчага прадпрыемства “Арэшкавічы” ААТ “МЗКТ”.

 

Сярод многіх надзённых і актуальных аспектаў жыцця нашай краіны, якія падчас “Вялікай размовы” былі агучаны Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнкам, узнімалася і праблема развіцця сельскай гаспадаркі. У прыватнасці, Аляксандр Рыгоравіч адзначыў, што ў краіне вядзецца адраджэнне сяла, у яго развіццё ўкладваюцца неабходныя сродкі.

У гэтым пераконваць нікога не трэба. Тут і льготныя, пад тры працэнты, крэдыты на набыццё ўгнаенняў, гаручазмазачных матэрыялаў і г.д., садзейнічанне ў набыцці па лізінгу сельскагаспадарчай тэхнікі. Нашай гаспадарцы, у прыватнасці, да таго ж, дадаткова выдзяляюцца фосфарныя ўдабрэнні па праграме ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

Вялікае значэнне для нашага калектыву мела рашэнне аб умацаванні сельскай гаспадаркі за кошт далучэння асобных гаспадарак да прадпрыемстваў­інвестараў. Гэту дапамогу мы пастаянна адчуваем ад нашага галаўнога прадпрыемства – Мінскага завода колавых цягачоў. Так, толькі летась з дапамогай завадчан мы пабудавалі новы кароўнік і мехмайстэрню, сянажную траншэю. А гэта – дадатковыя магчымасці росту прадукцыйнасці працы, клопат пра чалавека.

Мы таксама не з’яўляемся нахлебнікамі і з году ў год нарошчваем вытворчасць прадукцыі, два гады запар былі лепшымі ў раёне па выніках жніва. Сапраўды, беларусам не трэба прасіць у кагосьці лусту хлеба. Мы яго здабываем самі працай і ганарымся сваім дачыненнем да забеспячэння харчовай бяспекі краіны.

 

Крысціна Аляксандраўна КРУК, намеснік галоўнага ўрача Бярэзінскай ЦРБ:

 

­ “Большой разговор” з Прэзідэнтам краіны Аляксандрам Рыгоравічам Лукашэнкам быў шчырым, адкрытым дыялогам, закранаў многія злабадзённыя пытанні.

Мяне, як медыцынскага работніка, вельмі парадавала, што Прэзідэнт звярнуў увагу на дэмаграфічныя пытанні і праблемы, паказаў рэальныя шляхі іх вырашэння.

Падчас размовы было цікавае пытанне: што б Прэзідэнт хацеў пажадаць беларускім жанчынам напярэдадні 8 Сакавіка. «Пабольш дзяцей», ­ адказаў А.Р. Лукашэнка.

Прэзідэнт заявіў, што для падтрымкі шматдзетных сем’яў у бліжэйшы час будуць прыняты «беспрэцэдэнтныя меры”: пашыраць рамкі выкарыстання сямейнага капіталу ­ «на жыллё і іншыя пытанні». Сапраўды, хацелася, каб у хуткім часе нараджальнасць нарэшце перавысіла смяротнасць. У нашай ЦРБ створаны ўсе ўмовы, каб нарадзіць здаровенькіх дзетак: прафесійныя ўрачы, новае, сучаснае абсталяванне, камфортныя палаты, дружалюбныя адносіны…

Дэмаграфічную сітуацыю можна палепшыць і калі клапаціцца пра здароўе, весці здаровы лад жыцця. Бясспрэчна, прыемна, што Аляксандр Рыгоравіч падтрымлівае і спартыўныя памкненні людзей. Падчас “Большого разговора” адзін з журналістаў рэгіянальных СМІ расказаў гісторыю вясковых хлопчыкаў, якія хочуць займацца ў трэнажорнай зале, але, на жаль, няма дзе. Парадавала, што Прэзідэнт паабяцаў разабрацца.

Я таксама займаюся спортам, хаджу ў трэнажорную залу, басейн. Цудоўна, што ў Беразіно ёсць такая магчымасць. І да гэтага ж, займацца спортам заклікаю ўсіх бярэзінцаў, як кажуць, у здаровым целе здаровы дух!

 

Марыя Ільінічна ВАСІЛЬЕВА, пенсіянерка:

­ Мне хутка будзе 84 гады. Але і зараз цікава, што адбываецца ў раёне, краіне, вобласці. Большасць інфармацыі “чэрпаю” з любімай раёнкі, іншую – з тэлебачання.

Вядома ж, глядзела “Большой разговор” з Прэзідэнтам па тэлевізары. Хоць і цягнулася яна больш за 7 гадзін, але ўсё праслухала.

Цікавая інфармацыя, грунтоўныя адказы.

Радуе, што Аляксандр Рыгоравіч клапоціцца пра старэйшае пакаленне. Адно з пытанняў, што задалі Прэзідэнту, тычылася пенсій. Прэзідэнт сказаў, што пытанне пра невялікія пенсіі злабадзённае, стаіць на парадку дня. Прыемна, што Прэзідэнт клапоціцца пра краіну, думае пра кожнага з нас. Таму, калі павялічаць пенсіі – будзе цудоўна.

Шмат гаварыў Прэзідэнт пра адносіны з іншымі краінамі, эканоміку, сельскую гаспадарку, гандаль… Нават пра Еўрабачанне!

А я вельмі люблю гэты конкурс і заўсёды гляджу.

З асаблівай цікавасцю праслухала інфармацыю пра тое, што Аляксандр Рыгоравіч прызваў жанчын нараджаць, паабяцаў матэрыяльную падтрымку. Хаця я ведаю, што і зараз яна на дастойным узроўні. Я шчаслівая! У мяне ёсць любімая дачушка, дзве прыгажуні­унучкі і – праўнучак. Але так хочацца яшчэ праўнучку, ды нават дзве­тры!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *