На Бярэзіншчыне прайшоў Дзень аховы працы

Бяспечныя ўмовы працы, зніжэнне вытворчага траўматызму, захаванне здароўя людзей – усе гэтыя пытанні на прадпрыемствах, побач з вытворчымі, павінны быць у ліку першачарговых. Пра што нагадваюць падчас кожнага раённага Дня аховы працы, прыводзячы ў прыклад як станоўчыя, так і адмоўныя факты. Наглядным станоўчым прыкладам на гэты раз стаў ДЛГУ “Бярэзінскі лясгас”, на базе якога праходзіў чарговы Дзень аховы працы. Тут, сапраўды, разам з развіццём і мадэрнізацый вытворчасці не забываюць пра ўмовы працы і быту. Літаральна нядаўна ўведзены ў строй новыя гаражы, адміністрацыйна-бытавы будынак, тут знайшлося месца для сучасных бытавых пакояў і сталовай. Вядзецца мадэрнізацыя ўчастка па перапрацоўцы драўніны, дзе, зноў жа, не на апошнім месцы бяспека і ўмовы працы. Пра гэта расказалі падчас наведання аб’ектаў галоўны інжынер ДЛГУ “Бярэзінскі лясгас” М.У. Шугалей і інжынер па ахове працы Н.П. Апанасёнак.

Больш падрабязна Надзея Пятроўна Апанасёнак спынілася на захаванні патрабаванняў аховы працы ўжо на плянарным пасяджэнні. Разнапланавасць работы ў лясгасе вызначае яго структура, куды ўваходзяць 10 лясніцтваў і лесапункт, вытворчы майстарскі ўчастак “Беразіно”, паляўнічая гаспадарка і гадавальнік. Пры гэтым, 234 члены калектыву, з 522 усяго, заняты на ўчастках са шкоднымі і небяспечнымі ўмовамі працы, на лесанарыхтоўках працуюць 45 вальшчыкаў.

Для кантролю за станам аховы ў лясгасе створана аднайменнае бюро, куды ўваходзяць кіраўнік падраздзялення і два інжынеры. Ужо сталі традыцыйнымі ў рабоце пазапланавыя, побач з планавымі, праверкі па захаванні заканадаўства па ахове працы ў структурных падраздзяленнях (праведзена за дзесяць месяцаў 170 такіх праверак, складзена 125 прадпісанняў).

Па кожным пункце прадпісання вядзецца кантроль па яго выкананні.

Не пакараць, а папярэдзіць — такая мэта работы ўвогуле. Хаця і без пакаранняў не абыходзіцца. Было выдадзена 7 загадаў па прыцягненні да дысцыплінарнай адказнасці кіраўнікоў падраздзяленняў і спецыялістаў, а таксама рабочых.

Пра тое, як падобная работа вядзецца ў ААТ “Уша” і вытворчым цэху №6 ААТ “Мінск Крышталь” упраўляючай кампаніі холдынга “Мінск Крышталь Груп”, пазнаёмілі ўдзельнікаў мерапрыемства інжынеры па ахове працы гэтых арганізацый В.А. Фядотаў і Г.К. Танаў.

Віктар Аляксандравіч Фядотаў у сваёй справаздачы скіраваў увагу на захаванне дысцыпліны. Дарэчы, за парушэнне працоўнай дысцыпліны ў сельгасарганізацыі сёлета звольнена 5 чалавек, праводзяцца гутаркі. Кожную раніцу тут праходзяць інструктажы і кантроль стану работнікаў, дзеля чаго ёсць 3 алкатэстары.

Асобнымі момантамі арганізацыі работы інжынера па ахове працы падзяліўся Генадзь Кір’якавіч Танаў. Ён практычна склаў пахвілінны графік работы за дзень.

Пра тое, што робіцца па папярэджанні вытворчага траўматызму, расказаў таксама начальнік ДЭУ №6 РУП “Мінскаўтадар-Цэнтр” Д.У. Лапцёнак. Значная работа па ахове працы нярэдка перакрэсліваецца адным выпадкам. Так сёлета здарылася ў гэтай арганізацыі, таму не забываць пра ўсе пытанні, нават, калі яны здаюцца дробязнымі, нагадаў ён.

Асаблівую цікавасць і, нават, дыскусію на пасяджэнні выклікала выступленне загадчыка паліклінікі Бярэзінскай цэнтральнай раённай бальніцы Д.У. Відэргольда, які расказаў пра абавязковае правядзенне медыцынскіх аглядаў працуючых. Каб упарадкаваць праходжанне медаглядаў, у бальніцы фарміруюць графік для працоўных калектываў раёна, дзе вызначаюцца абавязковыя і рэзервовыя дні. Аднак, як заўважалі ўдзельнікі мерапрыемства, для некаторых арганізацый можа не падысці тэрмін правядзення медагляду, для іншых – колькасць дзён. Таму вырашана, спрэчныя пытанні, пры неабходнасці, будуць вырашацца ў асобным парадку.

Са станам вытворчага траўматызму, прафесійных захворванняў у арганізацыях раёна за студзень-кастрычнік гэтага года пазнаёміў галоўны інспектар Барысаўскага міжраённага аддзела Мінскага абласнога ўпраўлення Дэпатрамента дзяржаўнай інспекцыі працы С.В. Сыраквашка. Па яго словах, зарэгістраваны 3 няшчасныя выпадкі формы Н-1, па адным з іх, якое адбылося ў арганізацыі малога бізнесу за межамі нашага раёна, вядзецца спецрасследаванне. Ёсць і 5 выпадкаў формы НП — у асноўным гэта смерць на вытворчасці па стане здароўя.

Звярнуў увагу Сяргей Віктаравіч Сыраквашка на ўважлівае вывучэнне правілаў расследавання няшчасных выпадкаў, своечасовае інфармаванне аб іх, на кантроль з боку кіраўнікоў за выкананнем заўваг і прадпісанняў мабільнай групы і кантралюючых органаў.

Вынікі Адзінага дня аховы працы падвяла начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама В.В. Калячка, адначасова праінфармаваўшы аб няшчасных выпадках з цяжкімі наступствамі, якія адбыліся з работнікамі арганізацый Мінскай вобласці ў верасні сёлета. Усе гэтыя прыклады павінны стаць чужым урокам, тымі памылкамі, на якіх вучацца, каб не дапускаць сваіх.

Ала АЛЬФЕР.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *