– Ксёндз Юзаф, раскажыце, калі ласка, адкуль Вы да нас прыехалі?
– Найперш, шчыра дзякую наогул за запрашэнне на інтэрв’ю. Я працую ў горадзе Бялынічы ўжо 6 год, і ўжо больш як 1 год служу ў Бярэзінскай парафіі ў Маці Божай Міласэрнай. І пакуль яшчэ прыязджаю з Бялыніч.
– Ці плануеце пераязжаць у Беразіно цалкам?
– Арцыпіскуп Юзаф Станеўскі, наш ардынарый, хоча каб сапраўды месца маёй рэзідэнцыі было менавіта тут у Беразіно. Але паглядзім, як Бог будзе гэтым кіраваць, як складзецца далей.
– Як правільна сказаць: святар працуе ці служыць?
– Выкарыстоўваюцца абодва словы. Бо той, хто шчыра, пачціва і справядліва працуе, той і служыць.
– Раскажыце пра сябе, дзе вы нарадзіліся, дзе вучыліся?
– Нарадзіўся я на Гродзеншчыне, у Ашмянскім раёне, належу да Ашмянскай парафіі св. Міхала Архіанёла. Бацькі мае там жывуць. Вучыўся ў Гродзенскай семінарыі, заканчваў вучобу ў Шчэціне ў Польшчы, адначасова атрымоўваючы там ступень магістра ў Шчэцінскім універсітэце на багаслоўскім факультэце. Пазней вярнуўся ў Беларусь. Быў пасвячаны ў 2014 годзе ў дыяканы і ў святары. Атрымаў пасвячэнне з рук арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча. Накіраваны на працу ў Рубяжэвічы Стаўбцоўскага раёна на Міншчыне, пазней – у Вілейку, потым – у Магілёў, быў вікарным святаром. Першая мая парафія, дзе стаў пробашчам, знаходзіцца ў Бялынічах, а цяпер дадаткова яшчэ тут, у Беразіно.У міжчассе, калі пайшоў у Бялынічы працаваць, паступіў у аспірантуру ва ўніверсітэт Кардынала Сцяфана Вышынскага ў Варшаве ў Польшчы, паспяхова закончыў сёлета, у чэрвені атрымаў ступень аспірантуры з дысцыпліны “катэхетыка”. Пасля атрымаў іншае дадатковае заданне, працу ў Курыі ў Мінску, стаў дырэктарам катэхетычнага аддзела. Гэта адзел, які адказвае за катэхезу і ўсё, што з ёй звязана. Іншымі словамі, за навучанне рэлігіі. Адначасова выкладаю ў Мінскім каталіцкім тэалагічным каледжы.
– Скажыце, якія ў Вас уражанні склаліся ад Бярэзінскай парафіі?
– Пазітыўныя. Наогул, за ўсе мае 11 гадоў святарства, паўсюль, дзе я быў, мне было добра. Таксама і ў Беразіно. Паўсюль добрыя шчырыя людзі.
– Іншымі словамі, Вас заўсёды суправаджала вера і Божае блаславенне…
– Сто працэнтаў! Заўсёды перажываю, каб людзям вакол мяне добра было. Вядома, мы ўсе людзі. У кожнага бывае горшы ці лепшы дзень, у кожнага маюцца моцныя ці слабейшыя бакі свайго характару, асобы. Але я спадзяюся, што людзям я таксама дагаджаю.
– Раскажыце як будзеце сустракаць свята Нараджэння Божага? Як зазвычай гэта традыцыйна робіцца?
– У вігілію, у канун Раства, мы збіраемся, калі першая зорка на небе з’явіцца, на вігілійную вячэру. Гэта заўсёды звычай такі. Заўсёды посная вячэра. Але вячэра павінна быць цёплая, у крузе сям’і. Вось мы дзелімся аплаткамі, гэта белы хлеб, які пячэцца з чыстай пшанічнай мукі, і чыстай крынічнай вады. І гэтым аплаткам перш за ўсё за вігілійным сталом мы дзелімся адзін з другім, просячы прабачэння за ўсё, што было (калі было) дрэннае за год, і адначасова дзелімся добрымі пажаданнямі. Прымаем аплатак ад аднаго, абламваем і перадаем наступнаму. Як ужо сказана вышэй, сама вігілійная вячэра складаецца з посных страў. Зазвычай па традыцыі на стале павінна быць дванаццаць посных страў, у знак пашаны святых апосталаў, якіх таксама дванаццаць. Яшчэ маецца вельмі прыгожы звычай, акрамя колькасці запрошаных і спадзяваных гасцей, якіх мы чакаем за стол, абавязкова ставіць на стол дадаткова адну пустую талерку з прыборам. Для чаго? Часам ад некаторых людзей чуеш, маўляў, для нашых памерлых, якія пайшлі ад нас у мінаючым годзе. Але ў сапраўднасці гэта забабонне, гэта не нашы хрысціянскія погляды. Адна “лішняя” талерка з прыборам ставіцца для Хрыста, Каторы можа прыйсці ў неспадзяваным і нечаканым чалавеку. Справа ў тым, што калі мы, хрысціяне, чакаем Нараджэнне Божага Дзіцяці, то мы павінны быць гатовы Яго сустрэць. І Езус можа прыйсці нават у чалавеку, які нам непрыемны, нечаканы, якога мы не запрашалі за стол. Мы павінны быць гатовымі прыняць нечаканага чалавека. Вігілія, чаканне і выражаецца ў тым, што Хрыстос можа прыйсці ў другім чалавеку.
– Напрыканцы, якімі будуць Вашы пажаданні з нагоды свята кожнаму хрысціянскаму верніку?
– Жадаю паважаным вернікам, католікам нашага горада і раёна, а таксама ўсім жыхарам, якія будуць святкаваць Нараджэнне Божае разам з намі, у тым ліку пратэстанцкага веравызнання, а пасля Новага года і вернікам Праваслаўнай Царквы – менавіта рыхтуючыся да свята Божага Нараджэння, забыцца пра ўсё тое, што з’яўляецца мітуснёю, клопатам, звязанымі са святамі, прыгатаваннямі і памятаць найперш пра прыгатаванне духоўнае: паспавядацца, прыняць святую камунію, прычасціцца. Адначасова жадаю шмат здароўя душы і целу, благаславення ў сем’і, каб нашыя сем’і былі поўныя Богам, і дзіцятка Езус маленькай ручкай, але са шчодрасці свайго вялікага Божага Сэрца, няхай усіх благаслаўляе. Са Святам!
Аляксандр БЫЧКОЎСКІ.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.