Так, у спартыўнай зале фізкультурна-аздараўленчага цэнтра «Лазурный» горада Беразіно прайшло спартыўнае свята «Моцныя, смелыя, спрытныя!». Каманды юных ратавальнікаў-пажарных з трох школ горада Беразіно сабраліся для таго, каб нясумна правесці час і паспаборнічаць. Найперш дзецям расказалі аб дзейнасці Беларускай маладзёжнай грамадскай арганізацыі ратавальнікаў-пажарных. Затым дзятва змагла паказаць свой спрыт і сілу падчас спартыўных эстафет, праявіць кемлівасць у інтэлектуальных конкурсах. Дзеці адказвалі на пытанні віктарыны, вызначалі правільнасць паводзін пры розных надзвычайных сітуацыях, складвалі з літар слова, адгадваючы загадкі. Падчас рухомых эстафет яны «тушылі» ўмоўны пажар, выбіраліся з «балота», калектыўна эвакуіраваліся і называлі знакі эвакуацыі.
Па выніках спаборніцтваў лепшай стала каманда «Агенты 101», срэбра – у каманды «Пажарныя», ганаровае трэцяе месца занялі юныя ратавальнікі з каманды «Экстрэмалы». Каманды атрымалі дыпломы, салодкія падарункі і навучальныя кнігі «Спецатрад 112».
Першы намеснік начальніка Бярэзінскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Дзмітрый Анцыпаў расказвае:
«Работнікі службы ратавання на пастаяннай аснове праводзяць мерапрыемствы з дзецьмі, імкнучыся ўжываць пры гэтым рознастайныя формы работы. Так, гуляючы, дзеці ўспрымаюць карысную інфармацыю больш эфектыўна. Думаецца, што не лішнімі для дзяцей сталі і рухомыя конкурсы. Звяртаюся да бацькоў: не пакідайце без нагляду маленькіх дзяцей, пастаянна вучыце іх мерам асабістай бяспекі, будзьце для дзіцяці прыкладам адказных і бяспечных паводзінаў».