Яўгеній Осіпаў адзначаны Міжнароднай прэміяй

Date 12.12.2025 Man
Comment 496
Яўгеній Осіпаў адзначаны Міжнароднай прэміяй

Народны майстар Рэспублікі Беларусь Яўгеній Осіпаў, член народнага калектыву майстроў народнай творчасці Бярэзінскага раённага цэнтра рамёстваў, стаў лаўрэатам Міжнароднай прэміі “Філантроп” у намінацыі “Скульптура”.

Цырымонія ўзнагароджвання адбылася 2 снежня ў Маскве ў Зале пазнання Дабра і Зла “Яблоко” Зураба Цэрэтэлі (Расійская акадэмія мастацтваў). Тут Яўгенію Паўлавічу былі ўручаны дыплом і падарункі. 

Міжнародная прэмія “Філантроп” зарэгістравана яшчэ ў 1990-м годзе. Узнагароджванне адбываецца раз у два гады. За ўвесь час існавання прэміі, у ёй прынялі ўдзел шмат тысяч людзей з 36 краін свету.

На ўрачыстай цырымоніі прагучалі вітальныя словы Презідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнка і Прэзідэнта Расійскай Федэрацыі Уладзіміра Пуціна.

Сёння гэты маштабны праект дапамагае раскрыцца многім дараванням і стаў важным інструментам падтрымкі талентаў. У Беларусі пошукам і прадстаўленнем прэтэндэнтаў на атрыманне прэміі займаецца грамадскае аб’яднанне “Беларускае таварыства інвалідаў”.

Мастацтва не мае бар’ераў і яднае людзей, менавіта такі пасыл прагучаў у час мерапрыемства.

– Я сам паляўнічы і гэтая акалічнасць увасабляецца ў маіх драўляных скульптурах, – патлумачыў Яўген Паўлавіч, дэманструючы свае вырабы на ўрачыстасці. – Тут і дзік, і паляўнічы. Яшчэ я і грыбнік, таму вось у адпаведнай рабоце маецца казачны матыў – бацька з сынам рэжуць вялікі цуда-грыб. Тут на мерапрыемстве прысутнічаюць вельмі моцныя майстры, работы якіх могуць здзівіць нават разьбяроў са стажам і вопытам, у іх часам варта павучыцца.

Таленавіты чалавек таленавіты ва ўсім, гэта вядомая ісціна знаходзіць пацвярджэнне ў кожнай новай рабоце ў выкананні нашага Народнага майстра. Дарэчы, за плячыма ў Яўгенія Осіпава 38 гадоў педагагічнага стажу, ён выкладаў фізіку, матэматыку, інфарматыку. Працаваў у Ляжынскай, а потым Лагаўской школах. Быў 10 гадоў завучам і пасля 10 гадоў дырэктарам установы адукацыі. Пэўны час вёў і фотагурток. Творчасці і таленту гэтаму чалавеку заўсёды было не займаць. І вось калі заняўся разьбой па дрэве, спачатку лічыў, што гэта захапленне. Аднак захапленне неўпрыкмет стала жыццём.

За чвэрць веку ў Яўгенія Осіпава сабраўся вялікі стос дыпломаў, грамат і падзяк за ўдзел у разнастайных фестывалях і конкурсах. Усе яны сведчанне яго творчых пошукаў і перамог. Дыплом лаўрэата вядомай Міжнароднай прэміі з’яўляецца яскравым пацвярджэннем і прызнаннем яго таленту на міжнародным узроўні.

Першыя работы ў выглядзе драўляных крэслаў, аздобленых мастацкай разьбой, выстаўляліся на лакацыях установы культуры на гарадскіх святах яшчэ ў 2000-х, а потым «паехалі» на падарунак у Маскву. А вось захапленне драўлянымі лыжкамі заняло цэлы культурна-мастацкі накірунак у яго творчым жыцці. І сёння большасць экспанатаў адзінага ў краіне музея-пакоя драўлянай лыжкі ў Бярэзінскім раённым цэнтры рамёстваў маюць аўтарства Яўгенія Паўлавіча. Ну а пра самую вялікую драўляную “Лыжку-цмока”, якая ўпрыгожвае цэнтр рамёстваў, ведаюць бадай усе жыхары раёна.

Герой матэрыяла выказвае шчырую падзяку старшыні Бярэзінскай раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускае таварыства інвалідаў” Васілію Шалупенка, дырэктару Бярэзінскага ТЦСАН Алене Жолудзевай і ўсім, хто прыняў удзел у падрыхтоўцы да паездкі на мерапрыемства.

Віншуем нашага Народнага майстра мастацкай разьбы па дрэве, лаўрэата і проста чулага, шчырага, добрасардэчнага чалавека з гэтай значнай падзеяй і жадаем далейшых плённых творчых пошукаў і здабыткаў, каб рука была заўжды цвёрдай і разец у ёй не губляў вастрыні!

 

 

Аляксандр БЫЧКОЎСКІ.
Фота прадастаўлена героем матэрыялу.

Крыніца:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER

Дадаць каментарый


Ахоўны код
Абнавіць

« Красавік 2026 »
Панядзелак Аўторак Cерада Чацвер Пятніца Субота Нядзеля
    1 2 3 4 5
6 7 8 9 10 11 12
13 14 15 16 17 18 19
20 21 22 23 24 25 26
27 28 29 30